Інцыдэнт, які стаў галоўнай навіной мінулых выхадных, — самалёт авіякампаніі «Ryanaіr», які ляцеў па маршруце Афіны — Вільнюс, запытаў экстранную пасадку ў Мінску. Экіпаж паветранага судна паведаміў аб замініраванні самалёта. Аб гэтым было неадкладна даложана Прэзідэнту Беларусі. Каманду прыняць самалёт у Нацыянальным аэрапорце «Мінск» даў асабіста ён. Акрамя таго, па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі, для суправаджэння пасажырскага самалёта са 123 пасажырамі на борце ў неба быў падняты знішчальнік МіГ-29. Пасля завяршэння неабходных праверачных мерапрыемстваў у мінскім аэрапорце самалёт узляцеў і паспяхова прызямліўся ў аэрапорце прылёту.
Сітуацыя не зусім штатная. Але менавіта так дзейнічала б любая міралюбівая краіна — дапамагчы мірным людзям, жыццё якіх магло раптоўна абарвацца. І абсалютна няважна, адкуль і куды яны ляцелі. Калі быў пададзены сігнал бедства (а ў дадзеным выпадку камандзір паветранага судна запытаў пасадку ў Мінску), усе палітычныя пытанні павінны адыходзіць на другі план. На жаль, гэтым прынцыпам кіруюцца не ўсе, і выпадак з самалётам стаў прадметам палітычных спекуляцый. Як яно было на самай справе і якія высновы можна зрабіць з сітуацыі, карэспандэнты «Звязды» высвятлялі ў спецыялістаў.
Начальнік Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Арцём СІКОРСКІ:
— 23 мая на электронную пошту Нацыянальнага аэрапорта Мінск з электроннага адраса з даменам com паступіла пісьмовае паведамленне на англійскай мове з пагрозамі, што бомба, закладзеная ў дадзеным авіялайнеры, узарвецца 23 мая над Вільнюсам. З улікам дадзенай пагрозы інфармацыя з Нацыянальнага аэрапорта Мінск была перададзена ў адпаведныя органы. У адпаведнасці з Чыкагскай канвенцыяй, а таксама з патрабаваннямі Нацыянальнай праграмы аб абароне грамадзянскай авіяцыі ад актаў незаконнага ўмяшання, быў прыведзены ў дзеянне механізм дзеянняў у сувязі з актам незаконнага ўмяшання ў справы грамадзянскай авіяцыі.
Уваход у паветраную прастору Беларусі паветранага судна, якое рушыла па маршруце Афіны — Вільнюс, адбыўся ў 12.30 па мінскім часе. Пасля ўстанаўлення сувязі паміж беларускім дыспетчарам і экіпажам паветранага судна адразу была даведзена інфармацыя аб пагрозе, якая паступіла. Экіпаж мог прыняць рашэнне вярнуцца ў Львоў, Кіеў, сесці ў Варшаве, працягнуць палёт да Вільнюса. У 12.34 дыспетчарам было прапанавана скарыстацца магчымасцю пасадкі ў аэрапорце Мінск. Пасля ўдакладнення інфармацыі экіпаж рэйса 4988 у адпаведнасці з міжнароднымі патрабаваннямі ў 12.47 устанавіў на борце самалёта код адказчыка 7700, які ўказвае на наяўнасць аварыйнай сітуацыі і ў радыётэлефонным рэжыме запытаў дапамогі фразай Mayday, пасля чаго экіпаж паведаміў, што прыняў рашэнне ажыццявіць пасадку ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. Ціску на прыняцце рашэння з боку беларускіх дыспетчараў не было. Пасадка самалёта была паспяхова ажыццёўлена ў 13.15, пасля чаго, у адпаведнасці з патрабаваннямі авіяцыйнай бяспекі, самалёт быў адпраўлены на спецыяльную ізаляваную стаянку. Пасля заканчэння адпаведных праверак у 16.20 паветранаму судну было прапанавана вылецець. У 20.48 адбыўся вылет. Па папярэдніх ацэнках Дэпартамента па авіяцыі, экіпаж паветранага судна дзейнічаў у межах міжнародных прынцыпаў грамадзянскай авіяцыі.
Камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі проціпаветранай абароны Узброеных Сіл Ігар ГОЛУБ:
— Каманда Mayday аператыўнаму дзяжурнаму паступіла ў 12.48. Пасля мной было прынята рашэнне ў 12.58 даць дзяжурнаму экіпажу каманду «Паветра». Дзяжурны экіпаж выканаў узлёт у 13.04. У гэты час паветранае судна ўжо знаходзілася ў раёне населенага пункта Стоўбцы. Ні аб якім ранейшым папярэджанні аб вяртанні паветранага судна ў Нацыянальны аэрапорт Мінск не было. У 13.18 мы атрымалі інфармацыю ад дыспетчара «Мінск-2», што экіпаж ажыццявіў паспяховую пасадку. Таму казаць аб тым, што дзяжурным экіпажам быў спынены палёт дадзенага судна, неправамерна.
