Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця горада Мінска. У нарадзе прымалі ўдзел старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Мінску Аляксандр Барсукоў і ўпаўнаважаныя па Мінску Наталля Качанава і Іван Кубракоў. Таксама Прэзідэнт даручыў запрасіць кіраўнікоў адміністрацый раёнаў сталіцы.
Нарада пачалася з хвіліны маўчання па лётчыках, загінулых учора ў Баранавічах.
«Гэтыя людзі сапраўды здзейснілі подзвіг»
«Сёння ўжо вядома, што гэтыя людзі здзейснілі подзвіг, пасля расшыфроўкі дадзеных чорных скрынь», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён расказаў, што падчас трэніровачнага палёту ў самалёта Як-130 адзін за адным адмовілі ўсе ўзроўні сістэмы кіравання, адмовілі за адну хвіліну. Апошні, рэзервовы ўзровень працаваў з моцнымі перабоямі. Але пілоты змаглі адвесці самалёт ад яшчэ большай бяды і накіраваць яго на адзіны невялікі ўчастак зямлі. Як паказалі расшыфроўкі чорных скрынь, пілоты змагаліся да канца. «Пілоты не катапультаваліся, проста аднаго выкінула катапультай падчас удару аб зямлю. Яны змагаліся да канца, разумеючы, што ў іх няма часу і што бяда будзе, калі самалёт упадзе на жылыя кварталы. Загінулі два гераічныя чалавекі», — сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падзякаваў беларусам, якія выказваюць спачуванні сем’ям загінулых герояў. «Я яшчэ раз даў даручэнне дзяржсакратару (дзяржсакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч. — заўв. «Зв.»), каб звязаліся з сем'ямі, асабліва маёра, у якога трое дзяцей, каб аказаць усялякую падтрымку», — расказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён даручыў старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай сачыць за гэтым пытаннем, каб сем’і не былі пакрыўджанымі. «Падтрымліваць сем’і, асабліва дзетак, неабходна», — канстатаваў беларускі лідар.
«На жаль, ёсць і іншыя людзі, інакш як мярзотнымі іх не назавеш. Сродкі масавай інфармацыі ўчора агучылі, некаторыя з іх посціліся, як звычайна, у сваіх брыдкіх старонках. Я папрашу перадаць старшыні КДБ па максімуме вызначыць гэтых мярзотнікаў. Калі здарыцца не дай бог бяда ў краіне, кажучы мовай мінулай вайны, гэта будучыя паліцаі, якія будуць паліць і забіваць, не шкадуючы нікога. І мы павінны іх ведаць у твар. Я кажу гэта шчыра, каб у нашым грамадстве разумелі — гэта мярзотнікі», — працягнуў Прэзідэнт, кажучы пра аўтараў негатыўных каментарыяў у інтэрнэце.
«Апярэджваць запыты насельніцтва»
Пасля ўдзельнікі нарады вярнуліся да галоўнай тэмы сустрэчы. Яны абмеркавалі бягучую абстаноўку ў горадзе і перспектывы развіцця сталіцы.
«Я запрасіў сюды больш шырокі склад, чым планавалася. Я лічу, што кіраўнікі адміністрацый Мінска павінны прысутнічаць, таму што без іх будзе цяжка вырашыць тыя пытанні, задачы, якія сёння стаяць перад Мінскам і якія трэба вырашаць. Я палічыў патрэбным запрасіць вас, таму што маё стаўленне да сталіцы і арганізацыі кіравання ёю традыцыйна некалькі адрозніваецца ад падыходаў да іншых гарадоў і раёнаў краіны», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ўсе працэсы ў Мінску працякаюць нашмат хутчэй (ды і адчуваюцца яны вастрэй), чым дзе б там ні было. Таму, па яго словах, неабходна апярэджваць запыты насельніцтва ці, па меншай меры, аператыўна рэагаваць на іх. А калі ёсць нейкія негатыўныя моманты, то загадзя папярэджваць іх.
«Павінен сказаць шчыра, я пакуль не бачу па ўсіх напрамках гэтага папярэджання неспрыяльных момантаў. Яшчэ раз падкрэсліваю — час і сітуацыя, якая складваецца вакол нас, не дае падстаў для паслаблення. Асабліва ў Мінску. Усе гэтыя падзеі апошняга часу — гэта Мінск», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
«Усё, што ў вашым раёне і на тэрыторыі горада — гэта ваша»
У першую чаргу Прэзідэнт пацікавіўся эканомікай і сацыяльнай сферай горада. «Я хачу, каб вы разумелі, і кіраўнікі адміністрацый, і старшыня гарвыканкама, у вас няма чужых прадпрыемстваў. Калі хтосьці думае, што МТЗ, МАЗ і іншыя буйныя прадпрыемствы рэспубліканскага падпарадкавання не вашы, а міністра або ўрада, вы памыляецеся. Усё, што ў вашым раёне і на тэрыторыі горада — гэта ваша, там працуюць мінчане. Вы павінны былі знайсці спосаб каардынацыі сваёй працы з рэспубліканскімі органамі кіравання па гэтых і іншых прадпрыемствах», — падкрэсліў ён.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на сацыяльную сферу. У Мінску жыве мноства пенсіянераў, дактароў, настаўнікаў. Па яго словах, абставіны паказалі, што не ўсе працаўнікі розных сфер аказаліся на вышыні.
