Катастрофа 26 красавіка 1986 красавіка пакінула велізарны адбітак не толькі на лёсах тых, хто жыў у той час, але і наступных пакаленняў. Абставіны аварыі на ЧАЭС, утойванне шматлікіх фактаў парушэнняў, ахвяры пры ліквідацыі, мноства людзей, вымушаных пакінуць свае дамы, — усё гэта імкнуцца асэнсаваць дагэтуль пісьменнікі, жывапісцы, скульптары… Некаторыя творы мастацтва здолелі стаць сапраўднымі дакументамі часу. Сёлета, праз 35 гадоў пасля здарэння, развагамі пра наступствы трагедыі падзяліліся многія творцы падчас мерапрыемстваў, прымеркаваных да чорнай даты.
Выстаўка адной скульптуры
За мінулыя дзесяцігоддзі Чарнобыль стаў сюжэтам для шматлікіх фільмаў і серыялаў, у тым ліку для бессэнсоўных блокбастараў, а кіламетры зоны адчужэння — месцам для экстрэмальнага турызму. Многімі ўсё гэта не ўспрымаецца як нармальная з’ява. Іншая справа — рэфлексіі мастакоў, ілюстратараў, дызайнераў, графіцістаў, творчасць якіх (асабліва на гэтую тэму) заўсёды выклікала цікавасць. Сярод такіх аўтараў — Аляксандр Сакалоў, мастак-скульптар, выкладчык, член секцыі скульптуры Беларускага саюза мастакоў. З найбольш вядомых яго работ — «Каўчэг» (2016), «Дрэва жыцця» (2014), «Птушка» (2012), а таксама «Сэрца» (2014) — дыпломны твор у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Гэтая скульптура знаходзіцца на тэрыторыі РНПЦ «Кардыялогія».
Мемарыяльная скульптура «П’ета» Сакалова, прысвечаная чарнобыльскай трагедыі, — адзіны экспанат на адмысловай выстаўцы ў Мемарыяльным музеі-майстэрні Заіра Азгура, што праводзіцца ў рамках фестывалю «Sculptfest». Як адзначыў мастак, ад задумы да рэалізацыі прайшоў амаль год. Было намалявана шмат эскізаў, а на лепку «П’еты» сышло сумарна больш як 60 гадзін.
— Чарнобыльскую трагедыю можна лічыць неад’емнай часткай нашай нацыянальнай свядомасці. Магчыма, большасць з нас жыве як бы адасоблена і нібыта не чуе рэха той трагедыі, якое і па сёння гучыць у паветры.
Я не ўяўляю, ці можна да канца перажыць боль Чарнобыля. Выпаленая счарнелая зямля, магчыма, не адновіцца, а здароўе людзей, якія трапілі ў тыя месцы, заўсёды будзе пад пагрозай і не стане ранейшым, — адзначае скульптар, які, між тым, лічыць свае творы далёка не сучасным мастацтвам, бо абапіраецца на пластыку 30-х гадоў XX стагоддзя. Усе хады і пластычныя рашэнні былі сфарміраваны яшчэ ў той час, многае сёння ўспрымаецца як класіка.
Як заўважаюць арганізатары, мемарыяльная скульптура можа зняць заслону маўчання, часта дапамагае перамагчы і прагараваць трагедыю, каб прынесці гледачу ачышчэнне і спакой. Гэтая скульптура з’яўля-
ецца спробай аўтара падзяліцца сваім асэнсаваннем і перажываннем. Мастак імкнуўся перадаць вобраз прыняцця і ў той жа час асуджэння. Невядомая дзяўчына, якая пасталела праз боль, — і суддзя, і ахвяра. Мёртвая птушка, якая нібы зраслася з целам гераіні, — сімвал асабістай трагедыі, няздзейсненых мар — ляжыць на яе каленях.
