У аўторак, 18 мая, 75-ы год нараджэння адзначыць заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, рэжысёр, мультыплікатар, кампазітар гульнявых і мультыплікацыйных фільмаў Ігар Воўчак. У гэты дзень у эфіры «Беларусь 3» выйдзе чарговы выпуск праграмы «Кадры жыцця», які будзе прысвечаны майстру.
Калі звярнуцца да біяграфіі Ігара Віктаравіча, то стане зразумела, што ў кінамастацтва ён трапіў не адразу, бо спачатку была вучоба ў кансерваторыі. Неяк у працэсе работы над музыкай для фільма «Хлопчык і птушка» яго вельмі ўразіла мультыплікацыя, і да будучага рэжысёра прыйшло разуменне, што менавіта там ён хоча рэалізоўвацца, ствараць. Ігар Воўчак вырашае атрымаць дадатковую адукацыю, і з 1979 да 1981 год вучыцца на Вышэйшых рэжысёрскіх курсах пры «Дзяржкіно», а пасля пачынае працаваць рэжысёрам-мультыплікатарам на «Беларусьфільме». Цяпер на творчым рахунку майстра тры дзясяткі мультфільмаў, сярод якіх «Як ліса ваўка судзіла», «Скерца», цыкл «Несцерка» ў некалькіх частках, «Цуды на дзень нараджэння», «Ваўчышка» і многія іншыя. Акрамя гэтага, Ігар Воўчак напісаў музыку больш чым да 40 фільмаў (гульнявыя, дакументальныя, мультыплікацыйныя). Як падзяліўся рэжысёр, яго заўсёды перш за ўсё цікавіў чалавек, што і знайшло адлюстраванне ў яго работах. А падчас прагляду праграмы «Кадры жыцця» гледачы змогуць больш даведацца пра асобу самога творцы.
Алена ДРАПКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/teletydzen
[5] https://zviazda.by/be/tags/belarus-3-2
[6] https://zviazda.by/be/tags/igar-vouchak
[7] https://zviazda.by/be/tags/multyplikatar