Жыхар Касцюковічаў Сяргей Ушакоў нарадзіўся ў вёсцы Малы Хоцімск, але ў выніку аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі яго малая радзіма аказалася ў небяспечнай зоне і была выселена.
Населены пункт закапалі, і толькі могілкі нагадваюць, што тут было паселішча. Але для Сяргея яго малая радзіма жывая. Ён наведвае родны куток сама меней тры разы на год — на Радаўніцу, на Дзень Перамогі і на Дзень Незалежнасці: каб прыбраць могілкі, ускласці кветкі, паставіць шыльдачкі з фатаграфіямі там, дзе жылі яго бацькі і дзяды (такая незвычайная і патрыятычная ў Сяргея традыцыя). Сяргееў дзед і сам быў ветэранам вайны, а яшчэ ён сябраваў з легендарным суседам — поўным кавалерам ордэна Славы Іванам Зайцавым.
— Пра слаўнага суседа мне часта расказваў дзядуля. Магіла франтавіка знаходзіцца на нашых вясковых кладах, — распавядае Сяргей Ушакоў. — У дзевяностых гадах, калі мы сталі перасяленцамі, я пачаў наведваць памятны куток і, вядома, даглядаю магілы не толькі сваіх продкаў, але і знакамітага земляка. І для мяне гэта вельмі ганарова!
Падпалкоўнік Сяргей Ушакоў працуе ў раённым упраўленні МНС, з'яўляецца намеснікам камандзіра па палітычнай частцы. Служба службай, але непахіснае стаўленне да малой радзімы, да гісторыі і да жыцця — добры прыклад патрыятычнага выхавання. Дзякуючы Ушакову я таксама даведаўся яшчэ пра аднаго героя звяздоўскага праекта «Дарогамі Славы».
Анатоль КЛЯШЧУК
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/fota-dnya