Гэту гісторыю трэба пачаць здалёку, з таго, што некаму шчасціць у жыцці, а некаму — не. Юлі (цяпер яна ўжо і Раманаўна) людзі заўжды спачувалі, казалі, што ў яе бяда па бядзе як па нітачцы ідзе... Рана аўдавела гэтая гаротніца, сама гадавала, замуж аддавала дачку, а потым і... пахавала яе. Зноў, яшчэ раз, засталася з дзіцем: цяпер ужо з сямігадовым унукам Паўлікам.
Хлопчык пацешным рос (бацька да сёння сена сабакам косіць... Ніхто не ведае, дзе): не хварэў, добра скончыў школу і будаўнічы тэхнікум, адслужыў у войску, у Мінску ўладкаваўся на працу, ажаніўся. Баба Юля («казка» хутка расказваецца...) нават праўнука прычакала!..
Адно яе непакоіла: Паўлік па-ранейшаму жыў у прымах, у цешчынай кватэры. На сваё асобнае жытло ўсё не хапала грошай, хоць і сам ён працаваў як мураш, ды і бабуля адпачынку не ведала. Карову, праўда, ужо не трымала, а вось вялікі парсюк у хляве заўсёды рохкаў, куры на падворку грэбліся, гусі па садзе расхаджвалі і ў гародзе радзіла ўсё. Было што прадаць, было што Паўліку даць з сабою, калі ў госці да яе прыязджаў.
Не шкадавала бабуля і грошай, бо ўсё не марна было. Яе ўнук будаваў у Мінску сваю двухпакаёвую кватэру. Расказваў ёй, як атрымаў ключы, якія купіў шпалеры... А ўрэшце запрасіў бабулю на ўлазіны. «Дык трэба ж катка... Каб прыгожа, па-людску», — з радасці адазвалася тая. «Не, давай без гэтага, — папрасіў унук. — У жонкі на поўсць алергія...»
«Значыць, трэба нешта іншае? — падумала баба Юля і ўспомніла, што некалі яе родная сястра таксама заязджала ў новае жытло без ката, а хатніка, дамавіка, між тым, «перавозілі» — у левым лапці...
Уявіла бабуля, як пасадзіць яго, як праўнучак Міхасёк за абору, нібы ў карэце, павязе, як перацягне цераз парог у новую кватэру, — і так ёй радасна стала!
Назаўтра ў пошуках лапця яна перавярнула ўвесь свой падворак, абышла, апытала суседзяў і ўрэшце знайшла патрэбнае! Лапаць быў якраз такі, як ёй хацелася: стары, лазовы, з аборай... Заставалася адчысціць яго ад старога бруду, пакласці цукерак-сухарыкаў і дзён колькі патрымаць на печы — завабіць дамавічка. А потым...
Усё як належыць: бабуля нарыхтавала розных гасцінцаў і рушыла ў сталіцу.
...Паўлава цешча павіталася з ёй досыць ветліва, прыняла і цяжэйшую сумку з вясковымі прысмакамі (госця заспяшалася ў пакой да праўнука), і лягчэйшую з падарункамі, а стала ўсё распакоўваць, раскладваць што куды — і аж скамянела: там, у асобным пакеціку з блакітнай стужкай, ляжаў... стары атопак з нейкім барахлом. «Вядзьмарка! Чараўніца... На Палессі многа такіх, — падумала цешча. — Не іначай на смерць мне штосьці зрабіла, каб і гэтая кватэра ўнуку засталася... Дык жа не! Так не будзе!..»
Схапіла яна гэты скрутак, шпурнула ў смецце і нават вядро з ім тут жа панесла на вуліцу.
...А дома тым часам ішлі апошнія зборы: Паўлік з усімі сваімі збіраўся ехаць у новую кватэру. «Мы бяром з сабой дамавічка! — радаваўся малы Міхасёк. — Я сам павязу яго... У сапраўдным лазовым лапціку. Пакажыце...»
Паўлік хуценька ў кухню — ні цешчы там, ні нейкага пакета... «Я выкінула! Усё занесла на сметніцу! — з'явіўшыся на парозе, горда аб'явіла гаспадыня. — Не пройдуць тут вашы чары!» — «Ну а як жа ў новай хаце без іх, без дамавічка?» — разгубілася бабуля, а Міхасёк расплакаўся ўголас...
Да кантэйнераў са смеццем Павел пабег першым, а за ім — усе астатнія. Па чарзе, адважна яны зазіралі ў кожную скрынку, вытрасалі асобныя пакеты, каб урэшце на ўвесь двор закрычаць: «Ур-ра»! Знайшоўся наш дамавік!»
...У новую кватэру (усё, як планавала і марыла) баба Юля з праўнукам ішлі першымі. За абору ўдваіх яны цягнулі лапцік ды яшчэ і прыгаворвалі: «Едзь, дамавічок, з намі, з новымі гаспадарамі, заставайся ў нас на пастой, беражы наш мір і спакой».
Пасялілі чарадзея ў новай кухні за газавай плітой (печы ў горадзе, на жаль, няма).
А ў лапцік бабуля паклала свой падарунак — сапраўдную залатую пяцёрку з выявай цара Мікалая.
