Снюс — адносна новае наркатычнае рэчыва, якім часам надта захапляюцца школьнікі. Гэта так званы тытунёвы прадукт для рассмоктвання. У чым яго небяспека? І як зразумець, што вашае дзіця ў бядзе? Пра гэта мы пагутарылі з загадчыкам падлеткавага аддзялення Гарадскога клінічнага наркалагічнага дыспансера Людмілай Шпакоўскай.
— Здаецца, што сучасныя падлеткі сталі менш курыць традыцыйныя цыгарэты — яны цяпер не надта папулярныя ў маладзёжным асяроддзі...
— Падлеткі ўсё роўна кураць цыгарэты. Але тых, хто звяртаецца да нас з жаданнем кінуць курыць, вельмі мала. Звычайна, калі падчас гутаркі мы даведваемся, што ёсць гэтая шкодная звычка, і прапаноўваем дапамагчы ад яе пазбавіцца, яны пацвярджаюць, што хацелі б гэтага. Аднак як толькі кажаш, што прыйсці да спецыяліста прыйдзецца некалькі разоў, жаданне адразу знікае. Падлеткі, гэтак жа, як і дарослыя, мараць ужыць адну таблетку і пазбавіцца ад шкоднай звычкі раз і назаўсёды. На жаль, так не бывае.
— Цяпер моладзь замяняе традыцыйныя цыгарэты так званымі снюсамі...
— Сапраўды, на рынак вельмі актыўна выходзяць новыя аналагі тытунёвых вырабаў. А калі яны добра разрэкламаваныя і пра іх усюды гавораць, безумоўна, падлеткі спрабуюць іх, бо падлеткавы ўзрост характарызуецца гатоўнасцю тэсціраваць на сабе ўсё новае.
Што датычыцца некурыльных відаў тытуню, то больш за ўсё на цяперашні момант у нас выклікаюць апасенні снюсы. Сёння яны прадстаўлены вырабамі як фабрычнай, так і саматужнай вытворчасці. Тытунёвыя кампаніі пазіцыянуюць снюсы як рэчывы, што дапамагаюць кінуць паліць. Насамрэч гэта не зусім так, бо ў іх утрымліваецца тытунь у выглядзе здробненых лістоў, акрамя таго, вада, увільгатняльнік, сода, соль ці цукар у якасці кансерванту, часам могуць дадавацца розныя хімічныя рэчывы, у прыватнасці, гліцэрыны і прапіленгліколь, араматычныя дабаўкі. Аднак асноўная небяспека ў тым, што ў складзе ёсць тытунь, а ён утрымлівае нікацін, які выклікае залежнасць.
Чаму кампаніі прыдумваюць некурыльныя віды тытуню? Для таго каб іх можна было выкарыстоўваць у месцах, не прызначаных для курэння — на дыскатэках, у рэстаранах, кафэ, на прыпынках грамадскага транспарту, у бібліятэках, дзе чалавек можа знаходзіцца дастаткова доўга. І калі неабходна наступная доза нікаціну, бо арганізм залежнага рэагуе на гэта пэўным чынам, чалавек можа спакойна залажыць пакецік снюса за губу і працягваць свае заняткі, не наносячы шкоду навакольным. Сусветная арганізацыя аховы здароўя выступае за пашырэнне месцаў, дзе забаронена курэнне. У адказ на гэта былі створаны снюсы.
Але для тых падлеткаў, якія не курылі ўвогуле ці курылі дзве-тры цыгарэты на дзень, вядома, снюсы паскараюць развіццё залежнасці. Прыкладна праз 15 секундаў пасля таго, як сумесь трапіла ў рот, нікацін праз кроў паступае ў галаўны мозг. Гэта больш хуткі шлях, чым пры курэнні. Акрамя таго, як вядома, нікацін уздзейнічае на дафамінавыя рэцэптары. Дафамін — рэчыва, якое ўплывае на фарміраванне матывацыі і паводзін у чалавека. Уздзейнічае нікацін і на выпрацоўку такіх гармонаў, як адрэналін, норадрэналін, якія самі па сабе з'яўляюцца стрэсавымі. Многія курцы кажуць, што нікацін, наадварот, здымае стрэс — пакурыў і супакоіўся. У плане фізіялогіі гэтага нельга сказаць, бо нікацін выклікае выдзяленне стрэсавых гармонаў. Аднак паколькі выпрацоўваюцца яшчэ і іншыя гармоны — эндарфіны, якія паляпшаюць настрой, а дафамін яго замацоўвае, то сапраўды здаецца, што настрой паляпшаецца, за кошт чаго і фарміруецца залежнасць.
