СЦЯЖЫНКІ ЛІТАР
* * *
Не кронамі, а каранямі
З Радзімай звязаны сваёй…
Плыве над ціхімі палямі
Самотны восеньскі спакой,
Ды выблісне ў душы патрэба
На стромым беразе Дзвіны
Глядзець з надзеяю на неба
І слухаць вечнасці званы.
І цешыцца душой стамлёнай,
І адчуваць з пяшчотай зноў,
Што горда вырастаюць кроны
З Радзімы моцных каранёў.
ПРЫЗНАННЕ
Над Полацкам ізноў гудуць званы,
Прыходзіць студзень у святое места.
Тут землякі мае — маё сямейства —
І шчасце, што мы Полацка сыны.
Тут цэркаўка стаіць над Палатой,
Бы свечачка чароўная ў сусвеце,
І прадзімае на світанні вецер
Былыя рэшткі мішуры пустой.
Тут велічны Сафійкі сілуэт —
Гляджу на гэты цуд ад нараджэння —
Бы сімвал мой спрадвечнага малення
І ўдзячнасці, што тут прыйшоў у свет.
* * *
І зялёны гушчар, і бульбоўнік…
Грай птушыны… І снег — на зямлю…
Я па лёсе сваім жа вандроўнік,
Падарожную песню пяю.
І навошта, навошта мне трэба
У вандроўцы бясконцай блукаць?
Толькі кліча высокае неба,
Поле ціхае, лес, сенажаць.
Толькі сэрца патолі шукае,
Толькі хочацца ўбачыць ізноў,
Як ляціць над бярозавым гаем
Закаханая пара буслоў.
* * *
Ратуй мяне, паперы свежы ліст,
Сцяжынкі літар пад маёй асадкай.
Мой век суровы б’е, нібы свінчаткай.
Не ведаю, ці спыніцца калі.
Адзінае адхланне — гэта верш,
Што нечакана стукаецца ў скроні.
І цэлы свет, здаецца, на далоні.
І гэта ўсё, што хочацца найперш.
* * *
Калі адчуў, што ўсё прайшло,
І думкі на мяжы адчаю,
Нібыта ластаўкі крыло,
Радок палёт свой пачынае.
Паэты, вашыя радкі,
Што з сэрца выгукнулі ў вечнасць,
Нібыта птушкі з-пад рукі,
Мой боль і сум заўсёды лечаць.
Так, тыя лекі не для ўсіх,
Але паэзія жывая
Магутнай музыкай лунае
І ў душах спеліцца людскіх.
* * *
Вы, пэўна, бачылі, калі
Сярод імклівасці шалёнай
Злятае традыцыйна ліст
З асенняй традыцыйнай кроны.
Хоць б’ецца ў пошуку душа
І словы новыя гукае,
Кахання традыцыйны шал
Істоту раптам напаўняе,
І традыцыйна над зямлёй
Плывуць павольныя аблокі —
І традыцыйны позірк мой
У свет прыгожы і высокі.
* * *
Хукаю ў азяблыя далоні,
Паглядаю ўдалеч з-пад рукі…
На стагоддзяў дрогкім фаэтоне
Я не першы пасажыр такі.
Так, я тут не першы, не апошні,
Бо прыродай вызнаны даўно
І жаўклявы спелы водар пожні,
І рабін чырвонае віно.
Фаэтон па бальшаку імчыцца
І знікае з пылам часу след…
І дзяцінства даўняе прысніцца,
Нібы знічка ў ранішнім святле.
№ 4 «Полымя», 2021
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/paeziya
[2] https://zviazda.by/be/tags/polymya
[3] https://zviazda.by/be/tags/navum-galpyarovich
[4] https://zviazda.by/be/tags/vershy