Зварот Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек да цыкла апавяданняў Міхаіла Булгакава «Нататкі юнага лекара» чалавек, неабазнаны ў мастацкім жыцці, мог бы патлумачыць жаданнем быць у трэндзе, бо сёння пытанні, звязаныя з медыцынай, — адна з галоўных тэм навін ды размоў па ўсім свеце. Спрактыкаванаму тэатралу такая думка ў галаву не прыйдзе.
Рэжысёр «Нататак...» Яўген Карняг, мастачка Таццяна Нерсісян і кампазітар Кацярына Аверкава, якія працавалі разам над нядаўняй прэм’ерай, самі ствараюць «модныя тэндэнцыі»: пастаўлены імі ў 2019 годзе «Шлюб з ветрам» да гэтага часу збірае поўную залу. Таму нядзіўна, што чарговая сумесная работа Карняга, Нерсісян і Аверкавай выклікала сапраўдны ажыятаж яшчэ да таго, як спектакль пабачылі першыя гледачы. Інтрыгі таксама дадало абранне рэжысёрам ранніх апавяданняў Булгакава. Міхаіл Афанасьевіч, безумоўна, аўтар тэатральны ва ўсіх сэнсах, і нават без заглыблення ў гісторыю стасункаў беларускага тэатра з яго творчасцю можна прыгадаць з паўдзясятка пастановак па тэкстах пісьменніка. Вось толькі спадар Карняг апошнім часам працаваў выключна з міфалагічным, фальклорным матэрыялам, у рэчышчы тэатра візуальнага, а тут — Булгакаў...
«Нататкі юнага лекара» сапраўды атрымаліся непадобнымі да іншых работ рэжысёра: тэкст вербальны, прамоўлены ў ім, раўназначны візуальнаму, вобраз эпохі не проста захаваны, а падкрэслены ў касцюмах, музычным афармленні — рамансах Вярцінскага і стылізаванай музыцы, песнях Кацярыны Аверкавай, адметная роля належыць лялькам. Але гэтае непадабенства — толькі безумоўнае сведчанне мастакоўскага таленту і развіцця, тым больш усё, што так прыцягвае ў пастаноўках Карняга і яго калабарацыях з Нерсісян ды Аверкавай, у «Нататках...» таксама ёсць. Гэта і шырокі дыяпазон эмоцый, ад чорнага гумару да сапраўднай драмы і тонкай псіхалагічнай ігры, сэнсавая шматслойнасць, насычанасць яркімі вобразамі, дасціпнымі дэталямі, вынаходлівымі рашэннямі, якія не пералічыць, і цудоўныя акцёрскія работы... Прааналізаваць, ахапіць усё немагчыма, як і вылучыць найбольш удалыя сцэны, аспекты пастаноўкі ці асобнага артыста — настолькі роўны і маналітны атрымаўся спектакль.
Выключную ролю адыграла ў гэтым ці не бездакорная работа рэжысёра з тэкстам. Карняг аб’яднаў «Нататкі...» з «Морфіем», апавяданнем, якое ў цыкл не ўваходзіць, ды адмыслова папрацаваў над вобразамі персанажаў. Два дактары, нядаўні выпускнік універсітэта Бомгард і марфініст Палякоў, увасобіліся ў маладым лекары ў выкананні Дзмітрыя Чуйкова. Такое рашэнне звышарыгінальнай прыдумкай не назавеш, яно хіба не класічнае. Іншая справа, што гэтым рэжысёр не абмяжоўваецца, і зроблена ўсё віртуозна нават на ўзроўні кампазіцыі тэксту. З паступовым нарастаннем колькасці фрагментаў «Морфія», асабліва ў другой дзеі спектакля, адбываецца паглынанне рыс асобы доктара-пачаткоўца марфіністам Паляковым, увага ўсё больш канцэнтруецца не на анекдотах з медыцынскай практыкі маладога лекара, а на пакутах хворага, немачы, што ахоплівае і знішчае чалавека. Зрэшты, менавіта так — «гісторыя адной хваробы» — і вызначаны жанр пастаноўкі. Трапным аказваецца ўвядзенне персанажа, які ўвасабляе падсвядомасць доктара, яго страхі, сумненні, здаровы сэнс, — гэткага прывіда мінулага бліскучага (літаральна дзякуючы сцэнічным строям) маскоўскага жыцця, а мо і былой жонкі Палякова, ролю якой выконвае Кацярына Трафімук. Акрамя магчымасці сцэнічна адлюстраваць унутраныя дыялогі лекара, гэты прыём дазваляе рэжысёру прадэманстраваць паступовае разбурэнне асобы марфініста, згасанне яго свядомасці. З развіццём залежнасці доктара прысутнасць на сцэне персанажа Кацярыны Трафімук робіцца ўсё менш заўважнай: актыўная, іранічная дама быццам бы суцішваецца і нарэшце, перад смерцю Палякова, пакідае яго.
