Пасля перыяду цёплага і сухога надвор'я да нас на гэтым тыдні прыйшлі дажджы, калі сітуацыя ў атмасферы кардынальна змянілася. Дажджы з навальніцамі чакаюцца ў Беларусі да канца тыдня, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Так, сёння краіна застаецца ў зоне франтальных раздзелаў, якія ссоўваюцца з боку Украіны. На большай частцы тэрыторыі пройдуць кароткачасовыя дажджы. Удзень месцамі прагрымяць навальніцы. Вецер паўднёва-ўсходні, паўднёвы ўмераны, пры навальніцах парывісты. Максімальная тэмпература паветра будзе ад 15 градусаў да 22 цяпла.
Месцамі ветрана і амаль паўсюдна дажджліва чакаецца і ў суботу. У гэты дзень надвор'е ў нашай краіне будзе вызначаць вобласць паніжанага атмасфернага ціску і няўстойлівая паветраная маса, якая распаўсюджваецца з паўднёвага захаду Еўропы. Уначы месцамі, удзень на большай частцы тэрыторыі Беларусі пройдуць кароткачасовыя дажджы. Удзень у асобных раёнах навальніцы. Вецер паўднёвы, паўднёва-заходні ўмераны, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе ад плюс 7 градусаў да 12 цяпла. Удзень будуць камфортныя 14—21 градус са знакам плюс.
А вось у нядзелю да нас завітае амаль што лета. У гэты дзень дажджоў і воблачнасці стане менш, ападкі пройдуць месцамі і будуць насіць толькі кароткачасовы характар, удзень у асобных раёнах прагрымяць навальніцы. Умерана цёпла сіноптыкі абяцаюць ужо ўначы, калі тэмпература паветра складзе плюс 6—11 градусаў. А ўдзень будзе цудоўна: з плюс 18 гадусаў аж да 24 цяпла. Аднак май!
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/nadvore
[4] https://zviazda.by/be/tags/may-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/vyasna
[6] https://zviazda.by/be/tags/dozhdzh
[7] https://zviazda.by/be/tags/cyaplo