Фотавыстава «Птушкі Палесся» адкрыецца 19 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, паведамілі на сайце ўстановы культуры.
Выстава раскажа пра разнастайнасць і багацце беларускай прыроды. Яе галоўная мэта — прыцягнуць увагу да ўнікальных відаў птушак, нагадаць пра хараство палескага краю, а таксама звярнуць увагу на праблемы экалагічнага стану, відавой разнастайнасці і зацікавіць сучасным экалагічным хобі — бёрдвотчынгам.
«Гэта своеасаблівае падарожжа па Палессі з фатаграфіямі палескіх птушак і асяроддзя іх пражывання. Аўтары работ — беларускія фатографы Мікалай Варабей, Андрэй Шэўчык, Павел Лычкоўскі, Віктар Казлоўскі, Арцём Турлай, Васіль Федасенка і Сяргей Козак. Убачыць чорнага бусла або барадатую кугакаўку, навучыцца адрозніваць як мага больш відаў птушак, ведаць іх прывычкі і іншыя асаблівасці, палюбавацца ўнікальнай разнастайнасцю крылатых жыхароў Палесся — усё гэта можа зрабіць бёрдвотчар падчас падарожжа і наведвальнікі выставы «Птушкі Палесся», — адзначылі арганізатары.
Выстава з’яўляецца часткай праекта «Палессе — дзікая прырода без межаў», які працуе дзеля захавання дзікага асяроддзя аднаго з найвялікшых прыродных ландшафтаў Еўропы.
Арганізатары экспазіцыі — Нацыянальная бібліятэка, ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і Беларускі клуб фатографаў дзікай прыроды.
Выстава будзе працаваць да канца чэрвеня.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalnaya-bibliyateka
[2] https://zviazda.by/be/tags/vystava
[3] https://zviazda.by/be/tags/ptushki
[4] https://zviazda.by/be/tags/palesse