Ніна Кандрашонак, г. Петрыкаў
Гэтую гісторыю я пачула ад дзядзькі Ігната. Майстрам ён быў — якіх пашукаць! Сёння грошы лапатай, відаць, заграбаў бы! А тады... Зусім іншы быў час: людзі дапамагалі адзін аднаму па дабрыні душэўнай, без платы... Калі не лічыць пачастункаў — на жаль, з гарэлкай.
Вось так, паступова, Ігнат да яе і прывык, можа, нават зрадніўся: амаль кожны дзень прыходзіў дадому п'яны. Жонка яго ўсе вочы выплакала! І дзеці такім бацькам больш не ганарыліся, а хутчэй саромеліся... Усім жа астатнім людзям і клопат малы: запросяць яго, каб нешта зрабіў, а потым і «аддзячаць»...
Не ведаю, колькі так цягнулася, але ж неяк дзядзька Ігнат і ў нас працаваў — з татам склеп рабілі, потым селі вячэраць. Удвух бутэльку гарэлкі выпілі. Тата хацеў з другой у чаркі наліць — Ігнат адмовіўся. Сказаў: «Мне досыць... Болей ні кроплі!» — «Можа, гарэлка благая?» — насцярожыўся тата. Дзядзька ў адказ: «Не, проста пажыць яшчэ хочацца... Я ж на тым свеце пабыў». — «Ты што?! — не паверыў тата. — Раскажы».
...Дзядзька — я сама гэта чула — пачаў з таго, што выехаў араць калгаснае поле (па прафесіі ён механізатарам быў), што гадзіну-другую папрацаваў і стаў, бо трактар зламаўся, спатрэбіўся рамонт. А ведама, якія ў майстэрні запчасткі: то адной няма, то другой, таму ён што-нішто са свайго гаража на трактар прыносіў.
Вось і тым разам крутнуўся (дом быў паблізу), бярозавага соку ў склепе папіў, там жа пах брагі ўнюхаў. Не вытрымаў — адкрыў пасудзіну (сам для капусты з лёгкай нержавейкі зварыў), «пачаставаўся» і назад да трактара.
Назаўтра яго таксама стала «смага» душыць — дамоў забягаў...
«А жонка непадалёк на ферме працавала. Згледзела, што зачасціў, і назіркам за мною. Я біклагу добра нахіліў (няпоўная была), нагнуўся і п'ю, а яна з той злосці як агрэе...
Я галавой у пасудзіну... Туды «ўлез», а назад — ну ніяк.
Тут і жонка ўжо спужалася — убачыла, што задыхнуцца магу... Але ж, дзякуй богу, не разгубілася: куляй панеслася да майстэрні. А там (шчасце пажыць яшчэ!) і «лятучка» стаіць, і шафёр на месцы, і маладзенькі інжынер... Талковы хлопец: мігам прымчалі. Самаробку маю спачатку папалам разрэзалі... Потым з шыі «даспехі» знялі...»
Пакуль гэта рабілася, усе маўчалі, баяліся, а калі скончылі і ўбачылі, што дзядзька жывы, — ужо і рогат усчалі!
Хіба яму не да смеху было: смерці ў самы твар паглядзеў... З той пары і меру сваю запомніў. Звыш яе ні кроплі цяпер не бярэ, бо шчасце, яно зусім не ў гарэлцы.
Ларыса Купрыянчук, в. Хатоўня, Рагачоўскі раён
Шмат увагі цяпер да работы медыкаў. Складаная ў іх работа, але ж цікавыя выпадкі бываюць і ў іх калег — ветэрынараў. Такім чынам...
Са сваёю гаспадаркай
Пакрысе спраўляўся дзед.
Не глядзеў залішне ў чарку,
Дык не меў і лішніх бед.
Даглядаў ката з сабакам,
Пяць курэй... Гарод садзіў:
Тытунёк там рос прысмакам —
Самакруткі дзед цаніў.
А любімай у дварышчы
У яго каза была.
Для яе кустоўе нішчыў
У ваколіцах сяла.
Лепшы венік, лепшай траўкі,
Ды з гародніны чагось...
І капрызы, і заяўкі
Дзед здавольваў,
але ж вось...
Перад святам ён у краме
Шмат харчоў сабе набыў.
А сваёй любімай «даме» —
Крыху вафелек скарміў.
І заўважыў, бедачына,
Як змянілася яна:
Танцавала балерынай,
А тут стала як сцяна...
Дзед хутчэй к ветэрынару:
— Што зрабілася з казой?
Той яму падкінуў жару:
— Што — аб'елася лазой?
— Божа крый, сянцом духмяным
Я карміцельку карміў!»
(А пра вафелькі, рахманы,
Ці забыўся, ці ўтаіў...)
Залівалі чамярыцу —
Не давалася каза...
Ратавалі як сястрыцу,
Ды хіба ж ёй расказаць?!
...Пасля важнай працэдуры
Выцер лоб ветэрынар:
— Дык чаго ты даў ёй здуру?
Прызнавайся, гаспадар!
Тут прыйшло на памяць дзеду,
Чым казу ён частаваў:
— Трохі вафель да абеду, —
Вінавата адказаў.
— Ну, браток, ліхое творыш,
Хітры страўнік у казы:
Крыху вафелек, гаворыш?
Лепей венікаў з лазы!
Аляксандр Матошка,
в. Янкавічы, Расонскі раён.
Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/vyasyolyya-gistoryi
[3] https://zviazda.by/be/tags/vyasyolyya-gistoryi-chytachou