Гаварыць пра вечнае проста, але пры гэтым праўдзіва і шчыра дадзена не кожнаму. Аднак рэжысёру, мастацкаму кіраўніку Тэатра-студыі кінаакцёра, народнаму артысту Беларусі Аляксандру Яфрэмаву гэта ўдаецца. Кінастужкі Аляксандра Васілевіча, у тым ліку знаёмыя многім «Дунечка», «Снайпер. Зброя адплаты», «Танкіст», «Павадыр», спектаклі, сярод якіх сёння «Мышалоўка», «Лёгкага жыцця ніхто не абяцаў», «У пошуках ісціннага я», «Ваўкі і авечкі», адназначна пераконваюць, што сэнсы не заўсёды ляжаць на паверхні, а часцей за ўсё схаваны ў кожным з нас. Сам рэжысёр, які нядаўна адсвяткаваў 70-гадовы юбілей, адзначае: працягвае вучыцца і адкрываць новае ў жыцці і прафесіі. Мы распыталі ў творцы пра таемныя сэнсы рэчаіснасці, веру ў чалавека, якая натхняе, і адказнасць, што не дазваляе спыняцца на дасягнутым.
«Самае галоўнае...»
— У дзяцінстве вы былі хлопчыкам-рамантыкам, які любіў кнігі. Гэта час быў такі ці хтосьці з блізкіх аказваў на вас уплыў?
— Гэта быў уплыў старэйшага брата. Ён пайшоў у першы клас і пачаў вучыцца чытаць, а я разам з ім навучыўся. Мне тады пяць гадоў споўнілася. Мы жылі ў вёсцы, у казённай кватэры насупраць Дома культуры. І я адкрыў там для сябе бібліятэку. І стаў з пяці гадоў туды хадзіць, з'яўляўся раніцай, і мне выдавалі тоненькую дзіцячую кніжачку. Я яе дачытваў да абеду, а потым прыходзіў і прасіў іншую, якую прачытваў да закрыцця. Бібліятэкарка была мілая жанчына, якой, відаць, таксама было сумна, і яна гуляла са мной, быццам я прыходжу і нашу ёй снег. Я хоць і баяўся яе, але ўсё роўна не мог не прыйсці. Так і хадзіў у бібліятэку штодня і чытаў па тры кніжкі. Зіма ў вёсцы была вельмі сумным часам. Я чытаў казкі, прыгоды і адкрываў новы свет, у якім цікава, а не так, як у рэальным жыцці. У кнігах усё было прыгожа і добра заканчвалася, і людзі там цудоўныя і добрыя. Кнігі мяне настолькі прываблівалі, што я доўгі час не жадаў бачыць і ведаць нічога іншага.
— А ў рэальным жыцці што назіралі?
— Сваю сям'ю, бацьку... Тата прайшоў усю вайну, трапіўшы туды ў 17 гадоў, а вярнуўся ў 21 год. Гэта быў вельмі цяжкі час для краіны. Я нарадзіўся, калі бацьку было 27 гадоў. Ён і яго аднагодкі тады ўжо многае паспрабавалі і зразумелі, што шчаслівага і ўдзячнага жыцця няма і трэба працаваць, працаваць, працаваць... Яны працавалі, выпівалі, у іх было нейкае сваё мужчынскае жыццё. Я бачыў, як мая маці, разумніца і прыгажуня, усё гэта ўспрымае. А тата быў проста чалавек, які перамог у вайне і чакаў ад жыцця больш, чым яно яму давала. Гэта была рэальнасць, якую бачыў я і дзясяткі мільёнаў дзяцей, што жылі ў Савецкім Саюзе. Мы ўсе прайшлі праз тыя складаныя 1950-я.
— І за што вы ўдзячныя тым часам?
— Гэта было духоўнае станаўленне савецкага грамадзяніна. Я ведаў, што мы перамаглі ў вялікай вайне, і насіў на святы татавы медалі і ордэны, іх бацька вывешваў мне на майку. Я ведаў, якой цаной яны дасталіся бацьку, бо ў яго правым плячы быў асколак, які так і не дасталі. І гэтае дзяцінства, лічу, было шчаслівым, хоць яго і не параўнаць з тым, якое пражывалі мая дачка, унучка. Памятаю, як Гагарын паляцеў у космас. Якая радасць была для мяне, дзесяцігадовага хлопца, калі я бег па вуліцы і крычаў: «Нашы ў космасе! Ура!» Мы адчувалі сябе шчаслівымі, наколькі могуць быць шчаслівымі дзеці, таму што ў нас былі свае гульні, школа, сябры, кніжкі і жывыя бацькі.
