У механізаванай пяхотнай брыгадзе Gelezіnіs Vіlkas ( «Жалезны воўк») Узброеных сіл Літвы праходзяць міжнародныя вучэнні, якія працягнуцца да 31 мая. Галоўная іх мэта — адпрацоўка ўзаемадзеяння падраздзяленняў НАТА. Як вядома, у Рукле дыслацыравана баявая група батальёна перадавых сіл Паўночнаатлантычнага альянсу. Як адзначаецца ў паведамленні Узброеных сіл Літвы, удзельнікі прадэманструюць сваю падрыхтоўку да выканання баявых аперацый, падзеляцца вопытам дзеянняў у міжнародным асяроддзі, будуць выконваць лагістычныя аперацыі, а таксама працягнуць удасканаленне ўзаемадзеяння паміж партнёрамі. У вучэннях задзейнічана каля тысячы адзінак ваеннай тэхнікі: танкаў, баявых машын пяхоты, бранятэхнікі, артылерыйскія гарматы, а таксама больш за 3 тысячы вайскоўцаў з Літвы і васьмі дзяржаў-саюзнікаў па НАТА, у тым ліку з Германіі, ЗША, Вялікабрытаніі, Польшчы. Чым Вільнюс заваблівае да сябе альянс, як рэагуюць на гэта мясцовыя жыхары?
Вайсковая місія
У Літве размешчана дзевяць аб'ектаў НАТА — больш за ўсіх у Прыбалтыцы. У горадзе Рукла знаходзяцца нямецкі механізаваны батальён, бельгійская і нідэрландскія пяхотныя роты, чэшская механізаваная пяхотная рота, а таксама люксембургскі пяхотны атрад. Усяго каля 1,4 тысячы вайскоўцаў. Цікавы факт: у часы Савецкага Саюза тут размяшчалася 44-я вучэбная паветрана-дэсантная дывізія, у якой рыхтавалі сяржанцкі састаў для адпраўкі ў Афганістан, паведаміў aіf.ru.
У Літве таксама функцыянуе адзіны ў Прыбалтыцы вайсковы склад НАТА. У вёсцы Мумайчай ЗША захоўваюць зброю, боепрыпасы і значную частку цяжкай тэхнікі — танкі і БМП. У наваколлі горада Шаўляй знаходзіцца ваенны аэрадром Закняй. У 2012 годзе авіябазу рэканструявалі. Была абноўлена узлётна-пасадачная паласа, пабудаваны новыя модульныя ангары. Цяпер Закняй прымае самалёты ўсіх тыпаў, уключаючы амерыканскія знішчальнікі пятага пакалення F-35, F-15C Eagle, а таксама самалёты далёкага радыёлакацыйнага выяўлення (цэлеўказання) AWACS, паведаміў aіf.ru. Ваенныя лётчыкі ЗША і НАТА ў Літве ажыццяўляюць з Закняя таксама разведвальныя палёты.
Літва ўкладвае велізарныя сродкі не толькі ў мадэрнізацыю, але і ў будаўніцтва новай ваеннай інфраструктуры, што чарговы раз пагаршае сітуацыю з і так невялікім нацыянальным бюджэтам краіны, заўважыў baltnews.lt. Сёлета ў пачатку студзеня адбылася спецыяльная цырымонія, падчас якой восьмы кавалерыйскі полк другога батальёна арміі ЗША афіцыйна распачаў васьмімесячную місію ў Літве. У яе межах амерыканскія войскі са штата Тэхас прыбылі ў прыбалтыйскую краіну разам са сваім уласным узбраеннем і абсталяваннем: танкі Abrams, бронетранспарцёры Bradle. Заакіянскія падраздзяленні ўжо пачалі актыўнае супрацоўніцтва з вайскоўцамі літоўскіх Узброеных сіл і баявой групай батальёна пашыранай перадавой прысутнасці НАТА.
Міністр абароны Літвы Арвідас Анушаўскас на цырымоніі падкрэсліў, што краіна гатова забяспечыць бесперапыннасць гэтай пашыранай перадавой прысутнасці і ўзмацнення супрацоўніцтва з ЗША. Іншымі словамі, афіцыйны Вільнюс практычна адкрыта заяўляе аб жаданні бесперапыннай прысутнасці замежных войскаў на тэрыторыі сваёй дзяржавы. Падобна на тое, урад нават не перажывае пра рызыкі страты суверэнітэту для сваёй дзяржавы і поўнага палітычнага кантролю з боку ЗША, адзначыў baltnews.lt. Арвідас Анушаўскас нават прызнаўся ў сваім артыкуле «Міністр абароны Літвы: місія выканана? Яшчэ не», што краіна магла б даць дадатковую інфраструктуру для разгортвання амерыканскага бранятанкавага батальёна, авіяцыйныя сродкі, боепрыпасы, матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне вайсковых аб'ектаў і г. д.
