Што юнакі і дзяўчаты могуць прапанаваць для развіцця свайго горада? Ці можа кожны з іх зрабіць свет лепшым? Усё гэта рэальна, асабліва калі ў справу ўступае грамадская арганізацыя. Маладзёжны парламент Маладзечна аб'ядноўвае самых актыўных і мэтанакіраваных лідараў з розных школ. Узаемаадносіны пакаленняў, развіццё творчых якасцяў, валанцёрскі рух, арганізацыя свабоднага часу — усе гэтыя пытанні ўзнімаюць падлеткі.
Члены Маладзёжнага парламента распрацоўваюць і рэалізоўваюць праекты, скіраваныя на захаванне агульначалавечых, культурных, дзяржаўных каштоўнасцяў. І хто, як не старэйшае пакаленне, данясе да юнакоў і дзяўчат важнасць дабра, міру, справядлівасці, вернасці, любові да роднага краю. Такіх настаўнікаў маладыя людзі знайшлі ў Савеце ветэранаў пасля сумеснай акцыі па зборы кармоў для чатырохногіх сяброў. Старшыня савета Таццяна Шафаловіч сустрэлася з юнымі парламентарыямі, каб уручыць ім падзяку за захаванне пераемнасці пакаленняў і абмеркаваць перспектывы далейшага супрацоўніцтва. Яны дамовіліся аб арганізацыі сустрэч моладзі і ветэранаў пад агульным дэвізам «Нам ёсць чым ганарыцца!». Прадстаўнікі старэйшага пакалення дзеляцца сваім неацэнным вопытам, а падлеткі, у сваю чаргу, дапамагаюць бабулям і дзядулям асвоіць камп'ютар і інтэрнэт.
Сёння талерантнае стаўленне да людзей з абмежаванымі магчымасцямі становіцца нормай. Кожны чалавек, нягледзячы на пэўныя асаблівасці, з'яўляецца ўнікальнай асобай са сваімі думкамі, пачуццямі, інтарэсамі і правамі. Пытанне стварэння інклюзіўнага грамадства знайшло адлюстраванне ў некалькіх ініцыятывах Маладзёжнага парламента. На разгляд раённага Савета дэпутатаў юныя парламентарыі хочуць вынесці прапановы абсталяваць пешаходныя пераходы адмысловым пакрыццём для невідушчых і ўвесці ў праграму мясцовага канала навін вядучых-сурдаперакладчыкаў.
— Гэтым мы забяспечым атрыманне грамадскай інфармацыі людзям з інваліднасцю па слыху, — тлумачыць член Маладзёжнага парламента Паліна Шынкевіч.
Беларусы заўсёды вызначаліся гасціннасцю і добрасардэчнасцю. А якая прыгожая ў нас мова! Яна ліецца, нібы мелодыя, якую хочацца слухаць як мага даўжэй. Юныя парламентарыі распрацавалі некалькі тэматычных праектаў. Да Міжнароднага дня роднай мовы юнакі і дзяўчаты запусцілі чэлендж «Паразмаўляем». Кароткія відэаролікі знаёмяць моладзь са значэннем некаторых беларускіх слоў. Таксама юныя парламентарыі плануюць запісаць свае любімыя радкі, каб радаваць імі пасажыраў гарадскога транспарту. Толькі ўявіце, вы едзеце раніцай у аўтобусе, а з дынаміка гучыць: «Цвітуць азёрныя купавы на той зямлі, дзе жыў Купала...»
Ва ўсіх людзей ёсць месца, куды яны могуць вярнуцца, і там ім заўсёды будуць рады. На жаль, чалавек часам забывае пра тое, што трэба клапаціцца аб прыродзе малой радзімы і ўсёй Зямлі. Юныя парламентарыі знайшлі спосабы, як дапамагчы нашай планеце. У цэнтры творчасці «Маладзік» яны ўстанавілі самаробныя боксы для збору пластыкавых накрывак і выкарыстаных батарэек, якія затым пойдуць на перапрацоўку.
Свае ініцыятывы члены Маладзёжнага парламента вынеслі на абмеркаванне з прадстаўнікамі мясцовай улады. Падчас дыялогавай пляцоўкі падлеткі і дарослыя дамовіліся закласці капсулу часу са зваротам да будучага пакалення. У пасланні маладыя людзі выкажуць надзею, што і праз 25 гадоў духоўныя і маральныя каштоўнасці застануцца асноўнымі арыенцірамі ў жыцці чалавека.
Таццяна ПОСАХ,
вучаніца 11 класа СШ № 1 імя Янкі Купалы г. Маладзечна.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/parlament
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/moladzevy-parlament
[4] https://zviazda.by/be/tags/palityka
[5] https://zviazda.by/be/tags/moladz