Намеснік генеральнага дырэктара па бяспецы, рэжыму і кадрах Нацыянальнага аэрапорта Мінск Сяргей ШЫЧКО:
— Пасля таго, як паступіла інфармацыя аб тым, што да нас у экстранным парадку садзіцца борт авіякампаніі Ryanaіr, было прынята рашэнне дзейнічаць у адпаведнасці з нарматыўнымі дакументамі, якія прыняты ў Рэспубліцы Беларусь. У рамках гэтых дакументаў мы выканалі наступныя дзеянні. Як толькі атрымалі інфармацыю пра тое, што борт будзе садзіцца аварыйна, былі сабраны разлікі аварыйна-ратавальнай каманды, якая знаходзіцца ў аэрапорце, адбылося апавяшчэнне ўсіх зацікаўленых структур. Пры прыбыцці борта ў адпаведнасці з адпрацаванай практыкай рэагавання на падобнага кшталту інцыдэнты паветранае судна было размешчана на спецыяльнай стаянцы і ўзята пад ахову нашымі супрацоўнікамі атрада ваенізаванай аховы. Падагналі трапы, і пачалася высадка пасажыраў з ручной паклажай. Супрацоўнікі кіналагічнага падраздзялення службы авіяцыйнай бяспекі аэрапорта пачалі яе дагляд, паралельна прыбылі спецыялісты Выбухатэхнічнага цэнтра ўнутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў. Быў праведзены спецыяльны агляд паветранага судна для праверкі яго на наяўнасць магчымага выбуховага прыстасавання. Пасля гэтага пасажыры і члены экіпажа аўтобусамі былі дастаўлены ў сектар пералёту міжнародных рэйсаў і на пункт надгляду транзітных пасажыраў для паўторнага перадпалётнага нагляду. Паралельна з дастаўкай пасажыраў пачалася выгрузка асноўнага багажу. З пасажырамі працавалі прадстаўнікі пагранічнай службы краіны. Багаж з-пад борта для дадатковай праверкі быў дастаўлены ў багажнае аддзяленне нашага аэрапорта, агляд праводзіўся пры дапамозе спецыяльных сродкаў — інтэраскопаў. Да 16 гадзін быў перадпалётны дагляд інспектарамі па даглядзе службы авіяцыйнай бяспекі пасажыраў, іх ручной паклажы і членаў экіпажа ў пункце надгляду для таго, каб пасажыраў накіраваць на борт паветранага судна і рыхтаваць іх да вылету.
Старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Андрэй САВІНЫХ:
— Лічу бессэнсоўнай нервовую рэакцыю заходніх палітыкаў і СМІ з нагоды пасадкі ў Мінску самалёта, у дачыненні да якога паступіла паведамленне аб мініраванні. Рашэнне пра аварыйную пасадку прымае выключна камандзір экіпажа, ён дзейнічае заўсёды згодна з інструкцыяй, зацверджанай Міжнароднай арганізацыяй па грамадзянскай авіяцыі. Упэўнены, што і ў гэтым выпадку дзеянні экіпажа былі прадыктаваны выключна выкананнем сваіх абавязкаў. Тое, што адзін з пасажыраў паветранага судна, які знаходзіцца ў крымінальным вышуку Беларусі, быў адпаведным чынам затрыманы, калі апынуўся ў зоне беларускай юрысдыкцыі, лічу супадзеннем. Вядома, што афіцыйныя ўлады Беларусі заўсёды дзейнічаюць строга ў рамках прававога поля, у адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам, якое, дарэчы, у частцы арышту і правядзення следчых дзеянняў у поўнай меры адпавядае ўсім нормам міжнароднага права. Але гэтае натуральнае рэагаванне беларускай праваахоўнай сістэмы і выклікала вельмі нервовую рэакцыю істотнай колькасці заходніх структур. Гэта зразумела: затрыманы грамадзянін мае прамое дачыненне да арганізацыі работы інфармацыйных каналаў, якія, па сутнасці, ігралі ключавую ролю ў каардынацыі дзеянняў пры спробе дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне ў жніўні мінулага года, захопу ўлады, здзяйснення дзяржперавароту ў Беларусі. Гэты выпадак — найбуйнейшая «ўцечка інфармацыі» аб фінансаванні замежнымі структурамі дэструктыўных інфармканалаў і каардынацый дзейнасці змоўшчыкаў аб тым, якія са спецслужбаў замежных краін прымалі ўдзел, на якія парушэнні міжнароднага заканадаўства былі гатовыя пайсці, каб дабіцца задуманага. І гэта, з майго пункту гледжання, і тлумачыць такую нервовую рэакцыю, у тым ліку і высокапастаўленых еўрапейскіх чыноўнікаў. Гэта тлумачыць і з'яўленне вялікай колькасці спекуляцый, якімі імкнуцца ў цяперашні час запоўніць інтэрнэт-прастору. Але, як кажуць, позна піць баржомі...
Лічу, што цяпер беларускім экспертам патрэбна даступна данесці сэнс «палітычных танцаў» вакол гэтай сітуацыі, каб сфарміраваць адэкватнае разуменне ў простых грамадзян таго, што ў рэальнасці адбываецца.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/transpart
[3] https://zviazda.by/be/tags/arcyom-sikorski
[4] https://zviazda.by/be/tags/samalyot
[5] https://zviazda.by/be/tags/ryanair
[6] https://zviazda.by/be/tags/afiny-vilnyus-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/departament-pa-aviyacyi-ministerstva-transpartu-i-kamunikacyy