Што датычыцца фабрычных снюсаў, то колькасць нікаціну ў іх утрымліваецца вельмі розная. Здараецца, што і адна «закладка» прыраўноўваецца ад пяці ада дзесяці выкураных запар цыгарэт. Таму казаць пра тое, што снюсы дапамагаюць кінуць паліць, нельга. Многія бацькі самі іх набываюць дзецям з улікам таго, што так быццам бы можна пазбавіцца ад звычкі курыць. На самай справе гэтага не адбываецца.
— Калі адзін раз паспрабаваць снюс, залежнасць сфарміруецца?
— Не. Але ў кожнага свае асаблівасці, і за адзін раз можна атрымаць атручэнне нікацінам. У нас ужо ёсць выпадкі, калі дзеці траплялі ў стацыянары з нікацінавым атручэннем снюсамі.
Калі вэйпы і электронныя цыгарэты ўжываюць пераважна ва ўзросце 16—17 гадоў, то снюсы — у 12—13 гадоў. Таму важна ўсведамляць, што яны ўтрымліваюць нікацін, і яго доза можа быць вялікая. Добра, калі побач апынецца чалавек, які выкліча «хуткую дапамогу», нярэдка ж дзеці палохаюцца і разбягаюцца, кідаючы сябра, якому стала дрэнна, аднаго.
У снюсы дадаюцца і араматызатары, якія таксама тояць небяспеку. Ад іх можа наступіць нават анафілактычны шок, бо цяпер нямала дзяцей, схільных да алергічных рэакцый. На якое рэчыва ў першы раз яна праявіцца, спрагназаваць складана. Людзі, што саматужным спосабам робяць снюсы для сябе, звычайна дадаюць у якасці кансерванту соль ці цукар. У саматужных снюсах, якія вырабляюцца на продаж, могуць утрымлівацца і наркатычныя рэчывы, бо адсачыць такую вытворчасць складана. Зыходзячы з нашага вопыту са спайсамі, мы гэтага апасаемся. Бо спачатку і спайсы пазіцыянаваліся як бясшкодныя і даступныя, пакуль мы не атрымалі хвалю са смяротнымі выпадкамі.
Яшчэ адзін варыянт, які выкарыстоўваецца людзьмі, што хочуць кінуць курыць, — спецыяльныя курыльныя палачкі без тытуню. Многія маладыя людзі трапляюць у гэтую пастку, бо лічаць, што калі няма тытуню, то гэта бясшкодна. Насамрэч туды дабаўляецца штучны нікацін. Але зноў-такі мала хто пра гэта чытаў. І тут таксама можа фарміравацца нікацінавая залежнасць — паспрабаваў раз-два-тры і пайшло.
— А вэйпы, ці электронныя цыгарэты, не ўтрымліваюць нікацін?
— Так. Але тут паўстае пытанне: для чаго выкарыстоўваць гэты, папросту кажучы, парагенератар? Пра наступствы ад яго медыцына даведаецца не так хутка. Патрэбна яшчэ хоць бы дзесяцігоддзе іх ужывання, каб мы маглі іх ацаніць. Так, пры курэнні вэйпаў няма згарання тытуню, адпаведна, няма дыму, але там ёсць хімічныя рэчывы. У прыватнасці, у вадкасць для электроннай цыгарэты, як і ў снюсы, дадаюць прапіленгліколь, а ён таксічны для нашага арганізма. І мы не ведаем, на чым будзе сканцэнтравана ўздзеянне: на ротавай поласці, гартані, бронхах, а магчыма, і на цэнтральнай нервовай сістэме. Пакуль занадта кароткі тэрмін назірання за іх ужываннем. Аднак ужо цяпер некаторыя вучоныя сцвярджаюць, што наступствы ёсць — не ад тытуню, мыш'яку і вуглякіслага газу, а ад уздзеяння іншых хімічных злучэнняў на нашу дыхальную сістэму.
Падлеткі ўжываюць электронныя цыгарэты ў асноўным у кампаніі. І заўсёды падкрэсліваюць, што гэта ж бясшкодна. І ў мяне адразу ўзнікае пытанне: а навошта ўвогуле электронная цыгарэта? І тут адразу відавочныя псіхалагічныя праблемы: яна або для таго, каб быць прынятымі ў кампанію, або каб адчуць сябе больш значнымі, бо ў падлетка нізкая самаацэнка. Таму тут трэба разглядаць момант ужывання такіх вырабаў з псіхалагічнага пункту погляду.
Бацькам важна заўважыць першую спробу ўжывання, паразмаўляць і высветліць, чаму так адбываецца. Адна справа — паспрабаваць, хоць гэта шкодна, з цікаўнасці, каб адчуць, чаму людзі ўсё роўна ўжываюць. Пры такім варыянце часта дастаткова проста пагаварыць з падлеткам, і ён спыніцца. Калі ж дзіця ўжывае, каб здавацца дарослым ці так лягчэй уліцца ў кампанію, гэта іншае пытанне. Спытайце і разам паразважайце, для чаго яму гэта кампанія і чаму ён хоча ў яе трапіць, ды і ці патрэбна тое ўвогуле.
