Абласны фестываль-свята побытавых танцаў «Танцуем па-даўнейшаму» пройдзе 22 мая ў аграгарадку Дзітва Лідскага раёна. Аматары беларускага традыцыйнага харэаграфічнага мастацтва з усёй Гродзенскай вобласці з'едуцца ў філіял «Дзітвянскі Дом культуры» Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, каб прадэманстраваць найлепшыя ўзоры беларускіх народных парных танцаў у чатырох узроставых катэгорыях ад 7 да 50 і больш гадоў з захаваннем адметнага мясцовага выканальніцкага стылю.
Фестываль «Танцуем па-даўнейшаму» — унікальны творчы праект, накіраваны на адраджэнне і захаванне мясцовых традыцый танцавальнай культуры, далучэнне дзяцей і моладзі да аўтэнтычнага фальклору.
Падчас свята сваім майстэрствам падзеляцца выканаўцы традыцыйных кадрыляў Гродзеншчыны, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.
На каларытным танцавальным мерапрыемстве выступяць найлепшыя фальклорныя калектывы Гродзеншчыны. А кожны жадаючы зможа праверыць свае здольнасці на майстар-класе па побытавых танцах, а таксама адчуць моц яднання падчас флэшмобу «Танцуем разам».
Дэфіле ў народных строях «Мода з куфра» пакажа, як апраналіся нашы продкі ў рэгіёнах Гродзенскай вобласці, і раскажа пра глыбінныя сэнсы, якія нясе ў сабе кожны з элементаў убору.
Акрамя танцаў і добрага настрою, госці змогуць набыць на памяць падарункі і сувеніры на шыкоўнай выстаўцы вырабаў майстроў народнай творчасці. Пачатак а 13-й гадзіне.
Ірына СІДАРОК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/tancy
[4] https://zviazda.by/be/tags/festyval
[5] https://zviazda.by/be/tags/lidski-rayon
[6] https://zviazda.by/be/tags/tancuem-pa-dauneyshamu