Падчас урока матэматыкі настаўнік выстаўляе ў журнал адзнакі за кантрольную работу. Вучні па чарзе агучваюць свае балы. І тут адна з вучаніц (Іра) разумее, што яе суседка па парце (Маша) назвала настаўніку не тую адзнаку: «сем» балаў замест «пяці». «У цябе ж «пяцёрка»!» — штурхае Іра Машу. Тая імгненна рэагуе: «Не твая справа». Настаўнік працягвае па чарзе апытваць вучняў і заносіць адзнакі ў журнал. Іра сядзіць як на іголках. Што рабіць: сказаць настаўніку праўду ці прамаўчаць? Увесь клас ужо прыступіў да выканання работы над памылкамі. Калі хтосьці паднімае руку, да яго падыходзіць настаўнік і дапамагае. Іра таксама падняла руку. Настаўнік бачыць, што дзяўчынка чымсьці заклапочана, пытаецца: «Чым я магу табе дапамагчы?» «Яна вас падманула,» — кажа вучаніца. І як у гэтай сітуацыі павінен павесці сябе настаўнік?
Забег на доўгую дыстанцыю
Такую «задачку» падчас кейс-марафону найлепшых педагагічных рашэнняў прапанавалі навучэнцы Грэскай сярэдняй школы. Запрашаць для ўдзелу ў дэкадзе студэнцкай навукі ў БДПУ вучняў педкласаў стала ўжо добрай традыцыяй. Кожны раз Цэнтр развіцця педагагічнай адукацыі ўніверсітэта прыдумвае для іх новы цікавы фармат. У папярэднія гады былі фарсайт-дыскусія і навуковы стэндап, а сёлета будучым педагогам прапанавалі аб'яднаць навуку і практыку.
Педагагічны кейс — гэта апісанне канкрэтнай сітуацыі ці выпадку з педагагічнай практыкі, што ўтрымлівае нейкую праблему ці супярэчнасць і абапіраецца на рэальныя факты. Вырашыць кейс — значыць прааналізаваць прапанаваную сітуацыю і знайсці аптымальнае рашэнне. Чаму марафон? Таму што гэта быў «забег на доўгую дыстанцыю»: на першым этапе кейс распрацоўваўся камандай на базе школы. Затым у БДПУ адбываліся экспертыза і адбор найлепшых кейсаў. Далей адабраныя экспертамі педагагічныя сітуацыі праходзілі этап афармлення. А ў фінале камандам трэба было прэзентаваць свой кейс і знайсці рашэнне для кейса, прапанаванага іншымі канкурсантамі.
— Усяго для ўдзелу ў марафоне «Найлепшае педагагічнае рашэнне» было даслана больш як 70 кейсаў ад навучэнцаў педагагічных класаў школ з Беларусі і Расіі, — паведаміла прарэктар па навуковай рабоце БДПУ, доктар педагагічных навук, прафесар Ганна ТОРХАВА. — Гэта была вельмі складаная задача — адабраць з іх толькі 10 найлепшых. Некаторыя ідэі атрымалі аднолькавую колькасць балаў, таму нашы эксперты рэкамендавалі для ўдзелу ў фінале 12 кейсаў, у тым ліку і ад каманды з Яраслаўля.
Па словах удзельнікаў марафону (і навучэнцаў, і педагогаў), ідэя кейсаў адразу выклікала жывую цікавасць у навучальных установах, «зачапіла» кожнага, таму што рашэнне прафесійных задач — гэта не толькі займальна, але і максімальна карысна для развіцця педагагічных кампетэнцый. Уся педагагічная дзейнасць, па сутнасці, складаецца з кейсаў у самых розных каардынатах узаемадзеяння: «педагог—педагог», «педагог—навучэнцы», «педагог—педагагічны калектыў», «педагог—бацькі навучэнцаў», «педагог—адміністрацыя ўстановы адукацыі», «навучэнец—навучэнец ці група навучэнцаў» і гэтак далей.
У фінале на прэзентацыю кейса адводзілася не больш як пяць хвілін. У форме падачы ніхто не быў абмежаваны: гэта маглі быць слайды, інсцэніроўка, комікс, відэаролік, анімацыя, эсэ, антрэпрыза... На абмеркаванне давалі тры хвіліны, столькі ж — на прадстаўленне рашэння камандай, якой гэты кейс дастаўся метадам лёсавання. Аўтары маглі дзяліцца сваім «рэцэптам» вырашэння праблемы на працягу чатырох хвілін.
