Што было, — было: участковы ў вясковую краму зайшоў, нешта купіў там, распытаў пра навіны і ўжо сыходзіць хацеў, — прадавец запыніў. Сказаў (ці нават шапнуў па сакрэце): «Ты ведаеш — Рабіновіч самагон прадае». — «Ды быць не можа! — не паверыў участковы. — З чаго ты ўзяў?» — «А ты сам падумай: са спіртнога ён ніколі нічога не купляе. Значыць, што? Гоніць. А п'яным ты яго бачыў хоць раз? — Не... Я таксама ні разу. Значыць, прадае».
Заўважылі — выснова цалкам лагічная. І не бяды, што самога Рабіновіча ў гэтай гісторыі няма, што ён нават падазрэнняў не мае, што як бы злачынца...
Вось і раварыст з нашага здымка (можна яшчэ раз глянуць на верхні) нікога не чапае: некуды едзе, нешта вязе, а чытачы, прыдумваючы подпіс, ужо і Плюшкіным яго зрабілі, і Кулібіным, і гаспадаром, якіх пашукаць, і лекарам, і ландшафтным дызайнерам, і...
Зрэшты, чытайце самі. Уступ — ад спадара Івана Астроўскага з Мінска: «Слова «ровар» стары тлумачальны слоўнік беларускай мовы падае з паметкай «абласное», што чыстая праўда. Я ў гэтым пераканаўся, калі разам са студэнтамі і ўжо выкладчыкам паехаў «на бульбу». У той год мы выбіралі яе на Міншчыне, у ваколіцах мястэчка Краснае. Там жа, па хатах, і размяшчаліся. Але ж неяк мне спатрэбілася ад'ехаць, прычым тэрмінова... Гаспадар, у якога я жыў, ну вельмі хацеў мяне выручыць, нечым дапамагчы. Сказаў (як цяпер помню), што даў бы ровара, але апона лопнула, кіха тырчыць...
Жменька слоў, як быццам, а палова з іх была незнаёмаю. Ва ўсякім разе мне, ураджэнцу ўсходняй Віцебшчыны, спатрэбіўся час, каб зразумець, пра што гэта ён».
А ўсё, між іншым, проста (дарэчы, некалі, яшчэ да навігатараў, знаёмы кіроўца дарогі ў Варшаве пытаўся. Палякі яму: «То пан паедзе проста...» (у сэнсе прама), а знаёмец у думках: «Гэта вам тут проста, а мне — каб вы ведалі, як складана!)... Таму і тлумачым на ўсякі выпадак, што кіха — камера, апона — пакрышка, ровар — ужо і падказваць не трэба: выйшла гэтае слова за межы абласцей... Бо кароткае, простае, зручнае ў карыстанні. Як, дарэчы, і сама гэта рэч. А таму згадзіцеся са спадаром Астроўскім:
Сёння ровар шмат хто мае:
Ён любога выручае
І не просіць, як машына,
Ні саляркі, ні бензіну...
Можна дадаць (з падачы спадарыні Соф'і Кусянковай з Рагачоўшчыны): ні правоў, ні гаража, ні вялікіх грошай на пакупку, ні тэхагляду, ні дарожнага збору, ні медыцынскай даведкі, ні сезоннай замены колаў... Карацей —
Называе «джыпам» дзед
Свой стары веласіпед.
Дзе захочаш ён ідзе:
Па пяску і па вадзе...
Ёсць «запаска» за плячамі,
Каб праехаць між карчамі,
А зусім няма дарогі —
Дык дзядуля мае ногі.
І гэта, на думку спадара Валерыя Гаўрыша з Чавусаў, яшчэ не ўсё, бо самае галоўнае:
Дзве педалі ў раварыста,
Дзве педалі у шафёра...
Першы, бач, які плячысты:
Хоча ехаць — круціць колы.
А другі — сядзіць, таўсцее...
Болей ездзіць, больш хварэе.
Значыць, праўду казаў доктар Мяснікоў: для таго каб быць здаровым, трэба ездзіць на ровары, калі не можаш ездзіць ці ровара няма, — бегаць трушком; калі і гэта не тваё (з розных прычын), — хадзіць хуткім крокам (ці хоць бы якім!). У крайнім выпадку — стаяць, бо сядзець ды ляжаць — гэта ўжо апошняе і, дай бог, не пра нас, не пра падпісчыкаў «Звязды». Тым больш што пра іх ёсць аптымістычнае (ад спадара Віктара Сабалеўскага з Узды):
Дзе Смаргонь,
а дзе Нароўля...
Коля —
вырашыў праехаць.
Не хвалюе дарагоўля:
«Велік» ёсць — ужо не пехам.
А калі пратрэцца шына,
Прадугледзеў ягамосць:
Нібы ў той крутой машыне,
Запасное кола ёсць!
Што (мае рацыю спадар Валерый Гаўрыш) цалкам лагічна:
Выпраўляешся ў дарогу, —
Май тады адну трывогу:
Правярай,
як наш Мікола,
Ці паслужаць табе колы?
Ці ёсць помпа ды ключы?