«Экзамен на дырэктара»
— Сёлета спаўняецца 30 гадоў, як вы ў Тэатры-студыі кінаакцёра працуеце мастацкім кіраўніком. Што за гэты час адкрылі ў самім сабе?
— Я проста жыў гэтыя трыццаць гадоў. На жаль, яны прайшлі значна хутчэй, чым разлічваў. Але мне ўдалося зрабіць дастаткова: я паставіў амаль два дзясяткі спектакляў, зняў каля 20 фільмаў. Яшчэ і з'явілася некалькі выпускаў маіх студэнтаў у Акадэміі мастацтваў. Нарадзілася мая дачка, унучка. Таму ніякіх асаблівых адкрыццяў не адбывалася, а толькі рэальнае жыццё.
— Як лічыце, што сёння вызначае, ці прыйдзе глядач на спектакль?
— Я гэтым пытаннем сёння не пераймаюся, бо зараз не пачатак 1990-х, калі мы толькі пачыналі працаваць. Слава богу, да нас ідуць гледачы. Мы іх чакаем, і яны прыходзяць. Здараюцца перыяды, калі гэта адбываецца не так актыўна, як хацелася б, але ёсць свая публіка, і яна нас не пакідае. За гэта я вельмі ўдзячны нашай аўдыторыі і не пакутую ад думак: а раптам ніхто не прыйдзе? Нас ведаюць, прыходзяць і на п'есу,
і на акцёраў, і на рэжысёра.
— Глядзіце, калі браць канкурэнцыю, у прыватнасці, сярод рэжысёраў, ці існуе яна сёння і ці патрэбная?
— Яна павінна быць. Мне 70 гадоў, і я захапляюся таленавітымі людзьмі. У мяне здымалася вялікая колькасць акцёраў, імёны якіх на слыху. Я звык у рабоце з акцёрамі абапірацца на іх талент. Такіх людзей я надзвычай люблю. І калі падобны чалавек з'явіцца ў нашым тэатры, то ён не сустрэне ніякіх перашкод. Калі з'явіцца той, хто будзе рабіць нешта лепш за мяне, то так і павінна быць. Я чакаю такога чалавека.
— У сутворчасці рэжысёра з акцёрамі ці заўсёды вам удаецца дабівацца жаданага выніку?
— Вядома, не заўсёды. Часам гэта сказваецца адмоўна на працы, калі ўзровень здольнасцяў артыста, а можа, і маіх уласных, аказваецца недастатковым, каб раскрыць задуманае. А здараецца і так, што ўсё складваецца: я ўгадваю, акцёр адчувае, чаго хачу — тады і ўзнікае тая самая сутворчасць. Але гэта робіцца не механічна. Тут шмат кампанентаў, і гэта найсур'ёзнейшая праца. Калі атрымліваецца, то адчуваеш не проста задавальненне, а захапленне!
— Як пры гэтым вы спраўляецеся з выгараннем, стомленасцю?
— Калі ты рэжысёр-пастаноўшчык, то павінен вучыцца пераадольваць усё гэта як мага хутчэй, таму што ад цябе многае залежыць: лёс артыстаў, спектакля, тэатра ці твайго кінафільма.
— На пачатку свайго шляху ў кіно вы атрымалі ўзнагароду «За найлепшую рэжысуру». Як тады ўспрынялі яе?
— Мяне ўзнагародзілі за фільм «Чараднічэнка і цырк», і я адчуваў задавальненне. Разам з тым было і разуменне, што за першай карцінай павінна быць другая, а яе зняць заўсёды складаней, чым першую. Бо раптам ты ўжо сказаў усё, што мог? Прафесія ж пачынаецца тады, калі ў цябе з'яўляецца прафесійная стабільнасць, дзе ёсць разуменне, што ты робіш, пра што і навошта. Самае галоўнае — ведаць, што ты адстойваеш у гэтым жыцці! Спіхнуць чалавека ў бездань значна лягчэй, чым дастаць адтуль. Так і гаварыць пра добрае ў людзях складаней, чым пра дрэннае, а мне хацелася гаварыць пра добрае, і ў гэтым была пэўная складанасць. Таму што той, хто гаворыць пра добрае і станоўчае, выглядае ў вачах цынікаў (а іх дастаткова заўсёды) дурнем...
