Адзін з найбуйнейшых рэгіёнаў, які захаваўся ў некранутым стане і які за разнастайнасць азёр, рэк і балот празвалі Еўрапейскай Амазонкай (ці морам Герадота), усё яшчэ застаецца невядомым шырокаму колу турыстаў. Але ў нас ёсць неблагі шанц для раскруткі рэгіёна. У межах кампаніі «Захаваем Палессе» рыхтуецца намінацыйная заяўка на прыданне Прыпяцкаму Палессю статусу аб'екта сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, а таксама біясфернага рэзервата ЮНЕСКА. На дадзены момант такія статусы мае Белавежская пушча. Атрыманне сусветнага прызнання будзе садзейнічаць як захаванню ўнікальнага прыроднага комплексу, так і прыцягненню інвестыцый для стварэння інфраструктуры, турызму і наогул устойлівага развіцця рэгіёна.
Тут пражываюць многія віды жывёл, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення, сярод якіх зубры і рысі, знаходзяць прыстанак пералётныя птушкі (у тым ліку самая рэдкая пеўчая птушка ў Еўропе — вяртлявая чарацянка). Адна ж з найбольш унікальных прыродных разынак Палесся — Альманскія балоты, якія ў 20-х гадах мінулага стагоддзя маглі стаць першым нацыянальным паркам на тэрыторыі Беларусі і Польшчы. Дарэчы, на аснове балотных комплексаў і нацпарку ўжо сёння на нацыянальным узроўні Прыпяцкае Палессе стала прыродным рэзерватам. І менавіта гэтыя тэрыторыі плануецца далей прасоўваць як аб'ект сусветнай спадчыны.
Зялёная мода
Паступова беларусы пачынаюць адкрываць для сябе асобныя палескія сакрэты. Так, летась стрэліла Ельня — давялося вырашаць пытанні, дзе пракарміць вялікую колькасць аматараў балотных прыгод і як размеркаваць патокі турыстаў. Некаторыя аграсядзібы скарысталі гэты момант для развіцця ўласнага бізнесу і пачалі распрацоўваць новыя маршруты. А сёлетняй вясной народ паваліў глядзець на разліў Прыпяці. І гэта першыя «індыкатары», якія сведчаць, што Беларускай Амазонцы ёсць чым уразіць гасцей. Палессе валодае сапраўды неверагодным патэнцыялам, аснову яго складае вялікая сетка тэрыторый, якія ахоўваюцца. Турыстычныя маршруты і сцежкі створаны ў Нацыянальным парку «Прыпяцкі» і дзесяці заказніках. Многія дзяржаўныя прыродаахоўныя ўстановы развіваюць новыя напрамкі экалагічнага адпачынку: экскурсіі на балотаступах і балотаходах, выяўленне слядоў дзікіх жывёл, навучанне дайвінгу, паходы на платах, назіраннне за зубрамі і іншымі жывёламі, фотапаляванне на глушцовых таках і многае іншае. У дакаранавірусныя часы цікавасць да зялёных падарожжаў паступова расла, у 2019 годзе асабліва ахоўныя тэрыторыі наведала больш за 700 тысяч турыстаў, у тым ліку звыш шасці тысяч замежнікаў, яшчэ паўмільёна гасцей адпачыла на аграсядзібах.
Імклівы рост гарадскога насельніцтва і пры гэтым павышэнне яго мабільнасці ўплываюць на попыт адпачынку на прыродзе. Па прагнозах Сусветнай турысцкай арганізацыі, да 2030 года адбудзецца змена прыярытэтаў, турыстычныя патокі «пацякуць» у краіны з эканомікай, якая развіваецца. Ужо зараз людзі аддаюць перавагу нетрадыцыйным кірункам і малавядомым краінам. Да таго ж і пандэмія паўплывала на фарміраванне інтарэсаў: у трэндзе спакойны і бяспечны адпачынак, прыродныя ландшафты, флора, фаўна, унікальныя ўражанні. Варта падумаць і пра новыя катэгорыі падарожнікаў. Напрыклад, у Еўропе сярод самых актыўных турыстаў прадстаўнікі «сярэбранага» пакалення. Людзі сталага ўзросту не абмежаваны сямейнымі клопатамі і могуць спакойна распараджацца сваім часам. «Узроставыя» турысты любяць падарожнічаць невялікімі групамі і аддаюць перавагу адпачынку з камфортам. Неабавязкова для начлегу ім патрэбны нумары ў гатэлях, але будуць запатрабаваны ўтульныя домікі і пэўны ўзровень сэрвісу. Маладыя аматары прыроды больш схільныя да поўнага паглыблення: ім цікава падарожнічаць з мясцовым гідам, каштаваць тутэйшыя прадукты і знаёміцца з традыцыямі рэгіёна. Расце колькасць турыстаў, якія любяць падарожнічаць толькі сваёй сям'ёй. Пад такую мэтавую групу неабходна прадумваць пэўныя праграмы і для дарослых, і для дзяцей.
