Інтэрвал паміж увядзеннем першага і другога кампанентаў вакцыны супраць COVID-19 можна павялічваць, паведамілі [1] на сайце Міністэрства аховы здароўя.
Калі ў інтэрвале паміж увядзеннем кампанентаў вакцыны ўзнікла вострае захворванне або абвастрылася хранічнае, запланаваны водпуск, камандзіроўка, выезд у іншы населены пункт і іншае, увесці другі кампанент можна пазней, адзначаецца ў рэкамендацыях.
«Пры вострым захворванні (у тым ліку пасля перанесенай інфекцыі COVID-19) або абвастрэнні хранічнага ўвядзенне другога кампанента неабходна правесці пасля выздараўлення або пачатку стадыі рэмісіі пры хранічным захворванні. У індывідуальных выпадках магчыма прадугледзець увядзенне другога кампанента праз 1-4 тыдні пасля выздараўлення пры вострым або пачатку стадыі рэмісіі пры хранічным захворванні (у залежнасці ад цяжкасці перанесенай хваробы)», — рэкамендуюць спецыялісты. Гэта пытанне вырашаецца індывідуальна.
У адпаведнасці з заявай дырэктара НДЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі імя Гамалеі Міністэрства аховы здароўя Расіі Аляксандра Гінцбурга, мінімальны інтэрвал паміж увядзеннем першага і другога кампанента расійскай вакцыны «Гам-КАВІД-Вак» («Спадарожнік V») можна павялічыць з 21 дня да 90 дзён. А мінімальны інтэрвал паміж увядзеннем першай і другой дозы інактываванай вакцыны супраць SARS-CoV-2 (КНР) можна павялічыць з 28 да 56 дзён.
У Міністэрстве аховы здароўя таксама адзначылі, што эфектыўнасць вакцынацыі з выкарыстаннем вакцыны «Гам-КАВІД-Вак» складае прыкладна 92 працэнты (у папярэджанні заражэння вірусам SARS-CoV-2) і 100 працэнтаў (у папярэджанні цяжкіх форм захворвання). Гэта значыць, 92 прышчэпленыя са 100 атрымаўшых прышчэпкі не захварэюць на COVID-19 у выпадку сутыкнення з узбуджальнікам інфекцыі. Астатнія восем прышчэпленых з-за індывідуальных асаблівасцей могуць захварэць, але хвароба не будзе цяжкай і не будзе мець рызыкі неспрыяльнага зыходу.
Эфектыўнасць вакцынацыі з выкарыстаннем інактываванай вакцыны супраць SARS-CoV-2 (КНР) складае больш за 70 працэнтаў (у папярэджанні заражэння вірусам SARS-CoV-2).
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] http://minzdrav.gov.by/ru/dlya-belorusskikh-grazhdan/COVID-19/
[2] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-ahovy-zdarouya
[3] https://zviazda.by/be/tags/vakcyna
[4] https://zviazda.by/be/tags/karanavirus