Я бачыў у сне касяк жураўліны.
Ён плаўна лунаў над маёю хацінай,
Над гаем, над вёскай, дзе я нарадзіўся
Над цэрквай, дзе імем «Міледзій» хрысціўся.
Анёлы звышы нам царкву фарбавалі
У колер нябёсны, і ў гонар назвалі
Міколы Свяціцеля! Веруйце, людзі,
Тут Бога ўслаўляйце, Ён нас не забудзе...
Калі табе ўжо семдзесят гадоў, можна забыцца пра вольны і спакойны сон, які ўласцівы далёкай бестурботнай маладосці. Бо цяпер больш сняцца трывожныя, часам тужлівыя сны, азмрочаныя хваробай і невыразнымі буднямі.
Але напярэдадні бацькоўскай суботы, менавіта дзясятага красавіка, як надзіва, прысніўся мне незвычайны, прывабліва-мройны сон, як у далёкім дзяцінстве. Бачыўся ён чамусьці ў васількова-яскравым колеры, як быццам бы я птушкай лунаю над роднымі мясцінамі малой радзімы, дзе ўжо даўно па волі лёсу не жыву, і з паднябеснай вышыні дзіўлюся на родны кут, на сваю некалі шматлюдную вёску Вусаўцы, што на Мёршчыне, дзе нарадзіўся ў пасляваенны год.
Нейкі час, зачараваны навакольнай прыгажосцю, кружыў у чуллівым сне над прасторай радзімага краю, над высокай Піліка-гарой з яе стромымі схіламі, над ціхаплыннай рачулкай, што стужкай абвівала вёску, а потым з завоблачнай вышыні спусціўся бліжэй да зямлі — а ўнізе, тут, безгалосая цішыня! У сне на бязмежнай ніве не трызніўся шум жыта, не чуўся духмяны пах чабару, толькі кідалася ў вочы пасівелая трава абапал вёскі на даўно не кошаных пожнях.
Прачнуўшыся, не мог паверыць — можа, не толькі сон усё, што зараз прысніў?
І калі нясмелая раніца стала прабівацца праз фіранкі, я ўжо быў на нагах. Памаліўшыся, папрасіў ва ўсёмагутнага Бога блаславення на паездку дамоў, на малую радзіму. Бо быў перакананы — гэта Госпад праз прарочы сон даў мне ведаць, што трэба абавязкова сёння, у бацькоўскую суботу падчас Вялікага посту, ізноў наведаць родныя мясціны і прывесці ў парадак могілкі родзічаў.
Спачатку вырашыў заехаць у Новапагосцкую царкву Свяціцеля Мікалая Цудатворца, дзе прыняў таінства хрышчэння, і якую, на жаль, з розных прычын наведваю не так часта.
Гісторыя храма
Новапагосцкая Мікалаеўская царква, да якой я прыехаў акурат да пачатку памінальнай службы, помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Яна пабудавана ў 1878 годзе пад наглядам протаіерэя Венядзікта Любінскага, які тут жа, побач з царквой, і пахаваны.
Будаваўся храм за кошт ахвяраванняў вернікаў, з цэглы і бутавага каменю. Накрыты шатровым дахам з цыбулепадобным купалам на 8-гранным барабане, з праваслаўным крыжам уверсе. Па сведчанні мясцовых жыхароў, з 1878 года храм Свяціцеля Мікалая Цудатворца не закрываўся, і богаслужэнні ў ім здзяйсняліся і ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і ў перыяд ганенняў. Царква з'яўляецца галоўным упрыгажэннем мястэчка, дзе жыве каля тысячы чалавек. У храме, якому ўжо 143 гады, можна не толькі памаліцца Богу, але і ёсць на што паглядзець — на ўбранне, старадаўнія абразы.
У царкве людзей было няшмат, некалькі чалавек з мясцовых пазналі мяне, і ў знак павагі мы прывіталіся адзін з адным кіўком галавы. Скляпенне пад купалам храма сімвалізуе злучэнне нябеснага і зямнога. Надзвычайнае ўражанне захавалася ў маёй памяці, калі звод быў яшчэ з густам распісаны, бачылася, як па блакітным небе плывуць невялічкія воблачкі, а сярод іх лунаюць анёлы. Цяпер увесь купал знутры пафарбаваны ў белы аднастайны колер — можа, не знайшлося сродкаў на рэстаўрацыю... І ў цэлым адчуваецца, што ўся старажытная царква, як звонку, так і ўнутры, патрабуе аднаўлення.