«З аднаго боку, па выніках 4 месяцаў эканоміка Мінска перастала падаць і выйшла на невялікі рост. Склалася добрая сярэдняя заработная плата (амаль 2 тысячы рублёў у сакавіку), — сказаў кіраўнік дзяржавы, — З іншага боку, у Мінску перавышаная планка ў 2 мільёны жыхароў».
«Нельга расцягваць Мінск, ён не гумовы, мы робім горш і для будучых жыхароў, якія сюды прыязджаюць, і для мінчан цяпер. Вы бачыце, што ўжо з'явіліся пробкі на дарогах, але вы не бачыце, якую загазаванасць яны ствараюць у Мінску. Толькі пробкі, не кажучы ўжо пра іншыя прадпрыемствы. Нельга такімі тэмпамі забудоўваць Мінск», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Па яго словах, гэта прывядзе да праблемы працоўнай сілы. «Зноў будзем будаваць тут прадпрыемствы, зноў будзем гадзіць атмасферу ў Мінску і вакол. Мы сцягваем з далёкіх куткоў краіны людзей у Мінск. Мы паўторым вопыт Масквы, — сказаў Прэзідэнт, — Любы іншы горад я б толькі хваліў за гэта. Але для Мінска гэта не тая тэндэнцыя, якую хацелася б замацоўваць. Тым больш што на гэтым фоне колькасць занятых у эканоміцы зніжаецца. Да чаго прыводзяць такія „нажніцы“ — вам вядома».
«Любыя мерапрыемствы павінны быць прадуманыя»
Другое пытанне, на якое звярнуў увагу беларускі лідар — грамадска-палітычная сітуацыя ў сталіцы. Ён пацікавіўся, што больш за ўсё хвалюе людзей, што трэба зрабіць, каб не даваць падстаў для раскачкі абстаноўкі.
Трэцім пытаннем, якое цікавіла Прэзідэнта стала праца гарадскіх службаў падчас масавых мерапрыемстваў. «Наперадзе лета і мноства масавых мерапрыемстваў. Мерапрыемствы масавыя — гэта добра. Толькі праводзіць іх трэба не для таго, каб адзначыць, што мы правялі мерапрыемства, і далажыць пра гэта. Любыя мерапрыемствы павінна быць прадуманы і мець пэўную ідэалагічную аснову», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён асабліва звярнуў увагу на тое, як арганізавана работа ўсіх службаў — ад камунальных ды сэрвісных і тых, хто забяспечвае грамадскую бяспеку. «Нельга наплявацельскі ставіцца да месцаў і мерапрыемстваў, куды запрошана вялікая колькасць людзей», — канстатаваў беларускі лідар.
«Якія прапановы пара рэалізаваць на карысць жыхароў горада»
Аляксандр Лукашэнка спытаў, як выконваюцца яго асобныя даручэнні, якія ў найбольшай ступені актуальныя для Мінска, у прыватнасці, рэалізацыя значных інвестыцыйных праектаў. «Мы што, далей будзем трываць газпрамаўскі забор у цэнтры Мінска? Яны ж прасілі, дайце нам зямлі пабудаваць прыгожы будынак, дзе гэты будынак?» — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка ўспомніў і шэраг іншых праблемных кропак і праектаў: «Па іранскім праекце, ці чый там праект... Гэта праспект Незалежнасці — гэта твар не толькі Мінска, але і краіны. Да якога часу гэта трэба цярпець? Ракаўскае прадмесце — там аб'ектаў нямала».
А таксама кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на рацыянальнае выкарыстанне зямель, эфектыўнасць работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. «Як паведамляе Камітэт дзяржаўнага кантролю, тут не ўсё гладка», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Вы ўжо прапрацавалі некаторы час на пасадзе кіраўніка горада і паспелі ўбачыць усе моцныя і слабыя бакі жыцця сталіцы. Таму хацеў бы пачуць прапановы, якія, як вы лічыце, наспелі, запатрабаваныя людзьмі і якія пара рэалізаваць на карысць жыхароў горада», — звярнуўся Прэзідэнт да старшыні Мінскага гарвыканкама Уладзіміра Кухарава.