Бацькоўскія амбіцыі
Адным з пераможцаў кейс-марафону стала каманда дзяўчат з віцебскай сярэдняй школы № 4, якія прадставілі кейс «Пакарэнне вяршыні лідарства». У цэнтры ўвагі — дзве аднакласніцы, якія дзеляць паміж сабой лідарства і ў класе, і ў школе. Але, магчыма, лідарская пазіцыя важная не толькі для іх?
Насця вельмі актыўная, у свабодны ад вучобы час займаецца баскетболам. Лёгка паддаецца на ўгаворы дарослых людзей, мае мяккі характар. Дзяўчынка не заўсёды хоча быць ва ўсім першай, асабліва не хоча ўдзельнічаць у такіх мерапрыемствах, якія ёй зусім не даспадобы. Святлана, яе маці, працуе бухгалтарам. Увесь свабодны час прысвячае сваёй дачцэ. Вельмі часта прымае рашэнні за яе, нават не лічыць патрэбным параіцца. Света — лідар ва ўсіх сферах жыцця і выхоўвае такую ж дачку, як яна сама.
Таня любіць кантактаваць з равеснікамі, добра вучыцца. Яна вельмі спагадлівая, нікому не адмовіць у дапамозе. У дзяўчынкі таксама мяккі характар і яна знаходзіцца пад моцным уплывам сваёй маці. Яўгенія — мама Тані — нідзе не працуе і сваё жыццё цалкам прысвячае любімай дачцэ. У дзяцінстве яна не змагла рэалізаваць свой патэнцыял цалкам і цяпер хоча, каб яе дачка зрабіла гэта за яе. Адносіны паміж маці і дачкой дастаткова складаныя.
Дзяўчынкі паміж сабой не сябруюць. А вось і падстава для новага канфлікту. У школе праходзіць конкурс эсэ. Два лідара ў класе заяўляюць, што будуць у ім удзельнічаць. Кожная з маці настойвае на тым, каб эсэ менавіта яе дачкі трапіла на агульнашкольны этап. Класны кіраўнік кажа, што будзе адабрана толькі адна работа. Ён цудоўна разумее, як жа цяжка будзе тое зрабіць, бо пры любым рашэнні хтосьці пакрыўдзіцца. Дзяўчынкі канфліктуюць, а іх мамы пастаянна тэлефануюць настаўніцы, ціснуць на яе, кажуць, што перамагчы і выйсці на школьны ўзровень павінна эсэ менавіта яе дачкі. Як настаўніцы вырашыць складаны канфлікт у класе? Дарэчы, сваё рашэнне дадзенай сітуацыі дзяўчаты з віцебскай школы № 4 прадставілі ў форме рэпа.
Даносчыца ў класе
Яшчэ адзін з пераможцаў марафону педагагічных рашэнняў — каманда сярэдняй школы № 2 з Глыбокага — прэзентавала кейс пад назвай «Паляўнічыя на справядлівасць». Сітуацыя добра ўсім знаёмая. Падчас кантрольнай работы па матэматыцы аднакласнікі спрабуюць спісаць адзін у аднаго, абменьваюцца шпаргалкамі. Але знаходзіцца дзяўчынка, якая вырашае «адкрыць вочы» настаўніку на тое, што адбываецца ў класе: «Яны спісваюць!» Далей у яе адрас з боку аднакласнікаў ляцяць крыўдныя словы: «Здрадніца!», «Шасцёрка!». У яе — істэрыка. Яна спрабуе перацягнуць на свой бок як мага большую колькасць дарослых. А пытанне ад навучэнцаў педкласаў было сфармулявана наступным чынам: «Як прафесійна абгрунтавана трэба паступіць настаўніку і класнаму кіраўніку, каб рознагалоссі на ўроку не перараслі ў канфліктную сітуацыю?»
Аўтарскае рашэнне гэтага кейса ўсе сустрэлі апладысментамі. Навучэнцы з Глыбокага накідалі педагогам шмат падказак і лайфхакаў: параілі ім выслухаць пазіцыю ўсіх бакоў, выкарыстоўваючы прыём «Пастаў сябе на месца іншага», сабраць прапановы па ўрэгуляванні сітуацыі і правесці «мазгавы штурм», выбраць з агульнага спіса рашэнне, якое задаволіць усіх, выкарыстоўваць на ўроку рознаўзроўневыя заданні і некалькі варыянтаў, каб не ствараць умовы для спісвання, правесці цыкл заняткаў «Канфлікт і шляхі яго вырашэння», педагагічны эксперымент «Спісваць ці рашаць?», напісаць пасланне класу «Разгонім хмары ў нашым садзе», запячатаць яго і прачытаць у канцы года, пагуляць у гульню з прыёмам «Скажы камплімент аднакласніку» і іншыя.