А пасля ўжо імчы...
Калі, вядома ж, маеш на чым, бо грошы сёння вельмі цяжка даюцца, па словах спадарыні Таццяны Новік з Клецка:
Мару мелі жонка з мужам,
Каб машыну як адужаць.
Стрэслі грошы да капейкі, —
Набылі «карчваген» нейкі...
Можа б, ён іх ды павёз,
Каб яшчэ запчастак воз.
А ў дадатак — умелыя рукі, час, клопат, бо... Слесар на аўтасэрвісе адну машыну агледзеў. Пытае: «Хто ж яе правіў?» — «Як хто?.. Майстар», — кажа гаспадар. — «Я разумею, што майстар, а па спецыяльнасці ён хто?»
Не вам казаць, да халеры ў нас «умельцаў» (прычым і на жаль, усюды!), якім, каб сам быў майстрам тату, твар дакладна набіў бы... А што да іншых наколак-татуіровак, то цяпер іх столькі... Проста не зразумець, хто сядзеў, хто не.
Зрэшты, мы, здаецца, адхіляемся ад «маршруту», ад раварыста, які (на думку спадара Астроўскага) усім сваім відам кажа:
Ну ніяк мне не прыдбаць
Гэтакай машыны,
Каб хоць месяц не мяняць
То матор, то шыны!..
Складанае становішча. Выхад з яго — з тога ж канверта, магчыма — ад жонкі шаноўнага аўтара:
Як цаглінка да цаглінкі —
Можна домік збудаваць,
Гэткім чынам і машынку
Янка вырашыў сабраць.
Наконт канчатковага «прадукту» ёсць, дарэчы, іншыя меркаванні. Ад спадарыні Соф'і Кусянковай:
Горы смецця навазілі —
Поле цудаў утварылі:
Там і чайнік, і мабільнік,
Можа, нават халадзільнік...
А калі паехаць ранкам,
Нешта знойдзеш і да танка...
Пётра колаў навалок —
Зробіць тачку ці вазок.
Ад спадарыні Валянціны Гудачковай з Жыткавіч:
Вынаходнік наш Ігнат!
Ён любой дэталі рад:
Фара, трубка, бляха, колы...
І нарэшце — адмысловы,
Не касмічны апарат,
Дык для цешчы самакат.
А што? Зрабіў — і хай сабе едзе...
Да цесця (са здымка), на думку спадарыні Зоі Наваенкі з Глыбоччыны, ужо іншае, больш паважлівае стаўленне:
У народзе кажуць: «Зяць
Вельмі любіць нешта ўзяць...»
У Міколы — іншы быў:
Цесцю «Ладу» падарыў!
Хай старую, хай без колаў...
Але ж мае на прыколе!
І ганарыцца, бо не горшы за людзей: ва ўсіх машыны і ў яго. Па словах спадарыні Аляксандры Валовіч з Барысава:
Колю жонка пілавала:
«Мерседэса» бракавала.
Муж купіў, яе здаволіў...
Пехатой не ходзіць болей.
Рынкі, звалкі аб'язджае,
Штось для «Мерса» ўсё шукае.
Здараюцца непрыемнасці і з імі, машынамі, і без іх, прычым рознага кшталту, што, вядома ж, заўважылі нашы чытачы, у прыватнасці, спадар Сабалеўскі і спадарыня Любоў Чыгрынава з Мінска:
Дзеду
працаваць не «ў лом»:
У заробкі верыў.
Ён збіраў
металалом,
Пластык і паперу,
Шкло з бутэлькамі здаваў...
Выйгрыш вераб'іны.
Новы «бізнес» распачаў —
Падбірае шыны.
Карацей —
Не мінае аніякай
Заваляшчай жалязякі,
Самым розным барахлом
Напаўняе двор свой,
дом...
І такія робіць штукі...
Я сакрэт вясковы выдам:
Дзеда ўперад звалі Плюшкін,
А цяпер завуць —
Кулібін.
Ёсць, ёсць падобныя самародкі! Аднаго такога — і сабраць, і паправіць мог усё што заўгодна — у акрузе хораша звалі: аўта-мота-вела-фота-тэле-радыёманцёр! Па сённяшнім часе ён, відаць, у золаце хадзіў бы, а ўжо ездзіў…
Карцінка з натуры ад спадара Валерыя Гаўрыша:
«Даганяй!» — гукнуў красовер,
Абсмяяўшы дзедаў ровар...
«Чаму б не?» — падумаў дзед
І... «ўключыў» веласіпед.
...Той, хто моцна ганарыўся,
Праз гадзіну разваліўся:
Дзед во кола падабраў...
Сам жа — нават не прыстаў!
А таму раварысту «рэспект і ўважуха», як кажуць маладыя. Як спадарыня Зоя Наваенка з Глыбоччыны:
Шкода, што не дзеўка,
Што ўжо многа летаў...
За такім бы дзедам —
Лётам...
На край свету!
