Прэферэнцыі з’явяцца ў адносінах да цяжарных, непаўналетніх, шматдзетных, інвалідаў і пенсіянераў. На пасяджэнні чарговай сесіі Савета Рэспублікі сенатары адобрылі асноўныя новаўвядзенні, якія датычацца Закона «Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь».
— Унясенне змяненняў і дапаўненняў у заканадаўства аб адвакатуры абумоўлена неабходнасцю ўдасканалення норм з улікам практыкі яго выкарыстання, удасканалення арганізацыі дзейнасці адвакацкай супольнасці. Бачыцца апраўданым, каб кошт юрыдычнай дапамогі адваката залежаў ад складанасці справы, аб’ёму выкананых дзеянняў, а таксама якасці аказанай юрыдычнай дапамогі. У сувязі з гэтым прапануецца артыкул 4 Закона «Аб адвакатуры» дапоўніць прынцыпам адпаведнасці аплаты юрыдычнай дапамогі яе аб’ёмах, складанасці і якасці, — патлумачыў у гутарцы з журналістамі міністр юстыцыі Алег СЛІЖЭЎСКІ.
Але гэта далёка не ўсе навацыі, якія хутка з’явяцца. У прыватнасці, прэтэндаваць на статус адваката змогуць і юрысты без адпаведнага вопыту работы. Так, напрыклад, зараз атрымаць ліцэнзію на адвакацкую дзейнасць могуць толькі кандыдаты са стажам у юрыдычнай сферы не менш за тры гады. Прапануецца скасаваць гэтае абмежаванне, паколькі перспектыўныя выпускнікі юрыдычных спецыяльнасцей пасля трох год працы не заўсёды праяўляюць жаданне атрымліваць адвакацкую ліцэнзію.
— У мэтах прыцягнення ў адвакатуру перспектыўных выпускнікоў юрыдычных факультэтаў выключаецца патрабаванне да суіскальнікаў адвакацкай ліцэнзіі аб наяўнасці трохгадовага стажу работы па спецыяльнасці. Яны будуць праходзіць стажыроўку тэрмінам ад шасці месяцаў да года, — патлумачыў калегам-сенатарам старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргей СІВЕЦ. — Гэта дазволіць на сістэмнай аснове забяспечыць кадравае абнаўленне складу адвакацкага корпуса.
Цікава і тое, што для прыцягнення ў адвакатуру вопытных юрыстаў-практыкаў ўводзіцца спрошчаны парадак здачы кваліфікацыйнага экзамену для былых суддзяў, пракурораў і іншых работнікаў праваахоўных органаў. Яны будуць здаваць толькі вусны экзамен без тэставання ў пісьмовай форме. Аднак жа асабістае даручальніцтва за кандыдата, напрыклад, старшыні суда — абавязковы элемент гэтага механізма, што гарантуе персанальны падыход у адборы кадраў і пацверджанне прытрымлівання прынцыпаў прафесійнай этыкі.
Між іншым, апошні пастулат мае дастаткова важнае значэнне.
- Адвакатура — гэта ў першую чаргу сацыяльны інстытут дзяржавы, які забяспечвае рэалізацыю канстытуцыйнага права грамадзян на кваліфікаваную юрыдычную дапамогу. Аказанне адвакатамі на прафесійнай аснове розных відаў юрыдычнай дапамогі грамадзянам і іншым суб’ектам, у тым ліку на бязвыплатнай аснове, мае асаблівае значэнне для эфектыўнай абароны іх правоў і законных інтарэсаў, — падкрэсліў старшыня профільнай камісіі. — У той жа час падзеі апошняга часу паказалі, што асобныя адвакаты выкарыстоўвалі дадзены прававы інстытут выключна ў дэструктыўных мэтах, у тым ліку для задавальнення сваіх уласных палітычных амбіцый і самапіяру з парушэннем нормаў і палажэнняў карпаратыўнай этыкі і нанясеннем істотнай шкоды заслужанай дзелавой рэпутацыі як рэспубліканскай, так і абласным калегіям адвакатаў.
Таму, каб забяспечыць эфектыўны кантроль дзяржавы за дзейнасцю адвакатаў, якасцю і правамернасцю аказаных імі юрыдычных паслуг, устанаўліваецца адзіная форма арганізацыі іх дзейнасці — юрыдычныя кансультацыі.
Таксама міністэрства юстыцыі атрымлівае права ажыццяўляць кантроль за выкананнем адвакатамі заканадаўства аб адвакатуры і ліцэнзаванні і правілаў прафесійнай этыкі адвакатаў, а таксама ўплываць на фарміраванне органаў адвакацкага самакіравання.
Адной з навацый закона з’яўляецца забеспячэння даступнай кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі для найбольш уразлівых катэгорый грамадзян. У прыватнасці, пашыраецца кола асоб, якім юрыдычная дапамога будзе аказвацца за кошт сродкаў калегій адвакатаў (гэта асобныя катэгорыі пенсіянераў і інвалідаў, непаўналетнія, цяжарныя жанчыны, шматдзетныя бацькі).
— Такім чынам, пералічаныя навацыі дазволяць узмацніць ролю дзяржавы ў забеспячэнні дзейнасці адвакатуры і пры гэтым стварыць належныя ўмовы па аказанні якаснай і даступнай юрыдычнай дапамогі насельніцтву і суб’ектам гаспадарання, — падкрэсліў Сяргей Сівец.
З яго довадамі калегі-сенатары пагадзіліся і ўхвалілі законапраект.
Наша даведка
Па стане на 1 мая 2021 года ў складзе тэрытарыяльных калегій адвакацкую дзейнасць ажыццяўляюць 2 007 адвакатаў. Сярод іх у складзе 161 юрыдычнай кансультацыі — 1 248 адвакатаў; у складзе 97 адвакацкіх бюро — 366 адвакатаў; індывідуальна — 393 адваката.
Вольга АНУФРЫЕВА
Фота БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/volga-anufryeva
[2] https://zviazda.by/be/parlament
[3] https://zviazda.by/be/tags/advakaty
[4] https://zviazda.by/be/tags/advakackaya-dzeynasc
[5] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-yustycyi-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/aleg-slizheuski