На самыя папулярныя жаночыя пытанні пра «вечную маладосць» адказвае вядомы беларускі пластычны хірург Віктар Бар’яш.
Пачну з прызнання: калі б мне спатрэбілася пластычная аперацыя, то я б звярнулася за дапамогай да Віктара Васільевіча. Заснавальнік і кіраўнік цэнтра пластычнай хірургіі, вядучы спецыяліст, хірург вышэйшай катэгорыі, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт, член таварыства пластычнай, эстэтычнай і рэканструктыўнай хірургіі Рэспублікі Беларусь і Еўропы, лепшы пластычны хірург Беларусі 2016 года. Упэўнены, пазітыўны, энергічны... Яго прафесіяналізм і шматгадовы стаж хірургічнай практыкі невербальна транслююць: «Вынік будзе выдатным!»
У гэтым годзе Віктар Васільевіч адзначае свой прафесійны юбілей — 30 гадоў у галіне пластычнай хірургіі. Безумоўна, і гэтая лічба зусім не нагода, каб падводзіць вынікі. Віктар Васільевіч і сёння вельмі запатрабаваны спецыяліст, як у нашай краіне, так і за мяжой. Спецыяльна для сеткавага выдання ZVIAZDA.BY доктар знайшоў час у сваім вельмі шчыльным графіку і расказаў пра рэальнасць і міфы любімай работы.
— Пандэмія 2020-2021 гадоў унесла істотныя карэктывы ў жыццё ўсяго свету. Наколькі значны ўрон нанёс каранавірус «індустрыі прыгажосці»?
— Асаблівы ўрон індустрыя адчула падчас першай хвалі пандэміі ўвесну 2020 года. Але зараз сітуацыя паступова выпраўляецца. Паралельна таму, як людзі вучацца жыць побач з каранавірусам, яны вяртаюцца да паўнацэннага жыцця. Становіцца больш пацыентаў, як нашых, так і з іншых краін: Расіі, ЗША, Еўропы. Нягледзячы на некаторыя абмежаванні для простых замежных турыстаў, па медыцынскіх паказаннях межы — не перашкода. Мы афармляем запрашэнне, і пацыент без праблем прыязджае да нас.
— Ад чаго перш за ўсё залежыць павелічэнне колькасці жадаючых зрабіць пластычную аперацыю?
— Гэты працэс цалкам залежыць ад таго, наколькі вядомы хірург. Што датычыцца мяне, то за апошнія гады пацыентаў стала значна больш. Гэтаму садзейнічае не толькі вопыт работы, але і даступнасць інфармацыі. У мэсэнджэрах можна знайсці ўсё: водгукі пацыентаў, артыкулы, інтэрв’ю.
— Калі ў чалавека ўзнікае жаданне зрабіць пластычную аперацыю, з чаго трэба пачынаць?
— Як я ўжо сказаў, інфармацыі шмат, перш за ўсё ў інтернэце. Можна самастойна азнаёміцца з прапановамі. Дзяржаўныя ўстановы ці прыватныя цэнтры? Пачынаць трэба не з гэтага. Не ДЗЕ, а у КАГО чалавек хоча аперыравацца. Самы галоўны крытэрый — гэта спецыяліст, якому прыйдзецца сябе даверыць. Яго прафесійная рэпутацыя — менавіта гэта важна ў першую чаргу.
— З якога ўзросту можна рабіць пластычныя аперацыі?
— У асноўным з 18-ці гадоў. Да гэтага ўзросту арганізм працягвае расці. Але ж ёсць і выключэнні. Напрыклад, пластыку вушэй мы робім дзецям ужо ва ўзросце шасці гадоў. Выпраўленне гэтага хіба надае ўпэўненасці дзіцяці і ахоўвае ад псіхічных траўм, якія могуць узнікнуць як след булінгу.
— Каго больш сярод вашых пацыентаў: мужчын ці жанчын?
