12 мая, у Міжнародны Дзень медыцынскай сястры, вызначаны лаўрэаты прэстыжнай медалі імя Флорэнс Найтынгейл, перадае [1] тэлеграм-канал Беларускага Чырвонага Крыжа.
Усяго ўзнагароджана 25 медыцынскіх сясцёр з усяго свету, і ў гэтым спісе — дзве медыцынскія сёстры з Беларусі. За ўклад у развіццё медыка-сацыяльнай службы «Дапамога» Беларускага Чырвонага Крыжа медалём узнагароджана галоўная медыцынская сястра службы Людміла Бузель.
За развіццё інавацыйных методык медыка-сацыяльнага догляду ўзнагароджана медыцынская сястра Лідскай дарожнай арганізацыі Беларускай чыгункі Беларускага Чырвонага Крыжа Эльвіра Шабанава.
Медаль імя Флорэнс Найтынгейл — ўзнагарода Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа, якая прысуджаецца медыцынскім сёстрам і братам за выключную адданасць сваёй справе і адвагу пры аказанні дапамогі параненым і хворым, як у ваенны, так і ў мірны час.
Заснавана ў 1912 году Міжнародным Камітэтам Чырвонага Крыжа ў гонар Флорэнс Найтынгейл. Намінацыя кандыдатаў адбываецца раз у два гады.
Спасылкі
[1] https://t.me/redcrossby
[2] https://zviazda.by/be/tags/belaruski-chyrvony-kryzh
[3] https://zviazda.by/be/tags/medal-imya-florens-naytyngeyl
[4] https://zviazda.by/be/tags/uznagaroda