...Вось так, можна сказаць,
незаўважна мы «пераязджаем» (бо як бы на ровары!) ад іншых злабадзённых тэм да тэмы кахання. Так-так, уважліва паглядзеўшы на здымак, спадар Эльяш Банель з Мінска, выдаў кароткае:
Ў раварыста не спытацца,
Куды чэрці павялі...
Пэўна, ён сваёй каханцы
Рамантуе «Жыгулі».
Магчыма... Як і падгледжанае спадарыняй Нінай Бурко з Бярэзіншчыны:
Юлька дзеўка не дурная,
Кавалераў прывячае:
Той, хто едзе ці ідзе,
Ёй хоць нешта ды вязе!
У гаспадарцы, як вядома, шмат што спатрэбіцца. І таму
Пра каханку Вася дбае —
Усё на свеце ёй цягае!..
Нашто кола?
Ды вядома:
Клумбу зробіць каля дома.
Бо яе (мы даўно не глядзелі на здымак) пакуль што няма, а вось месца — ёсць. Як і прыгожыя радкі ад спадарыні Любові Чыгрынавай:
Домік — у садочку,
Вокны ў вяночках:
А ўжо ж нафарбавана
З густам дый старанна!
Хораша ў двары,
Дзе ГАСПАДАРЫ!
Вось на гэтай прыгожай ноце можна было б і скончыць чарговы конкурсны агляд, але...
Не ўсё змясцілася: па-за кадрам засталіся асобныя, вартыя ўвагі тэмы. Ад спадара Мікалая Старых з Гомеля:
У эпоху дэфіцыту
«Даставалам» быў Мікіта.
Закупляў ён «пра запас»
Непатрэбнае падчас...
Узгадаў цяпер былое,
Зноў узяўся за старое —
Дзень не можа прапусціць,
Каб хоць нешта не здабыць!
Ад спадара Віктара Сабалеўскага:
Няма ззаду стоп-сігналу,
Няма спераду люстэрка...
Каб бяда не напаткала,
Не прыйшла з ДАІ паперка,
Што кіроўца спіць у шапку,
Што бяспека ў заняпадзе,
Згроб мазгі свае ў «ахапку» —
І хоць бампер ды прыладзіў!
Ад спадарыні Любові Чыгрынавай:
Дзядзька Жора малайчына,
Раз'язджае важна, чынна,
Прычапіўшы ззаду кола,
Каб у спіну не калола.
Паглядзіце: вымыў чыста, —
І не трэба масажыста.
Без бальніц і трэнажораў
Сам сябе ратуе Жора.
Беражэ, значыць, самае галоўнае — сваё здароўе... Ну і капейку, вядома ж. Анекдот «да слова»: — Сёма, ты праўда ездзіў лячыцца ў Ізраіль? — Такі так. — І колькі табе каштавала? — Тры тысячы долараў. — Гэтак шмат?! Ты ж за іх цэлы год мог лячыцца ў Казельску і яшчэ на пахаваннне засталося б! (Прабачце... Але ж добры жарт — ну хоць бы тым, што за яго, можа, хто і хацеў бы прыбіць, але не зможа, бо засмяецца. А калі яшчэ і над сабой, — дык гэта самае тое: што трэба, што доктар прапісаў, бо менавіта смех пазбаўляе нас ад нерашучасці, нясмеласці і асобных комплексаў, менавіта ён (увага!) спальвае лішнія калорыі і аздараўляе дыхальныя шляхі. І таму шчыры дзякуй усім за ўсмешкі (яны ж — варыянты подпісаў да апошняга здымка).
Што датычыцца папярэдняга (гл. нумар «Звязды» за 24 сакавіка), то найлепшыя радкі пра двух рыбакоў, якія лавілі рыбу для ката, паводле вялікага чытацкага журы, склалі спадары Валерый Гаўрыш з Чавусаў, Віктар Сабалеўскі з Узды, Мікалай Старых з Гомеля, спадарыні Любоў Чыгрынава з Мінска, Зоя Наваенка з Глыбоччыны і Валянціна Гудачкова з Жыткавіч.
З гэтым, апошнім меркаваннем, пагадзілася і журы маленькае рэдакцыйнае. Таму прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам «Звязду» на трэці квартал бягучага года накіроўваецца менавіта ў Жыткавічы.
Хочаце, каб газета пяць разоў на тыдзень прыходзіла і да вас? Тады варыянтаў два: альбо своечасова афармляць падпіску, альбо ўважліва глядзець на новы конкурсны здымак, прыдумваць подпіс (можна некалькі, але ў кожным — не больш за восем радкоў) і дасылаць у рэдакцыю.
Шанц на выйгрыш мае кожны.
Валянціна ДОЎНАР
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА
Ад іх жа шчырыя прабачэнні ўсім, чые радкі не прайшлі гэтым разам строгага конкурснага адбору. Затое ў наступны...
Пішыце: свет захаваўся таму, што смяяўся. І думаў. Дарэчы... Неяк вучань спытаў у Майстра, ці доўга чакаць перамен да лепшага? І пачуў: калі проста чакаць, — то доўга.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/hto-kago-0
[3] https://zviazda.by/be/hto-kago
[4] https://zviazda.by/be/tags/z-redakcyynay-poshty