Вядомасць філакартычным захапленням калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава дадае яшчэ і яго надзвычайная зацікаўленасць у справе папулярызацыі гісторыі друкавання папяровай кнігі. Вось і 18 мая 2021 года а 15.00 гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё экспазіцыі «Друкарскі двор XVI cтагоддзя» у межах аўтарскага праекта лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава.
Праект будзе прадстаўлены ўзноўленым друкаваным станком XVI стагоддзя, на якім можна аддрукаваць першую старонку Бібліі Францыска Скарыны. Акрамя гэта, будзе прадстаўлена ўнікальная магчымасць вырабіць паперу па старадаўняй тэхналогіі ручнога адліву (вычэрпвання). І таксама пабачыць друкарскае абсталяванне канца XIX — пачатку XX стагоддзя. Адкрыццё экспазіцыі прымеркавана да штогадовага святкавання Міжнароднага дня музеяў.
Імправізаваная друкарня «Друкарскі двор XVI cтагоддзя» стане арганічным складнікам асноўнай экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.
Беларускі гісторык, філакартыст, калекцыянер член Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Ліхадзедаў, вывучаючы друкарскую справу, старыя дакументы, у якіх апісана тэхналогія стварэння паперы і сам друкаваны працэс, узнавіў Біблію першадрукара Францыска Скарыны. Па гравюрах быў выраблены станок. Наўмысна менавіта для яго адлілі матрыцы і формы з тэкстам Бібліі. Дзеючы станок такога характару з’яўляецца вялікай рэдкасцю, паколькі ў свеце здолелі вырабіць толькі некалькі падобных.
У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь чакаюць 18 мая ўсіх, хто нераўнадушны да кнігі, яе гісторыі, каго цікавіць друкарская справа.
Сяргей Шычко
Прэв'ю: сайт музея
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalny-gistarychny-muzey-belarusi
[2] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-lihadzedau