Інвестыцыі ў інфраструктуру
У Рукле спраектавана інфраструктура для тэхнікі і абсталявання батальёна НАТА. Пра гэта паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны Літвы. План прадугледжвае новы пост аховы, адміністрацыйны будынак, шматмэтавыя склады, рамонтныя майстэрні і многае іншае. Закупкі на падрадныя работы плануецца пачаць у чэрвені, літоўскія кампаніі будуць запрошаны да ўдзелу ў іх. Плануецца, што падрадчык-пераможца прыступіць да будаўнічых работ у чацвёртым квартале. Чакаецца, што ўвесь працэс будзе завершаны да 2023-га.
Гэта самы буйны праект баявой групы франтавога батальёна НАТА пры ўдзеле Міністэрства абароны Германіі. Па ўзгадненні з абароннымі ведамствамі дзвюх краін праект быў перададзены Агенцтву падтрымкі і закупак НАТА для арганізацыі і рэалізацыі.
«Наша мэта — стварыць ідэальныя ўмовы для разгортвання і трэніровак саюзнікаў у Літве», — заявіў намеснік міністра абароны краіны Вілюс Сямешка. Кошт праекта, які мяркуецца рэалізаваць у Рукле, складае каля 40 мільёнаў еўра.
Таксама для амерыканскіх салдат будзе створаны лагер «Геркус» у Пабрадзе. Канчатковае яго разгортванне запланавана на першы квартал 2022 года. У лагеры будуць абсталяваны спальныя і працоўныя месцы для салдат, а таксама інфраструктура для заняткаў спортам, адпачынку і харчавання. Будаўніцтва аб'екта фінансуецца з дзяржаўнага бюджэту, але падрабязнасці не выдаюцца.
Новы суперпалігон
Злучаныя Штаты актыўна інвестуюць сродкі ў адаптацыю літоўскіх аб'ектаў і тэрыторый да вайсковых патрэб. Пашыраюцца навучальныя раёны ў Пабрадзе, Рукле, Казлу-Рудзе і ўдасканальваецца інфраструктура для забеспячэння найлепшых умоў навучання і палягчэння ўзаемадзеяння з членамі НАТА. Вільнюс укладвае велізарныя сродкі не толькі ў мадэрнізацыю, але і ў будаўніцтва новай ваеннай інфраструктуры, што чарговы раз пагаршае сітуацыю з і так невялікім нацыянальным бюджэтам краіны, заўважае baltnews.lt.
Акрамя таго, мяркуецца пабудаваць новы навучальны цэнтр на захадзе краіны. Літоўскае кіраўніцтва абгрунтоўвае гэта тым, што памеры існуючых трэніровачных аб'ектаў не дазваляюць праводзіць маштабныя вучэнні з удзелам замежнага кантынгенту на тэрыторыі дзяржавы. Такім чынам, новы палігон можа стаць адной з асноўных і найбуйнейшых баз для разгортвання амерыканскіх войскаў ва ўсёй Прыбалтыцы.
Тут плануецца пабудаваць казармы, склады, тэхнічныя збудаванні і спартыўныя комплексы, сталовыя, а таксама адміністрацыйныя, бытавыя і іншыя памяшканні. Першапачаткова былі адобраны два патэнцыйныя ўчасткі для новага ваеннага навучальнага аб'екта. Першы зямельны ўчастак (амаль 38 тысяч гектараў) плануецца размясціць у Акмянскім, Мажэйкскім, Шаўляйскім, Цяльцяйскім раёнах. Другі ўчастак (13 тысяч гектараў) размешчаны ў Шылальскім і Кельмескім раёнах.
У выпадку выбару для будаўніцтва першага ўчастка новы вайсковы палігон можа стаць адным з найбуйнейшых не толькі ў Прыбалтыцы, але і ў Еўропе. Для параўнання: плошча Драўска-Паморскага ваеннага палігона ў Польшчы складае 36 тысяч гектараў, а нямецкага Графенвер — 23,2 тыс. га. Для таго каб ацаніць сітуацыю, варта проста параўнаць плошчы трох краін. Падобна на тое, літоўскі ўрад гатовы аддаць ЗША столькі сваёй зямлі, колькі амерыканцы пажадаюць.
У дадатак да Генеральнага плана тэрыторыі Літвы (LRBP) Міністэрства навакольнага асяроддзя адкрыла магчымасці для пошуку новых тэрыторый пад вайсковы палігон па ўсёй краіне. Раней Мінабароны імкнулася заняць тэрыторыю Жэмайціі (у тым ліку размясціцца на плошчах запаведнікаў і прыродных заказнікаў), аднак ад гэтай ідэі прыйшлося адмовіцца. Так паступілі зусім не пад ціскам месцічаў, а толькі таму, што ацэнка земляў паказала, што з-за прыродных асаблівасцяў яны не адпавядаюць вайсковым патрэбам, каб праводзіць на іх комплексныя вучэнні.
Такім чынам, Літва працягвае палітыку мілітарызацыі краіны, павялічваючы агульную плошчу ваенных палігонаў да 1,2 працэнта тэрыторыі краіны. Відавочна, што Вільнюс прыкладзе ўсе намаганні, каб заручыцца палітычнай падтрымкай і лаяльнасцю ЗША, адзначыў baltnews.lt, ігнаруючы свае рэальныя нацыянальныя інтарэсы і інтарэсы свайго народа.