«Раскруціць» рэгіён
Гаворка аб тым, чым і як можа завабіць Беларуская Амазонка, вялася падчас круглага стала «Патэнцыял агратурызму і экатурызму на Палессі», у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі экалагічнай і дзелавой грамадскасці, Мінспорту і Мінлясгаса, міжнародныя эксперты.
Апошнім часам вельмі шмат гаворыцца пра ўнёсак у эканоміку ад ІТ-індустрыі, але мала хто звяртаў увагу на тое, што турызм даваў не менш прыбытку. Да таго ж ён дазваляў зарабіць і іншым галінам, бо тут не абысціся без аказанння транспартных паслуг, харчавання, набыцця тавараў.
Намеснік дырэктара Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага Алесь Герасіменка звярнуў увагу, што турызм менш патрабавальны ў плане інвестыцый у параўнанні, напрыклад, з прамысловасцю і транспартнай галіной і ў той жа час хутчэй можа даваць аддачу. Тут прасцей і танней стварыць працоўныя месцы, што для поўдня Беларусі сапраўды актуальна. Да таго ж гэта ўкладанні ў будучыню. Справа ў тым, што тут пражывае вялікая колькасць дзяцей, і па часе іх сталення могуць узнікаць праблемы з працаўладкаваннем і адтокам насельніцтва.
Замежны вопыт паказвае, што турызм можа спрыяць сацыяльна-эканамічнаму развіццю рэгіёна. Пра яго не трэба забывацца ў тым ліку і пры распрацоўцы іншых праектаў. Напрыклад,такога, як рэканструкцыя воднага шляху Е40, які можа паўплываць на экалогію рэгіёна, і ў той жа час не выключаны рызыкі, што праект не акупіцца (пандэмія паказала, як лёгка могуць быць парушаны гандлёвыя сувязі з іншымі краінамі). Папярэдне стварэнне беларускага ўчастка воднага шляху Е40 ацэнена ў адзін мільярд еўра. Калі гэтыя грошы пераарыентаваць на турызм, можна стварыць тысячы новых працоўных месцаў.
Па ўсёй Беларусі прырастае колькасць аграсядзіб, але ў Гомельскім Палессі гэты туркірунак пакуль прасядае. Неабходна падумаць і пра тое, што трэба зрабіць для таго, каб уласнікі сядзіб пачалі «тыражаваць» свой бізнес. Апытанне ўладальнікаў домікаў на вёсцы паказала, што большасць суб'ектаў не ставяць планаў на пашырэнне і стварэнне новых сядзіб.
Варта больш намаганняў прыкласці для раскруткі турызму на базе ляснога фонду. Калі нацпаркі краіны ўжо знайшлі спажыўцоў для сваіх паслуг, то патэнцыял заказнікаў пакуль не раскрыты.
Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута эксперыментальнай батанікі Дзмітрый Грумо развянчаў міф пра тое, што не створана інфраструктура для турызму ў лясной гаспадарцы. Многія лесагаспадарчыя арганізацыі маюць разнастайныя аб'екты, якія можна выкарыстоўваць для прыцягнення гасцей: вальеры, дэндрапаркі, дэндрасады і фрагменты старажытных паркаў. Прамысловыя аб'екты — дрэваапрацоўчыя, пасекі, месцы вырошчвання буякоў, журавін — таксама можна паказваць турыстам. Маюцца і хаткі для адпачынку, створана 70 турмаршрутаў, прапануецца карпаратыўны адпачынак, расце цікавасць да беларускай прыроды ў замежных назіральнікаў за птушкамі. Трэба толькі навучыцца ўсё гэта манетызаваць, бо пакуль турыстычныя паслугі не даюць жаданага прыбытку. Усё таму, што для лясной гаспадаркі турыстычная дзейнасць не з'яўляецца галоўнай. Існуе праблема прававога рэгулявання доступу ў лес, карыстання рэсурсамі. Калі ў найбольш эфектыўных еўрапейскіх мадэлях лясной гаспадаркі дзяржава ці іншыя ўласнікі не перадавяраюць землі трэцім асобам (арандатарам) і стараюцца распараджацца самі, у нас такая мадэль яшчэ павінна быць створана. Леснікам нявыгадна ствараць экасцежкі, калі прыбытак з іх выкарыстання пасля будуць мець іншыя, напрыклад, прыродаахоўныя ўстановы. Не хапае кадраў, якія маглі б займацца кваліфікаваным менеджментам і развіваць турпаслугі. Дзмітрый Генадзевіч упэўнены, што трэба ствараць нарматыўна-прававую базу, якая будзе рэгуляваць узаемаадносіны розных суб'ектаў. Няма сэнсу закладаць усё — ад пунктаў харчавання і размяшчэння турыстаў да арганізацыі для іх забаўляльных праграм — выключна на базе лясной гаспадаркі. Важна ўкліньвацца ва ўжо існуючыя кластары, супрацоўнічаць з мясцовымі ўладамі, установамі культуры, аграсядзібамі, мясцовымі жыхарамі. А раскручваць рэгіён можна самымі рознымі спосабамі. Напрыклад, ладзіць тэматычныя фестывалі ці ствараць брэнды. Сёння сабрана багата інфармацыі пра беларускія балоты. А чаму не выкарыстаць пашпарты, створаныя на іх? Так турысты могуць спаборнічаць, хто больш прайшоў розных балотных маршрутаў, атрымліваць значкі. Вучоныя вылучылі пэўныя зоны росту — улічылі не толькі прыродны патэнцыял, але і ўжо існуючую інфраструктуру, транспартную сетку, гісторыка-культурную спадчыну. Важна і пралічыць, як можна больш эфектыўна выкарыстаць прыродныя багацці. Напрыклад, ставіцца пытанне аб змене статусу Альманскіх балотаў з лінейнага лясгаса на нацпарк, элемент трансгранічнай сусветнай спадчыны.Так, можна арыентавацца на ахову і экатурызм альбо атрымліваць грошы... з журавін — менавіта на Альманскіх балотах ураджаі гэтай ягады адны з самых вялікіх. Драўніна, ды яшчэ з улікам яе цяжкадаступнасці на забалочаных тэрыторыях, дае ў разы менш прыбытку, чым нарыхтоўка карысных ягад. Зноў жа, «эфектны» збор журавіннага ўраджаю можна паказваць турыстам.