Усе з нецярпеннем чакалі пачатку богаслужэння, і я таксама пільна ўглядаўся, калі адкрыюцца царскія вароты і выйдзе святар. Пеўчых не было, адзін немалады ўжо мужчына, з чорнай, як сажа, барадой, хуткамоўна чытаў на клірасе малітву, а мне памятаецца, нават у савецкія часы ў Новапагосцкай царкве быў зладжаны, шматгалосы хор пеўчых. Бывала, як заспяваюць, аж сэрца заходзіцца, і душа ўзносіцца да нябёсаў.
У дзяцінстве я наведаваў царкву не так часта, бо савецкая школа не ўхваляла рэлігійныя служэнні, а за аслушэнства маглі і з піянераў або з камсамола выключыць. Але я з мамай употай па вялікіх святах усё роўна хадзіў у царкву, асабліва на Пакроў Прасвятой Багародзіцы, калі у Новапагосце ладзіўся вялікі фэст. На свяце заўжды было шмат людзей, з'язджаліся святары з усёй акругі, часам прыязджаў і сам Уладыка.
Як мяне хрысцілі
Помніцца, аднойчы на шляху з царквы дадому (а крочыць у маю вёску Вусаўцы трэба было амаль дзевяць кіламетраў па бярозавай алеі, якая цяністай сцяной цягнулася ўздоўж усёй дарогі) я захацеў высветліць паходжанне майго незвычайнага імя. І ў тую далёкую жоўтакудрую восень набожная мама распавяла, як праходзіў мой абрад хрышчэння і нарачэння мяне Міледзіем.
Нарадзіўся я ў дні шанавання святых апосталаў Пятра і Паўла, і звычайна імёны святых апосталаў атрымлівалі немаўляты, якія нарадзіліся ў гэтыя дні. Таму мама вырашыла назваць мяне Пятром, так і наказала хросным бацькам, што павезлі дзіця ў Новапагосцкую царкву. Хросная маці, Альдона Робертаўна Чарняўская, была маёй маме сяброўкай і стрыечнай сястрой, а хросны бацька — Васіль Уладзіміравіч Бортнік, спагадлівы сусед. І як казала мама, яна нават і ў думках не магла чакаць нейкай неспадзяванкі, бо Альдона надзейная сяброўка, а Васіль хоць і аматар выпіць, але пакуль з галавой сябраваў.
У дарогу нарачоным бацькам маці ў воз палажыла бутэльку гарэлкі і клунак немудрагелістай закускі, з думкай, хай на зваротнай дарозе перакусяць. Бо перш чым хрысціць дзіця ў царкве, варта хросным бацькам быць нашча, не еўшы, каб паспавядацца і прычасціцца.
І як потым расказала Альдона, Васіль, толькі ад'ехалі ад хаты, ураз парушыў усе царкоўныя каноны, адкаркаваў посуд з первачом і, нягледзячы на лаянку Альдоны, стаў «прычашчацца», прагна прыклаўшыся смаглымі вуснамі да рыльца бутэлькі. Маўляў, пасля ўчарашняй п'янкі ўсё гарыць унутры, не пахмяліўшыся, магу і памерці, а мне яшчэ трэба дзіця трымаць пры хрышчэнні.
І ўжо «падлячыўшыся», крыху хмельны Васіль завёў няпростую гаворку (прыводжу іх дыялог даслоўна, як казала нябожчыца-маці):
— Ведаеш, Альдона, мая жонка Ніна прапанавала назваць дзіця не Пятро, а Мілецій. Ён будзе звацца, як мой швагер, ну ты ведаеш яго, — Васіль з надзеяй паглядзеў на Альдону, якая трымала на руках спячае немаўля.
— Ты што, ашалеў ад гарэлкі, Васіль? — спуджана паглядзела на суразмоўніка Альдона. — А што нам Лідзя скажа?
— А Лідзі, я думаю, усё роўна, каго адной гадаваць, сірату Пятра ці Мілеція.
І, крыху памаўчаўшы, дадаў:
— Шкада, напакутуецца малец, бо нарадзіўся ў беспрасветнай галечы.
— Не сірата ён пры жывой маці, а час пакажа, можа, яшчэ вунь кім стане, галоўнае, каб быў здаровы, а Лідзя баба дужая і духам, і целам, адужае, падыме сына — нічога, што адна, яшчэ Бог і дзяржава дапамогуць, калі разумны будзе, вывучыць, — гледзячы на царкоўныя крыжы, якія ўжо бачыліся ўдалечыні, тройчы перахрысцілася Альдона.
—Ты мне, Альдона, не пярэч, назавем дзіця па-мойму, і баста, бо колькі я ведаю, усе, што ёсць у акрузе, Мілеціі — людзі добрыя, — адзначыў Васіль.