Апроч работы з тэкстам, у пастаноўцы Яўгена Карняга асабліва ўражвае і тое, як рэжысёр здолеў захаваць падзейны шэраг апавяданняў Булгакава і на гэтай глебе ўзрасціць нашмат больш складаны твор з уласнымі адказамі на пытанні, што нават не прыходзяць у галаву пры чытанні «Нататак...», ды альтэрнатыўным поглядам на іх.
Малады доктар, крыху напалоханы выдатнік, прыязджае ў правінцыйны шпіталь, каб ускрываць нарывы, рваць зубы, лекаваць сіфіліс і ўвогуле змагацца з цемрашальствам сваіх пацыентаў. Атрымліваецца гэта ў яго цудоўна: доктар набіраецца вопыту пад рогат залы, бо нават самыя драматычна напружаныя моманты булгакаўскага тэксту афарбаваны ў спектаклі сакавітым гумарам. Пацыенты, якіх увасабляюць выключна шматлікія — вынаходлівых канструкцый — лялькі ды маскі (застаецца толькі здзіўляцца ды апладзіраваць фантазіі і таленту Таццяны Нерсісян), літаральна б’юцца галовамі аб падлогу ці сцены, ампутаванай дзявочай нагой сядзелка Аксіння прапануе пачаставацца сабачцы, а, прымаючы першыя ў сваім жыцці роды, малады лекар у прамым сэнсе з галавой заглыбляецца ў вывучэнне нетраў пацыенткі.
Уступленне ў прафесію адбываецца пад безупынным назіраннем калег, дакладней каляжанак: фельчаркі Ганны Кірылаўны, акушэркі Пелагеі Іванаўны і сядзелкі Аксінні. З аб’яднаннем «Нататак...» і «Морфія», а тым больш у рэжысуры Карняга, у «жаночым складзе» не маглі не адбыцца змены. Ганну Кірылаўну ў выкананні Наталлі Кот-Кузьмы цяжка назваць слабай, няшчаснай ахвярай наркатычнай залежнасці Палякова. Чаго толькі вартыя чырвоныя туфлікі спакусніцы — красамоўны эратычны вобраз. Разам з летуценнай Аксінняй, якую іграе Ганна Гаспадарык, і ўладарнай Пелагеяй Іванаўнай Святланы Цімохінай яны ўтвараюць рознахарактарнае і крыху інфернальнае трыа, што нагадвае вядзьмарак з іншай пастаноўкі Карняга ў тэатры лялек. У асобных сцэнах (завеі ці святкавання дня нараджэння доктара) гэтае падабенства і паралелі ўвогуле прачытваюцца вельмі выразна. Рэжысёр мэтанакіравана раскідвае па спектаклі дэталі-спасылкі як на свае работы, так і на іншыя творы Булгакава. Упэўнена, не адзін глядач з радасцю пазнаў у сабачцы, якому Аксіння падчас антракту бінтуе галаву, Шарыка з «Сабачага сэрца».
З’яўленне маладога прыгожага доктара ў правінцыйным шпіталі, гэткім «жаночым свеце», робіцца галоўнай навіной, а ён сам — цэнтрам прыцягнення і непадробнага інтарэсу. Калегі бадай што ні на хвіліну не пакідаюць лекара аднаго: то нібыта займаюцца сваімі справамі побач з ім, то прытуляцца ў куточку — самі або іх лялечныя двайнікі, — як маўклівы фельчар Дзям’ян Лукіч (Аляксей Сянчыла), а то і бессаромна назіраюць праз маленькае акенца за самымі інтымнымі заняткамі. Так рэжысёрам ствараецца і перадаецца адчуванне пастаяннага ацэньвання, параўнання з папярэднікам, якое перажывае малады доктар, і... нуды, што пануе ў закінутым шпіталі. З уцех у гэтым месцы — толькі секс, морфій ды песні Вярцінскага.
Сцэнаграфія Таццяны Нерсісян гэты вобраз падтрымлівае. Рэалістычная прастора бальнічнага прыёмнага пакою «прарастае» ў глядзельную залу шмат’яруснымі нарамі для пацыентаў стацыянара і кутком шпітальнай аптэкі, дзе на паліцах побач з лекамі стаяць саленні, а са слоіка на гледачоў пазірае галава папярэдніка Палякова. Як і спектакль, гэтая прастора шматзначная. З месца сустрэчы-суіснавання жыцця і смерці, дзе апошняя робіцца неад’емнай часткай паўсядзённасці, і нікога не здзіўляе асталяваны ў куце морг з нагамі нябожчыкаў замест вешалкі ды выкарыстанне аперацыйнага стала ў якасці ложка ці ваннай, шпіталь ператвараецца ў замкнёны свет шэрай будзённасці, абыякавасці і спыненага часу, з якога няма выйсця. Аднойчы трапіўшы сюды, доктар не пакідае гэтую прастору да самага фіналу спектакля — да сваёй смерці. І вось ужо яго галава ў слоіку займае на паліцы месца Леапольда Леапольдавіча. Наступнаму маладому доктару, верагодна, будуць распавядаць пра тое, як выдатна Сяргей Васільевіч праводзіў ампутацыі. Такое рашэнне рэжысёра і мастачкі міжволі прымушае задумацца: ці толькі морфій стаў прычынай гібелі маладога лекара? Або да гэтага спрычыніліся таксама руціна, бясконцая плынь хворых целаў, непраглядная «цемра егіпецкая» ды абыякавасць калег, якія спакойна назіралі за паступовым згасаннем Палякова?