— Заўсёды сярод пацыентаў пластычнага хірурга больш жанчын. Гэта сусветная тэндэнцыя, ёй шмат гадоў, і з цягам часу яна не мяняецца. Упэўнены, не зменіцца і праз 10 гадоў. Мужчыны складаюць 3-5% ад агульнай колькасці пацыентаў і ў асноўным гэта рэканструктыўная хірургія, якая патрабуецца пасля траўм.
— Жанчыны ўзроставых катэгорый «20+», «40+», «60+». Якія у кожнай з іх самыя папулярныя пластычныя аперацыі?
— У жанчын «20+» папулярныя перш за ўсё карэгіруючыя аперацыі на целе: рынапластыка, ліпафілінг, ліпасакцыя, павелічэнне грудзі. У больш сталым узросце акцэнт ссоўваецца на антыўзроставыя аперацыі і іх выконваецца вельмі многа. Пачынаючы з блефарапластыкі і далей — пластычныя аперацыі твару, якія адтэрміноўваюць узрост, і трэба сказаць, моцна адтэрміроўваюць. Што датычыцца цела, то тут папулярныя пластыка жывата і сцёгнаў.
— Якія састаўляючыя патрэбны для добрага выніку пластычнай аперацыі?
— Каб вынік быў добрым, да пластычнай аперацыі трэба падыходзіць асэнсавана: кансульціравацца з урачом, гутарыць з тымі пацыентамі, хто гэта ўжо зрабіў. І потым прымаць рашэнне.
— Ці многім пацыенткам вы адказалі «не» на іх жаданне прааперыравацца і ў якіх выпадках гэта часцей за ўсё адбываецца?
— За сваю 30-ці гадовую працу адмовіў я не многім, але прыходзілася. Напрыклад тады, калі ў патэнцыяльнага пацыента ёсць завышанныя патрабаванні да сябе і да пажаданага выніку. Калі ў працэсе кансультацыі высвятляецца, што вынік па аб’ектыўным прычынам будзе адным, а пацыент чакае зусім іншага, то з такім пацыентам нельга працаваць, таму што ён не будзе задаволены, хаця вынік аб’ектыўна будзе добрым. Давер урача і пацыента павінен быць узаемным. Тады задаволенымі застануцца абодва бакі.
— Развіццё эстэтычнай касметалогіі, шырокае распаўсюджванне масажных практык, якія спрыяюць «вечнай маладосці» жанчыны... Ці адчувае сфера пластычнай хірургіі ў сувязі з гэтым своеасаблівую канкурэнцыю?
— Канкурэнцыі тут ніякай няма. Справа ў тым, што касметалогія ў сваіх магчымасцях абмежавана ўзростам. Канечне, калі жанчыне 30-35 гадоў, гаворка пра пластычную аперацыю не ідзе. Дастаткова і касметычнага догладу. І гэта ўсё правільна і добра. Але ж, нахыдодзіць пэўны момант, калі гэта перастае працаваць, і метады эстэтычнай касметалогіі ўжо не могуць вырашыць праблему. Вось тады і надыходзіць час пластычнай хірургіі.
— А як наконт моднага зараз фэйсбілдынгу? Апошнім часам з’явілася вялікая колькасць спецыялістаў, якія ўпэўнены, што пры дапамозе практыкаванняў можна прывесці твар ў добры стан.
— Мне цяжка сабе гэта ўявіць. Цікава, на што яшчэ здольная кругавая мышца твару, акрамя таго, для чаго яна прызначана? Яе асноўная функцыя сціскаць і расціскаць вусны. Як іх можна павялічыць пры дапамозе практыкаванняў? Гэта ж не біцэпсы. Я асабіста вынік пасля гэтага ні разу не бачыў.
— Віктар Васільевіч, давайце пагаворым пра самыя папулярныя міфы, звязаныя з пластычнымі аперацыямі. Ці праўда, што можна павяліцычь грудзі пры дапамозе свайго тлушчу, і вынік будзе добрым, а самае галоўнае, даўгавечным?