Галоўная небяспека — палітычная эліта
Інвестыцыі НАТА ў развіццё літоўскай інфраструктуры, сістэм сувязі і разведкі ў 2019—2021 гадах складуць каля 272 мільёнаў долараў. Імкліва павялічваюцца і ўласныя выдаткі. Паводле асобных ацэнак, летась ваенны бюджэт краіны перавысіў стандартныя для краін Паўночнаатлантычнага альянсу два працэнты ад ВУП і дасягнуў 1 мільярда еўра. Плануецца таксама стварыць абаронны фінансавы рэзерв, які забяспечыць выкананне абавязацельстваў па-за залежнасці ад эканамічнай сітуацыі.
Літва, нягледзячы на ??пандэмію COVІD-19, працягвае павялічваць свае выдаткі на абарону, пра што яе так упарта просяць НАТА. Разам з тым Літва з'яўляецца адной з найбольш пацярпелых краін ад каранавіруса, чыя эканоміка сёння перажывае вельмі сур'ёзны крызіс за ўсю яе сучасную гісторыю. Але падобна, што ўрад не жадае звяртаць на гэта ўвагу, працягваючы павышаць фінансаванне ваеннай сферы.
Больш за тое, за апошнія некалькі гадоў можна назіраць, як краіна становіцца, такім чынам, вялікім палігонам для войскаў ЗША і НАТА. Так, літоўскія чыноўнікі ставяць пад пагрозу не толькі нацыянальную эканоміку, але і незалежнасць дзяржавы, адзначыў baltnews.lt.
Літоўскія ўлады сцвярджаюць, што інвестыцыі ў абарону — не капрыз, а «экзістэнцыянальная неабходнасць». «У нашай краіны няма выбару, яна павінна сур'ёзна падыходзіць да пытання сваёй бяспекі», — адзначыў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, нагадваючы, што Літва да 2030 года павялічыць ваенныя выдаткі да 2,5 працэнта аб'ёму ўнутранага валавога прадукту.
Як адзначыў rt.com галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута Еўропы РАН Мікалай Мяжэвіч, «ніякіх рэальных знешніх пагроз літоўскай бяспекі няма», аднак пад такой падставай Вільнюсу лягчэй павышаць выдаткі на НАТА, чаго патрабуюць Злучаныя Штаты. «У той жа час ўнутраныя пагрозы літоўскай бяспекі велізарныя, і галоўная з іх — гэта палітычная эліта рэспублікі, якая робіць усё, каб знішчыць уласную дзяржаву. Але супраць гэтай небяспекі стратэгія нацыянальнай бяспекі не працуе. Значна зручней шукаць пагрозу звонку», — падкрэсліў эксперт.
На думку літоўскага грамадскага дзеяча Жыльвінаса Размінаса, чым больш краіна будзе нарошчваць узбраенне і колькасць войска, тым горш для шараговога літоўца, таму што адбываецца мілітарызацыя краіны. «Вядома, народу гэта зусім не трэба. Мы не збіраемся ні з кім ваяваць. Калі б Літва сапраўды была незалежнай дзяржавай і мела сваё войска — гэта іншая справа», — заявіў Размінас парталу baltnews.lt. Паводле яго слоў, у Літве сярод насельніцтва з кожным годам усё больш расце колькасць незадаволеных прысутнасцю сіл НАТА.
Даслоўна
Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Беларусі Аляксандр ВАЛЬФОВІЧ адзначае наяўнасць рызык у выніку ваеннай актыўнасці ўздоўж граніц Беларусі.
Гэтая тэма сярод іншых абмяркоўвалася на пасяджэнні Савета Бяспекі, паведаміла БелТА.
— Тая інтэнсіўнасць і колькасць мерапрыемстваў, вучэнняў, якія праходзяць на тэрыторыі сумежных краін, выклікаюць пэўныя ваенныя рызыкі. Не толькі ў глыбіні сумежных краін, але і паблізу граніц Беларусі», — адзначыў дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі.
Паводле інфармацыі Аляксандра Вальфовіча, колькасць сіл першачарговага задзейнічання НАТА на тэрыторыі суседніх дзяржаў за апошнія прыкладна 5 гадоў павялічылася з 25 да 40 тысяч вайскоўцаў. Яны размяшчаюцца на тэрыторыі Польшчы, Літвы, Латвіі. Час, на працягу якога могуць быць выкарыстаны гэтыя сілы, — каля шасці гадзін. І нават менш, улічваючы батальённую тактычную групу, якая знаходзіцца ў Літве, на тэрыторыі ваеннага палігона Пабрадзе, за 15 кіламетраў ад дзяржаўнай граніцы з Беларуссю. Акрамя таго, да 10 баявых самалётаў у пастаяннай гатоўнасці да вылету і выкарыставання.
Пётр ДУНЬКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/pyotr-dunko
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/tags/litva
[4] https://zviazda.by/be/tags/nata
[5] https://zviazda.by/be/tags/merkavanne