Авіякампанія «Белавія» з сённяшняга дня пачала выконваць рэйсы па маршруце Мінск — Самара — Мінск, паведамілі [1] ў прэс-службе кампаніі.
На дадзены момант горад стаў дзявятым рэгулярным кірункам у Расію. Палёты будуць выконвацца па серадах з вылетам з Мінска ў 00:15 і прыбыццём у Міжнародны аэрапорт Курумоч ў 3:25. Зваротныя рэйсы ў сталіцу Беларусі будуць ажыццяўляцца ў той жа дзень у 4:25 з прылётам ў Нацыянальны аэрапорт Мінск у 5:55. Час для ўсіх аэрапортаў названы мясцовы.
Мінімальны кошт квіткоў па тарыфе Light складае 84 еўра ў адзін бок і 163 еўра туды-назад.
Палёты плануюцца на паветраным судне Embraer 175 пасажыраўмяшчальнасці 76 месцаў: 12 бізнес-класа і 64 эканом-класа. Час у шляху складзе крыху больш за дзве гадзіны.
«Можна сказаць, што пасля цяжкага для ўсіх 2020 года авіяцыя паволі выходзіць са спячкі. У мінулым годзе ў нашых пасажыраў з’явілася магчымасць лятаць у Вену і Ташкент, у лютым 2021 года — у Дубай. У нас вялікія планы па развіцці маршрутнай сеткі на 2021 год . Самара стала другім напрамкам пасля Екацярынбурга, які мы адкрылі гэтай вясной. Гэта горад з займальнай гісторыяй, звязанай з авіяцыяй: там выраблялі пасажырскія самалёты Ту-154, якія доўгі час эксплуатавала „Белавія“. Мы разлічваем, што адкрыццё рэйсаў у Самару будзе спрыяць прыцягненню ў Мінск транзітных пасажыраў», — пракаментаваў генеральны дырэктар беларускай авіякампаніі Ігар Чаргінец.
«Авіязносіны паміж Мінскам і Самарай вельмі важныя для нас з улікам эканамічных і культурных сувязяў як на федэральным, так і на рэгіянальным узроўні. Самарская вобласць — цудоўнае месца для турызму, асабліва летам. Упэўнены, што падарожжа па Волзе не пакіне абыякавымі нават самых вопытных падарожнікаў і дадзены кірунак у нашай маршрутнай сетцы надасць дадатковы імпульс развіццю турызму ў рэгіёне», — адзначыў выканаўчы дырэктар Міжнароднага аэрапорта Курумоч Міхаіл Берман.
Прэв’ю: Белавія
Спасылкі
[1] https://belavia.by/novosti/4604890/
[2] https://zviazda.by/be/tags/belaviya
[3] https://zviazda.by/be/tags/samara
[4] https://zviazda.by/be/tags/rasiya
[5] https://zviazda.by/be/tags/tgar-charginec