«ПРОФіль+» — у госці да вас!
Падчас марафону ў кожнай каманды была магчымасць зарабіць дадатковыя «марафонскія бонусы», заявіўшы сваё арыгінальнае рашэнне кейса і давёўшы, чым яно лепшае за прапанаваныя раней. Хуткасць у марафоне, як вядома, мае значэнне, таму камандам важна было імгненна «ўхапіць» сутнасць і дэталі кейса, абмеркаваць і падаць заяўку ў «марафонскі бонусны камітэт», каб апярэдзіць канкурэнтаў.
У якасці экспертаў, якія ацэньвалі прэзентацыю і рашэнне кейсаў, выступілі не толькі вопытныя педагогі. У журы была запрошана таксама студэнтка 4 курса Інстытута псіхалогіі БДПУ, удзельніца студэнцкага клуба выпускнікоў педагагічных класаў «ПРОФіль+» Юлія Коваль.
Эксперты адзначылі велізарны аб'ём праведзенай работы, энтузіязм і любоў да будучай прафесіі, а таксама тую акалічнасць, што распрацоўка кейсаў і іх рашэнняў канкрэтна «прапампоўваюць» уменні і навыкі будучых спецыялістаў адразу па некалькіх кірунках. А яшчэ шчыра прызналіся — яны парадаваліся таму, што не ім даводзілася шукаць рашэнні са складаных педагагічных сітуацый.
Старшыня журы, начальнік Цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі БДПУ, доктар педагагічных навук Аляксандра ПАЗНЯК адзначыла, што для педагагічнай падрыхтоўкі такія «жывыя» кейсы маюць велізарную метадычную каштоўнасць.
— Хлопцы і дзяўчаты, вы выдатна ўліліся ў нашу каманду, — канстатавала яна, звяртаючыся да ўдзельнікаў кейс-марафону. — Навучэнцы педагагічных класаў заўсёды здзіўлялі нас сваім патэнцыялам, крэатыўнымі здольнасцямі, эмацыянальным інтэлектам і розумам. А сёлета мы пазнаёміліся з новымі школамі, педкласамі і іх педагогамі. Вы прынеслі вялікую карысць. Мы атрымалі шмат выдатных кейсаў: з імі будуць працаваць студэнты педагагічных спецыяльнасцяў, бо без пагружэння ў рэальнасць немагчыма падрыхтаваць добрага педагога. Прыдумаць такія кейсы, што вы прапанавалі, немагчыма: я ўпэўнена, што гэта рэальныя жыццёвыя сітуацыі, якія былі вамі пражытыя або недзе падгледжаны. Таму мы плануем выдаць зборнік кейсаў з указаннем іх аўтараў і ўстаноў адукацыі. А калі вы станеце нашымі студэнтамі, то самі будзеце па гэтым дапаможніку вучыцца...
Дарэчы, сёння кожны пяты студэнт БДПУ — выпускнік педкласаў. У кастрычніку мінулага года яны стварылі студэнцкі клуб выпускнікоў педагагічных класаў «ПРОФіль+». За час існавання клуба яго ўдзельнікам удалося рэалізаваць шмат паспяховых ініцыятыў, праектаў, аказаць рэальную дапамогу і падтрымку цяперашнім навучэнцам педагагічных класаў у іх прафесійным самавызначэнні.
Удзельнікі клуба распрацавалі формы зваротнай сувязі, іх можна знайсці на сайце «Педагагічныя класы». Любы школьнік, які ўжо навучаецца ў педагагічным класе або рыхтуецца да паступлення, можа адрасаваць сваё пытанне і атрымаць на яго адказ ад старэйшых сяброў. «Запрашайце, і мы абавязкова прыедзем да вас у госці, — паабяцала Юлія Коваль. — А «ПРОФіль+» вельмі чакае матываваных студэнтаў».
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/bdpu
[5] https://zviazda.by/be/tags/keys-marafon
[6] https://zviazda.by/be/tags/centr-razviccya-pedagagichnay-adukacyi-bdpu
[7] https://zviazda.by/be/tags/pedagagichnyya-klasy
[8] https://zviazda.by/be/tags/dekada-studenckay-navuki
[9] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandra-paznyak
[10] https://zviazda.by/be/tags/ganna-torhava