«Рыфмуецца з любоўю»
— Многія вашы фільмы гледачы характарызуюць як «добрае, шчырае, жыццёвае кіно». Гэта ваш спосаб паказаць людзям іх такімі, якія яны ёсць?
— Кожны з нас павінен задавацца пытаннем: у чым сэнс жыцця? Для мяне самае галоўнае, што павінна адбывацца з намі, — гэта самаўдасканаленне. Калі чалавек не творыць вакол сябе зла, нянавісці, агрэсіі, а імкнецца быць добрым, шчырым і спагадлівым і прыносіць у гэты свет любоў, пра што гавораць усе сур'ёзныя і глыбокія кнігі, у тым ліку і Біблія, — значыць, ён на правільным шляху і жыццё будзе працягвацца. Хоць яно настолькі імклівае і канечнае, што за гэты час мала што можна паспець. Аднак самае галоўнае — не прымнажаць зла. Іншага сэнсу я не бачу.
— Асобна ў вашай кінатворчасці можна вылучыць тэму Вялікай Айчыннай вайны. Як, на ваш погляд, сёння варта гаварыць пра подзвіг нашых дзядоў і прадзедаў?
— Нам з усіх бакоў сёння прапаноўваюць гаварыць пра тое, што не мы выйгралі вайну, што не савецкі народ з'яўляецца пераможцам. Цяпер з гэтай нагоды вядзецца свайго роду інфармацыйная вайна. Ёсць тыя, хто збіраецца адабраць Перамогу ў нашага народа, прычым робіцца гэта вельмі агрэсіўна. А адбіраць Перамогу майго бацькі, нашых бацькоў, дзядоў — гэта жахлівае ідэалагічнае хамства, якое, акрамя пагарды, нічога больш не вартае. І таму мы, маё пакаленне, як людзі, якія застаюцца з гэтай сітуацыяй фактычна адзін на адзін (бо нашых пераможцаў ужо зусім няшмат засталося), абавязаны здымаць кіно пра вайну, пра Вялікую Перамогу. Мы павінны несці гэтую праўду. Бо перамога над фашызмам далася нашаму народу вялікай крывёю. Там быў мой бацька і яго браты, двое з якіх загінулі... І важна захаваць памяць пра герояў. Гэта тое, што робіць нас нацыяй, народам.
— Што сёння ў Аляксандра Яфрэмава рыфмуецца з любоўю?
— Я зараз рэпецірую «Дзядзьку Ваню» Чэхава. Мне вельмі падабаецца гэтая п'еса, і хочацца, каб спектакль атрымаўся. Я стаў як мага часцей знаходзіць час для блізкіх, у прыватнасці для самых дарагіх мне людзей: гэта мае ўнучка, дачка і жонка. Шмат важнага, і любові на ўсё хопіць.
Бліц-апытанне:
— Кніга ці фільм?
— І тое, і другое. Я надзвычайна люблю кіно, хоць яно з'явілася ў маім жыцці пазней, чым кнігі.
— Пры ўсіх магчымасцях, што ёсць у сучасным свеце, чаго не хапае?
— Той хаос, які мы назіраем вакол нас, можна ліквідаваць толькі любоўю. Таму, магчыма, менавіта яе і не хапае сёння.
— Вернасць — гэта ўзнагарода ці выпрабаванне?
— Жыццё ўвогуле з'яўляецца выпрабаваннем, таму і вернасць — і ўзнагарода, і выпрабаванне адначасова.
— Казка патрэбна людзям...
— Каб верыць у дабро.
— Я ўдзячны мінуламу году...
— Што даў мне магчымасць пачаць новы.
Алена ДРАПКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/teatr
[4] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-yafremau-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/teatr-studyya-kinaakcyora
[6] https://zviazda.by/be/tags/kino
[7] https://zviazda.by/be/tags/70-gadovy-yubiley