Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч падрабязна распавёў журналістам пра механізмы рэалізацыі дэкрэта Прэзідэнта «Аб абароне суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу» і прычыны прыняцця гэтага дакумента, перадае [1] БелТА.
Як падкрэсліў кіраўнік Савета бяспекі, дэкрэт Прэзідэнта выдадзены ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Беларусі. «Ён накіраваны на забеспячэнне нацыянальнай бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці нашай краіны, спакою і міру грамадзян, абароны іх жыцця і здароўя ва ўмовах глабальных выклікаў і пагроз. Сёння мы назіраем у свеце нестабільнасць, квітнее палітыка падвойных стандартаў, спробы перапісаць гісторыю — тую гісторыю, якую у Беларусі ніколі не забудуць», — адзначыў Аляксандр Вальфовіч.
У такіх умовах Беларусь не можа не рэагаваць на тое, што адбываецца, упэўнены ён. І прыняцце дэкрэта кіраўніка дзяржавы — адна з такіх неабходных мер.
Як растлумачыў дзяржсакратар, дэкрэт прадугледжвае, што ў выпадку гібелі кіраўніка дзяржавы з прычыны замаху, здзяйснення акта тэрарызму, знешняй агрэсіі, іншых гвалтоўных дзеянняў усе дзяржаўныя органы і службовыя асобы будуць дзейнічаць у адпаведнасці з рашэннямі Савета бяспекі. «Як і загадана Канстытуцыяй, старшынстваваць будзе прэм’ер-міністр», — звярнуў увагу Аляксандр Вальфовіч.
У адпаведнасці з дэкрэтам у такіх выпадках неадкладна ўводзіцца рэжым надзвычайнага або ваеннага становішча зыходзячы з аналізу абстаноўкі, а Савет бяспекі вызначае пералік мер па яго забеспячэнню. У прыватнасці, уводзіцца абмежаванне на свабоду перамяшчэння, забарона масавых мерапрыемстваў і забастовак, устанаўліваецца каменданцкая гадзіна, забяспечваецца бяспека асоб і аб’ектаў.
Рашэнні Савета бяспекі абавязковыя для ўсіх і падлягаюць неадкладнаму выкананню, падкрэсліў дзяржсакратар. У выпадку невыканання кіраўнікі органаў і арганізацый вызваляюцца ад пасады.
Прадугледжаны дэкрэтам механізм вызначае парадак рэалізацыі канстытуцыйных нормаў, надзяляе Савет бяспекі як калегіяльны орган неабходнымі паўнамоцтвамі для арганізацыі эфектыўнага кіравання краінай і забеспячэння абароны беларускай дзяржавы. Такі механізм будзе задзейнічаны ў выключных надзвычайных абставінах, падкрэсліў Аляксандр Вальфовіч.
Ён таксама звярнуў увагу, што дэкрэт невыпадкова падпісаны ў дзень Вялікай Перамогі. «Гэта сімвалічнае і своечасовае рашэнне кіраўніка дзяржавы. Тым самым яшчэ раз дэманструецца яго адказнасць перад цяперашнім і будучымі пакаленнямі за захаванне тэрытарыяльнай цэласнасці, забеспячэнне міру і спакою, — сказаў дзяржсакратар. — Нашы ветэраны могуць быць упэўненыя: Перамога, якую яны заваявалі, у нашай краіне будзе надзейна абаронена, мы яе нікому не аддадзім».
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/society/view/volfovich-rasskazal-o-mehanizmah-realizatsii-dekreta-o-zaschite-suvereniteta-i-konstitutsionnogo-stroja-440728-2021/
[2] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-valfovich
[3] https://zviazda.by/be/tags/dekret
[4] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[5] https://zviazda.by/be/tags/prezident