Пры развіцці рэкрэацыйных зон неабходна пралічваць, якой будзе нагрузка на прыроду. Нават дзякуючы элементарнаму добраўпарадкаванню можна размяркоўваць людскія патокі. Да таго ж стварэнне інфацэнтраў, указальнікаў, альтанак спрашчае жыццё арганізаваных турыстаў і тых, хто падарожнічае самастойна.
Па мядовай рацэ
Магчыма, прыйшоў час распрацаваць праграму развіцця аграэкатурызму на Палессі. Варта скласці рэестр аграсядзіб, лясгасаў, аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, паслуг, якія могуць зацікавіць турыстаў, і больш рэкламаваць рэгіён як на ўнутраным, так і на сусветным рынках. Асобныя цікавосткі Беларускай Амазонкі былі агучаны падчас круглага стала.
Некалькі гадоў таму па рэках Палесся пачаў хадзіць першы круізны лайнер «Белая русь». Адзін з яго маршрутаў, багаты на наведванне культурных і гістарычных аб'ектаў, разлічаны на восем сутак. Беларускія аграсядзібы прапануюць уласныя інавацыйныя праекты, экалагічна чыстыя прадукты, міні-музеі, забаўляльныя праграмы і турмаршруты. Запушчана новая праграма па стварэнні і раскручванні новага брэнда «Наваколле» — турысты змогуць атрымаць ежу і сувеніры, створаныя з выкарыстаннем традыцыйных прадуктаў, промыслаў, вобразаў. Мала хто ведае, што на Палессі захоўваецца папуляцыя коней, якая вядзе паходжанне ад зніклага дзікага ляснога віду тарпана. Гэтых невялікіх, як поні, конікаў традыцыйна выкарыстоўвалі ў сельскай гаспадарцы. За доўгі час у суровых умовах Палесся з вялікай вільготнасцю і небагатым кормам жывёлы выпрацавалі адаптыўныя якасці. Месцічы цанілі сваіх гадаванцаў за спакойны характар: ну якога яшчэ каня можна перавезці праз раку на вузкай лодцы? І сёння гэтыя коні маглі б выкарыстоўвацца ў турызме.
Цэнтрам прыцягнення гасцей можа стаць і бортніцтва, якое пашырана на Палессі, тым больш што з мінулага года яно ўключана ў спіс культурных каштоўнасцяў чалавецтва. Ад пчалярства яно адрозніваецца падыходамі і інструметамі. Напрыклад, бортнікі не засяляюць пчол, а прывабліваюць і даглядаюць іх. Промысел уключае ў сябе звычаі і абрады. Для носьбітаў практыкі (а вучыцца бортніцтву трэба 15 і больш гадоў) важна захаванне прасторы. Да лесу і дрэва яны могуць ставіцца з не меншай павагай, чым да пчалы. Сёння захавальнікі традыцыйнага промыслу даглядаюць каля 2,5 тысячы калод і борцяў. Найбольш «мядовая» цэнтральная частка беларускага Палесся. У Лельчыцкім раёне амаль у кожнай вёсцы жыве носьбіт традыцыі, і нават ёсць вуліцы, вёскі, дзе жывуць сем'і бортнікаў. Нездарма раку Убарць, уздоўж якой сяліліся людзі, што спрадвеку даглядаюць пчол, празвалі мядовай.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-dzyadzyulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/kultura
[4] https://zviazda.by/be/krayaznaustva
[5] https://zviazda.by/be/tags/turyzm
[6] https://zviazda.by/be/tags/eurapeyskaya-amazonka
[7] https://zviazda.by/be/tags/palesse
[8] https://zviazda.by/be/tags/biyasferny-rezervat