— Тое, што можна павялічыць — гэта праўда. Але ж, вынік будзе недаўгавечны. Каб павялічыць грудзі, трэба даволі вялікі аб’ём тлучшу. У вялікіх аб’ёмах тлушч не прыжываецца, а разыходзіцца. Тая ж сітуацыя і з павялічэннем аб’ёма ягадзіц. У выніку атрымліваецца вельмі дарагі і часовы эфект.
- Ці праўда, што блефарапластыка — самая лёгкая пластычная аперацыя з існуючых?
— Адназначна сказаць цяжка. І з ёй бываюць праблемы. Гэта ж аперацыя. Згодна сусветнай статыстыцы невялікі працэнт дрэнных вынікаў ёсць. А што датычыцца перыяду выздараўлення, то на 3-4 суткі здымаюцца швы і нават, калі ёсць невялікія гематомы, іх можна лёгка затаніраваць і смела ісці на спатканне.
- А ці праўда, што пасля рынапластыкі ўсе насы выглядаюць аднолькава?
— Канешне — не, насы пасля рынапластыкі не аднолькавыя. Форма носа залежыць ад анатамічных асаблівасцяў пацыента і ад тых этапаў аперацыі, якія выканаў хірург. Але ж, безумоўна, пэўная мода на форму носа ў той ці іншы час існуе.
- А ці праўда, што калаген, які выпрацоўваецца на месцы арміравання твара, дапамагае яго падцягнуць?
— Гэта міф. Выкарыстанне нітак не дапамагае стабілізаваць апушчэнне тканіны.
А ці праўда, што Бразілія — рэкардсмен па пластыцы сцёгнаў і ягадзіц?
— Гэта праўда. Жанчыны Мексікі і Бразіліі, нягледзячы на свае генетычна абумоўленыя пышныя формы, робяць іх яшчэ больш пышнымі. І такіх аперацый у гэтых краінах праводзіцца вельмі многа.
- А ці праўда, што выключна пры дапамозе ліпасакцыі можна стварыць цела сваёй мары?
— Канешне, гэта міф. Мэта ліпасакцыі — падкарэкціраваць пэўныя зоны на целе, якія не паддаюцца знешнему фізічнаму ці механічнаму ўздзеянню. Калі ў чалавека вельмі значная вага, то тут перад ліпасакцыяй трэба худзець, а ўжо потым рабіць хірургічную карэкцыю цела. Для пластычнага хірурга адэкватная вага пацыента — гэта адпраўная кропка пры правядзенні ліпасакцыі.
- А ці праўда, што ў Беларусі не праводзяць аперацыі па змене полу?
Гэта няпраўда. У нашай краіне праводзяцца такія аперацыі. На жаль, толькі ў адным месцы — у Бараўлянах. Перад там, як чалавек атрымае магчымасць трапіць на аперацыю, неабходна прайсці вельмі сур’ёзнае фізічнае і псіхіатрычнае абследаванне.
- А ці праўда, што ад птозу верхняя павека можна пазбавіцца пры дапамозе спецыяльных практыкаванняў?
Гэта міф, канешне. З такой праблемай трэба звяртацца да хірурга. Менавіта ён дапаможа вам пазбавіцца ад гэтай праблемы.
- А ці праўда, што аперацыі па правядзенні інтымнай пластыкі — зараз самыя папулярныя ў Беларусі?
Не самыя папулярныя, але ж іх робяць у дастатковай колькасці.
- А ці праўда, што пасля мамапластыкі жанчына страчвае магчымасць карміць груддзю?
У гэтым пытанні трэба разумець, пра якую мамапластыку ідзе гаворка. Пасля павелічэння грудзей карміць можна. Пасля мастапексіі карміць таксама можна. Пасля памяншэння грудзей кармленне на жаль немагчыма.
Фота pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/kacyaryna-tumas-cishkevich
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/prygazhosc
[4] https://zviazda.by/be/tags/tvar
[5] https://zviazda.by/be/tags/kasmetalogiya
[6] https://zviazda.by/be/tags/suchasnaya-kasmetalogiya