Альдона прамаўчала, бо што ж, праваслаўная царква аднолькава праслаўляе як апостала Пятра, так і святога пакутніка Мілеція.
Таінства хросту прайшло спакойна, апоўдні расхваляваная маці дачакалася ахрышчанага сына і чамусьці не вельмі сердавала, што хрысцілі яго пад другім імем. Але калі госці зайшлі ў хату і адкрылі царкоўныя метрыкі, былі вельмі здзіўленыя, бо там імя было запісана не Мілецій, а чамусьці Міледзій.
За святочна прыбраным сталом з няхітрымі пачастункамі ўсе доўга абураліся промахам бацюшкі, але калі выпілі за здароў'е новаахрышчанага Міледзія, вырашылі — няма чаго панікаваць. Можа, гэта сам Бог спаслаў мальцу імя Міледзій, значыць, так таму і быць. Беражы яго, Божа!
Сённяшні дзень царквы
Цяпер у Новапагосцкай царкве я ўбачыў маладога яшчэ святара. Пасля заканчэння царкоўнай службы бліжэй пазнаёміўся з бацюшкам. Айцец Уладзімір аказаўся добрым, зычлівым чалавекам. Нарадзіўся ён у Століне ў глыбока рэлігійнай сям'і, і, як вынік, два сыны, на радасць бацькам, сталі святарамі. Дружная сям'я іерэя Уладзіміра выхоўвае чатырох дзетак. Матушка Ксенія працуе сястрой міласэрнасці ў Мёрскай бальніцы і ў свабодны час дапамагае ў царкве, прыгожа спявае на клірасе.
За кубкам гарачай кавы, што прыгатавала матушка, мы завялі даверлівую гаворку. Доўга размаўлялі пра сучаснае жыццё і царкоўныя справы. Са слоў бацюшкі я даведаўся, што за апошнія гады царкоўны прыход значна паменшыўся. Гадоў двадцаць таму ён налічваў больш за трыццаць вёсак, а сёння з новым падзелам тэрыторый прыхода ў 2020 годзе засталося толькі восем вёсак, уключаючы мястэчка, дзе больш вернікаў-каталікоў. З гэтага з'явіліся фінансавыя цяжкасці. Пачалі рамонт царкоўных купалоў і не могуць скончыць — няма грошай, ужо не кажучы пра ўнутранае адстройванне. Душа баліць за старадаўнюю царкву, наракаў бацюшка. Вось шукаю спонсараў, але пакуль ніхто не адгукнуўся.
Мне неяк стала няёмка перад бацюшкам, нашы продкі сто сорак гадоў таму змаглі сваімі рукамі і за свой кошт пабудаваць прыгажуню-царкву, а мы сёння, у стагоддзе прагрэсіўных тэхналогій, калі ў кожнага з нас каля хаты паркуецца адзін, а то і больш асабістых аўтамабіляў, не можам ахвяраваць некалькі соцень рублёў на рамонт нашай мясцовай святыні. Не, не па-Божаму гэта, землякі, прыхаджане...
Падзякаваўшы матушцы Ксеніі за гасціннасць і духмяную каву, мы з бацюшкам Уладзімірам і яго сынамі схадзілі яшчэ раз да царквы і зрабілі некалькі памятных здымкаў.
Развітаўшыся з гасціннай сям'ёй святара, я паехаў наведаць Вусаўскія могілкі, адначасова заехаў ва ўрочышча Дубакі, дзе калісьці стаяў наш радавы хутар. На жаль, ад хаты не засталося нават адзінага каменя. Толькі пясчанае поле, засеянае жытам, рассцілалася ажно да Красноўскай гары.
Больш за гадзіну я папраўляў магілы родных, а потым з малітвай звярнуўся да Бога, каб спаслаў вечнае супакаенне душам памерлых родных і ўсіх землякоў.
Між дрэваў крыжы навяваюць спакой,
Вясковыя могілкі — помнік былога.
Наведаў сягоння я кут родны свой,
Хаджу між магіл, а ў душы штось трывога.
Камень надмагільны пад ценем бяроз
Вякамі стаіць, увесь мохам пакрыты.
Ён сведка людское пакуты і слёз,
А зараз вось бурыцца, ўсімі забыты.
Здалёку ці зблізку прыехаў, прыйдзі
На могілкі блізкіх, за іх памаліся.
Успомні свой род і свае карані,
І ўсім землякам да зямлі пакланіся.
Міледзій КУКУЦЬ, сябар Саюза пісьменнікаў Беларусі
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/krayaznaustva
[3] https://zviazda.by/be/tags/hramy-mayoy-radzimy