Першым па дапамогу да міліцыянераў звярнуўся мужчына, які распавёў, што яго знаёмы ўзяў грошы ў доўг і не аддае. Так у поле зроку праваахоўнікаў трапіў 34-гадовы жыхар абласнога цэнтра.
Высветлілася, што яго маніпуляцыі з даверлівасцю знаёмых ужо пастаўлены на паток. Падазраваны на розных падставах угаворваў людзей аформіць на сябе тавары, за якія абяцаў выплачваць крэдыты.
На самай жа справе ён толькі ўносіў невялікую суму, ды і тую браў ад наступнага пацярпелага, паведамляе аддзяленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Віцебскага аблвыканкама. У выніку аператыўнікам удалося ўстанавіць, што ахвярамі дзялка сталі мінімум 23 чалавекі. Агульны доўг перад імі налічвае ўжо амаль 160 тысяч рублёў. Здабычай падазраванага сталі шматлікія дарагія гаджэты і бытавая тэхніка. Завалодаўшы чужой маёмасцю, мужчына рэалізоўваў яе праз скупшчыкаў або інтэрнэт. У дачыненні да грамадзяніна распачалі крымінальную справу, таксама ўстанаўліваюцца іншыя пацярпелыя ад яго крымінальнай дзейнасці.
Сяргей РАСОЛЬКА
Прэв’ю – pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ashukanstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/mus
[3] https://zviazda.by/be/tags/vicebskai-ablvykankam