Гісторыя аднаго доктара і адной хваробы ў спектаклі Яўгена Карняга ператвараецца ў даследаванне хваробы фізічнай і псіхічнай, медыкаў увогуле. Дзмітрый Чуйкоў пераканаўча перадае няўпэўненасць свайго персанажа, нядаўняга студэнта, разгубленасць ад першай сустрэчы са смерцю, да якой пры ўсім багацці чорнага гумару спадар Карняг ставіцца з павагай, апантанасць прафесіяй, адчуванне велізарнай адказнасці і пэўнай выключнасці, што таксама адыгрываюць сваю ролю ў марфінізме лекара. Не змяняючы тэкста Булгакава, рэжысёр разам з акцёрам здолелі не проста прасачыць сталенне прафесіянала і яго (сама)знішчэнне, але і адказаць на пытанне, якое лунае між радкоў «Морфія»: ці сапраўды чалавек з наркатычнай залежнасцю можа заставацца добрым практыкам? Ці бяспечны быў лекар-марфініст для сваіх пацыентаў? Палякоў у тэксце Булгакава сцвярджае, што можа. Аднак рэжысёр і Дзмітрый Чуйкоў даюць іншы адказ — скурчанай у куце падчас прыёму фігурай лекара, ванітаваннем, ад якога той пакутуе не менш за свайго пацыента пасля прынятых запар дзесяці парашкоў хініну, нарэшце — мёртвым немаўляткам на руках доктара.
Марфінізм Палякова, хвароба душы паўстае ў спектаклі больш страшнай за шматлікія цялесныя немачы, з якімі той мае справу кожны дзень. Намаганнямі рэжысёра і мастачкі на сцэне паўстае сапраўднае суквецце хворых целаў і іх фрагментаў. Нагрувашчаныя на нарах безаблічныя пацыенты стацыянара, перакручаныя ногі, брыдкія галовы ствараюць праўдападобны вобраз знявечанай плоці (немач не бывае прыгожай і ў спектаклі не эстэтызуецца) і нібыта перадаюць асаблівую оптыку медыкаў — не асоба, а хвароба, «прафесійную дэфармацыю», выразна пададзеную ў паводзінах персаналу, што робіць уколы пацыентам, шпурляючы ў іх, бы дроцікі, шпрыцы. Лялькі, штучныя фрагменты целаў у спектаклі ўвогуле ўспрымаюцца ўвасабленнем нечага нездаровага, закаснелага, сімвалам цялеснага і праявай фізіялагічнага аспекту жыцця, няважна: ідзе гаворка пра пацыента ці інтымныя стасункі доктара і Ганны Кірылаўны.
На фоне лялечных целаў і іх немачаў захворванне, што ахоплівае не толькі плоць, але і псіхіку, душу Палякова — адзінага, дарэчы, хто ў спектаклі не мае двайніка-ляльку, — выглядае асабліва жудасным: «несапраўднасць» першых адцяняе рэалістычнасць пакут жывога чалавека. Пры гэтым, трымаючыся шчырай, непрыхаванай дэманстрацыі развіцця хваробы доктара, рэжысёр усё ж адмаўляецца ад натуралізму: спускаючы штораз нагавіцы, лекар так і не зробіць сабе аніводнай ін’екцыі. Замест гэтага на аптэчнай паліцы кожны раз будзе з’яўляцца новая пасудзіна, што запаўняецца чырвонай вадкасцю — крывёй, разам з якой паступова пакідае Палякова жыццё.
Пасля заканчэння спектакля ясна разумееш: нічога дзіўнага ў звароце Карняга да Булгакаўскіх «Нататак...» насамрэч няма. «Дзённікі» маладога лекара і марфініста даюць магчымасць работы з тэмамі, і раней неабыякавымі рэжысёру: цялеснасцю, жыццём і смерцю, крохкасцю чалавека, нават здольнага вырваць іншага з яе абдымкаў, перад няўмольнасцю і непрадказальнасцю лёсу. Тэмамі вечнымі, актуальнымі для кожнага, незалежна ад эпохі і прафесіі.
Кацярына ЯРОМІНА
Фота Ганны Шарко з архіва Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек
Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва» [3]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/teatr
[3] http://zviazda.by/be/edition/litaratura-i-mastactva
[4] https://zviazda.by/be/tags/teatr
[5] https://zviazda.by/be/tags/mihail-bulgakau
[6] https://zviazda.by/be/tags/belaruski-dzyarzhaunay-teatr-lyalek
[7] https://zviazda.by/be/tags/natatki-yunaga-lekara