П’ета, (іт. pietà — спачуванне, каханне, жаль, міласэрнасць, ад лац. pietas — набожнасць) — гэта заходнееўрапейская назва іканаграфіі тэмы аплаквання Хрыста. У аснове такой іканаграфіі — эпізод «Пакутаў Хрыстовых», пасля зняцця цела Ісуса Хрыста з крыжа і перад яго пахаваннем. У адрозненне ад больш шырокай тэмы аплаквання, кампазіцыі п’еты ў заходнееўрапейскім мастацтве, як правіла, прадугледжваюць адлюстраванне толькі дзвюх фігур — Маці Божай і цела Хрыста, якое ляжыць у яе на каленях або каля яе ног. У мастацтве эпохі Адраджэння і новага часу тэрмін адносяць да ілюстрацыі Мадонны з дзіцем. Але Аляксандр Сакалоў закладваў іншы сэнс. Своеасаблівая незавершанасць — сімвал скалечанай прыроды і лёсаў тысяч людзей, якім давялося мяняць сваё жыццё. Матэрыял — гліна — невыпадковы, бо сімвалізуе саму зямлю. Мастак адзначыў, што з керамікай працаваў упершыню, аднак працэс яму спадабаўся, таму плануе працягваць.
Скульптуру «П’ета» можна ўбачыць да 8 мая ў Музеі-майстэрні З. Азгура.
Аб любові і безабароннасці…
Рэспубліканская выстаўка «35 гадоў пад знакам Ч», падрыхтаваная Беларускім саюзам мастакоў, працуе ў палацы Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі. Гледачы могуць убачыць творы народных мастакоў Беларусі Гаўрыіла Вашчанкі і Уладзіміра Тоўсціка, заслужаных дзеячаў мастацтваў Валерыя Шкарубы, Уладзіміра Слабодчыкава, Віктара Барабанцава, Уладзіміра Уродніча. Таксама на выстаўцы прадстаўлена яшчэ каля 70 твораў жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва аўтараў з розных рэгіёнаў Беларусі, у тым ліку Гомельскай вобласці.
Арганізатары адзначаюць: ёсць падзеі, якія рэзка падзяляюць гісторыю на да і пасля. Чарнобыльская катастрофа — у іх ліку. Новая рэальнасць абумовіла пошук новай канцэпцыі асобы ў мастацтве. «Мастацтва пасля Чарнобыля не толькі расказвае пра разбуранае выбухам рэактара жыццё людзей, але і схіляе да філасофскіх разважанняў аб безабароннасці чалавека перад тэхнагеннымі катастрофамі, аб любові, шчырасці, духоўнасці, аб малой радзіме і Айчыне. Канцэнтраванне на праблемах унутранага свету стала асаблівай рысай мастацтва апошніх трох дзесяцігоддзяў», — лічаць стваральнікі праекта.
Першымі жывапісную хроніку трагедыі пачалі ствараць адразу з 1986 года тады яшчэ маладыя мастакі Валерый Шкаруба, Мікалай Цудзік, Віктар Барабанцаў, Уладзімір Кожух, Аляксандр Фралянкоў. У іх карці-
нах — ледзь не дакументальныя кадры: людзі, якія сталі бежанцамі ў сваёй краіне ў мірны час, кінутыя дамы, калючы дрот на мяжы зоны адчужэння…
Вялікую работу для захавання памяці аб Чарнобылі правёў мастак і вучоны Віктар Шматаў, які неаднойчы прыязджаў на забруджаную тэрыторыю, каб зберагчы для гісторыі матэрыяльную культуру Палесся. Збіраў экспанаты для музея старажытнабеларускай культуры.
Выстаўка «35 гадоў пад знакам Ч» будзе працаваць да 6 чэрвеня.
Застылае ў кадры
У холе магілёўскага кінатэатра «Чырвоная зорка» працуе тэматычная фотавыстаўка, арганізаваная «Кінавідэапракатам». Паводле слоў дырэктара прадпрыемства Сяргея Бажкова, фатаграфіі для экспазіцыі былі атрыманы ад УУС Магілёўскага аблвыканкама, супрацоўнікі якога ўдзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў катастрофы. На архіўных здымках, што размясціліся ў кінатэатры, — апусцелыя вёскі, пакінутыя хаты
і ліквідатары.