Прэзідэнт падкрэсліў, што праект Указа, накіраваны на ўдасканаленне ў Мінску сістэмы мясцовага самакіравання, быў зразумелым і даступным для людзей, а не толькі для чыноўнікаў, якія гэта распрацавалі.
«Маю прынцыповую пазіцыю вы ўсё ведаеце. Нам трэба, каб у грамадстве пераважалі канструктыўныя сілы, якія накіраваны на рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў поўным аб'ёме», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Каментарыў у тэму
Пасля нарады ў Прэзідэнта старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў расказаў журналістам, што абямркоўвалася на сустрэчы. Па яго словах, кіраўніка дзяржавы падрабязна цікавіла развіццё ўсіх галін сталіцы.
«Не зніжаць тэмпы»
«Асобна было адзначана пытанне эканомікі. Сёння эканоміка горада Мінска функцыянуе ў рабочым рэжыме, праблемных пытанняў няма. Мы забяспечылі выкананне трох з чатырох паказчыкаў», — адзначыў Уладзімір Кухараў. Ён расказаў, што чацвёрты паказчык — гэта інвестыцыі ў асноўны капітал. «Прэзідэнт даручыў адпрацаваць сумесна з урадам і Нацыянальным банкам падыходы да фінансавання інвестпраектаў, фінансавання эканомікі», — расказаў старшыня гарвыканкама.
«Высокімі тэмпамі развіваецца знешнеэканамічная дзейнасць, экспарт тавараў за 4 месяцы склаў 139 %, экспарт паслуг — 105,9 %, у прынцыпе забяспечана выкананне заданняў па рэнтабельнасці, па выручцы. Рост заработнай платы склаў 114 %, напаўненне бюджэту — 116 % па ўзроўні мінулага года. Прэзідэнт даручыў не зніжаць гэтыя тэмпы і забяспечыць выкананне ўсіх сацыяльна-эканамічных пытанняў», — распавёў Уладзімір Кухараў.
«Да 1 жніўня — даць канкрэтныя прапановы»
Вялікую ўвагу ўдзельнікі нарады ўдзялілі будаўнічай сферы сталіцы. «Дадзены даручэнні забяспечыць функцыянаванне будаўнічай галіны, завяршыць будаўніцтва аб'ектаў, якія знаходзяцца на кантролі ў кіраўніка дзяржавы. Асобная задача стаіць па інвестпраектах, па даўгабудах. Да 1 жніўня трэба ўнесці канкрэтныя прапановы па кожным аб'екце для таго, каб даўгабудаў больш не было. Таму што яны доўгі час сваім знешнім выглядам псуюць стан горада», — канстатаваў мэр Мінска.
Адна з асноўных задач, якую Прэзідэнт паставіў перад кіраўніцтвам Мінска — праца над рацыянальным ужываннем электраэнергіі падчас будаўніцтва і ацяплення жылля, рамонтных работ.
«Сістэма мясцовага самакіравання патрабуе аптымізацыі»
Журналісты пацікавіліся ўказам, накіраваным на ўдасканаленне сістэмы мясцовага самакіравання. Уладзімір Кухараў растлумачыў яго сутнасць. «Мы бачым, што сістэма мясцовага самакіравання патрабуе аптымізацыі. Сёння раённыя адміністрацыі невялікія па складзе, а колькасць насельніцтва раёнаў даволі высокая. У Фрунзенскім раёне — 470 тысяч чалавек, 320 тысяч у Маскоўскім. І арганізаваць працу і дайсці да праблем кожнага чалавека бывае складана. Мы ўнеслі прапановы для таго, каб максімальна ўключаць жыхароў, каб яны ўносілі свае прапановы, а мы іх абмяркоўвалі і аператыўна вырашалі. Мяркуецца стварэнне спецыяльных органаў, куды будуць уключаны прадстаўнікі грамадскасці, прадпрыемстваў, органаў мясцовага самакіравання, каб яны ўвесь час працавалі з насельніцтвам і вырашалі праблемы па месцы пражывання», — расказаў ён.
«У Мінску з'явіцца помнік мітрапаліту Філарэту»
Уладзімір Кухараў расказаў, што Прэзідэнт даручыў заняцца ўстаноўкай помніка Патрыяршаму экзарху мітрапаліту Філарэту. «Мы прыступаем да распрацоўкі праекта, каб у бліжэйшыя тэрміны каля Кафедральнага сабора быў усталяваны помнік мітрапаліту Філарэту».
«З улікам таго, што сёння на нарадзе прысутнічалі кіраўнікі адміністрацый раёнаў, былі пазначаныя канкрэтныя задачы па кожным раёне», — канстатаваў старшыня Мінскага гарвыканкама.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[5] https://zviazda.by/be/tags/narada
[6] https://zviazda.by/be/tags/prezident
[7] https://zviazda.by/be/tags/palityka