У любым выпадку, калі падлетак спрабуе снюсы ці электронныя цыгарэты, дзе гарантыя таго, што ён не пераключыцца потым на наркотыкі? Трэба ж і далей штосьці спрабаваць. Калі ў яго такое імкненне ёсць, значыць, трэба працаваць з ім.
Чым могуць дапамагчы бацькі?
— Што павінны рабіць бацькі, калі заўважылі ў падлетка вэйп ці даведаліся, што ён пачаў ужываць снюсы?
— Найперш паразмаўляць. Спытайце, для чаго пускаць пару? Паспрабаваў ты адзін, другі раз, а што далей? Нават калі гэта бяспечна, навошта ўжываць? Што гэта дае? Чаму ты не можаш сказаць у сваёй кампаніі, што ты гэтага не хочаш? У прынцыпе, усе падобныя пытанні могуць быць абмеркаваны ў сям'і. І часта гэтага дастаткова: паспрабаваўшы, падлетак не будзе вяртацца да электроннай цыгарэты ці снюса.
Калі ж ён не хоча спыняцца і працягвае ўжываць, варта звярнуцца да спецыялістаў. Гэта або псіхолаг, або ўрач-нарколаг. Спецыяліст найперш высвятляе, чаму тое адбываецца. І ўзнікае шмат нюансаў, у прыватнасці, часта гэта пытанні дзіцяча-бацькоўскіх адносін. І іх трэба вырашаць, бо яны могуць выліцца ў больш істотныя праблемы.
Аднак бацькі баяцца звяртацца да ўрача-нарколага: дзіця не п'е, не ўжывае наркотыкі, навошта? Тут трэба ўсведамляць, што часта ўжыванне такіх рэчываў — наступства таго, што адбывалася ў сям'і. І для таго, каб папярэдзіць падзенне, важныя ўзаемаадносіны дзіцяці і бацькоў. Сёння нярэдка гэта вялікая праблема. Не ўсе бацькі разумеюць пэўныя нюансы: перыяды сталення дзіцяці і што з ім адбываецца, як трэба рэагаваць, на што не звяртаць увагу, а на чым абавязкова яе акцэнтаваць і не дапускаць паўтарэння. Гэтым мы і займаемся. І чым раней бацькі звернуцца да нас, нават з праблемамі дзіцяча-бацькоўскіх адносін, тым лепш.
Ёсць перыяды, калі мама адчувае, што страчвае дзіця. Яно стала скрытнае, не камунікуе, паміж імі знік давер. Такое можа быць у любым узросце. З улікам таго, што падлеткавы ўзрост зніжаецца, дзеці і ў 12 гадоў могуць уступаць у складаны этап. Калі бацькі добра кантактуюць з дзіцем, яны абавязкова тое адчуюць. Не варта ўсё спісваць на падлеткавы ўзрост, бо праблема сама сабой не вырашыцца. Ёсць выпадкі, калі да нас звяртаюцца з 13-гадовымі дзецьмі, якія год сядзяць на наркотыках, пры гэтым бацькі разумелі, што нешта адбываецца, але падумалі, што гэта падлеткавы ўзрост, і супакоіліся. А ў дзіцяці ўжо сфарміравана залежнасць.
Бацькі павінны ўсведамляць, што ніводнае дзіця нельга засцерагчы і гарантаваць, што яно ніколі не сутыкнецца з кампаніяй, дзе ўжываюць снюсы, электронныя цыгарэты, алкаголь ці наркотыкі. Ёсць дзеці, якія вучацца ў гімназіі і наведваюць выдатныя гурткі ці секцыі, і пры гэтым ужываюць наркотыкі. Тут важна адно: каб у вашага дзіцяці была выпрацавана ўстаноўка, што гэта дрэнна, што гэтае рэчыва не дапаможа яму справіцца з нейкай жыццёвай сітуацыяй ці не дасць стымул для развіцця, таму ўжываць яго нельга.
Бацькі і самі падлеткі могуць звяртацца ананімна і бясплатна ў падлеткавае аддзяленнне Гарадскога клінічнага наркалагічнага дыспансера, які працуе на базе 5-й гарадской дзіцячай паліклінікі па тэлефоне 235-36-31. Інфармацыя пра зварот у такім выпадку не паступае ні ў праваахоўныя органы, ні ў навучальныя ўстановы.
Алена КРАВЕЦ
Фота: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/snyus
[5] https://zviazda.by/be/tags/lyudmila-shpakouskaya
[6] https://zviazda.by/be/tags/shkolniki-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/dzeci