Для гледачоў арганізавалі паказ фільма «Чарнобыль» і сустрэчу з адным з удзельнікаў тых падзей. Сяргей Іваноў цяпер дырэктар Абласнога цэнтра творчасці ў Магілёве, а ў 1986 годзе быў у складзе зводнага атрада МУС, ахоўваў грамадскі парадак у 30-кіламетровай зоне адчужэння. 21-гадовы хлопец тады служыў ва УУС Віцебскага аблвыканкама, быў камсоргам і ў забруджаную зону адправіўся дабравольцам, бо не мог інакш. «Першыя ўражанні ад убачанага: неверагодная туга. Ні людзей, ні нейкага руху — усё вакол вымерла. Мясцовым, хто пакінуў родныя дамы яшчэ да нашага з’яўлення, дазволілі ўзяць з сабой толькі грошы і дакументы. А рэчы, бытавая тэхніка, нават транспарт засталіся. У адным з двароў, памятаю, чакалі гаспадара “жыгулі”. Малады, я падумаў тады: колькі ж яны на гэтае аўто збіралі», — падзяліўся ўспамінамі Сяргей Іваноў.
Паводле слоў ліквідатара, мясцовыя жыхары з адселеных вёсак часам вярталіся на забруджаную тэрыторыю: людзі не ўсведамлялі ўсёй небяспекі. Была гісторыя, калі адна вясковая жанчына прабралася ў родную вёску Крукі, што знаходзілася недалёка ад сумна вядомай украінскай Прыпяці. Жанчына са слязьмі ўпрошвала дазволіць зняць са сцяны роднага дома фатаграфіі блізкіх людзей.
Даследаванне эфектаў і водгаласаў
Між тым у мінскага гледача да 2 мая яшчэ ёсць магчымасць пазнаёміцца з міжнародным праектам «Чарнобыль. Эфект спячага» ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. У ліку экспанатаў — серыя фотаздымкаў «Радаўніца. Чарнобыльская зона» (1989—1999) Анатоля Клешчука з архіва галерэі візуальных мастацтваў NOVA і фотаздымак Яўгена Казюлі з серыі «Забароненая зона Палесся» (1988), перададзены архівам народнага фотаклуба «Мінск».
Як адзначаюць арганізатары, і праз 35 гадоў вакол гэтай тэмы працягвае працаваць эфект скажэння прасторы і часу: сацыяльнага, палітычнага, інфармацыйнага, культуралагічнага і этычнага. «З кожным годам гэтая гісторыя ўсё больш ператвараецца ў статыстыку, з яе сыходзяць канкрэтныя людзі, лёсы, — зазначае куратар выстаўкі Дзіна Даніловіч. — Тут, на выстаўцы, Чарнобыль становіцца нагодай пагаварыць пра важныя рэчы, як нейкі пункт, вакол якога выбудоўваюцца іншыя тэмы. Напрыклад, як трагедыя становіцца часткай масавай культуры: сёння лёгка можна заплаціць грошы і паехаць у Чарнобыль».
У экспазіцыі ёсць работы і замежных аўтараў. Адзін з іх — японскі журналіст і фатограф Казума Обара. Японцам зразумелы наш вопыт, таму што ў іх таксама была, і не адна, катастрофа, звязаная з ядзернай энергіяй. Як журналіст ён быў у Чарнобылі, яго гераіня — дзяўчына, якая нарадзіла праз пяць месяцаў пасля аварыі.
Дарэчы, суправаджальная праграма мастацкага праекта ажыццяўляецца пры падтрымцы Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». Так, акрамя куратарскіх экскурсій і дыскусій, была магчымасць паглядзець
і абмеркаваць тэматычныя стужкі «Чорны бусел» Віктара Турава і «Душа мая, Марыя» Вячаслава Нікіфарава. Сёння можна завітаць на паказы фільмаў «Чарнобыль. Попел» Сяргея Лук’янчыкава і «Невядомы рай» Дар’і Юркевіч. З апошнім мелі магчымасць пазнаёміцца нешматлікія гледачы, бо стужка была прадстаўлена ў 2020 годзе.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/yaugeniya-shycka
[2] https://zviazda.by/be/tags/litaratura-i-mastactva-2
[3] https://zviazda.by/be/tags/mastactva
[4] https://zviazda.by/be/tags/charnobyl