Рэспубліканскі атрад спецыяльнага прызначэння «Зубр» Міністэрства па надзвычайных сітуацыях адзначыў сваё 30-годдзе. У мерапрыемстве прынялі ўдзел Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч, намеснік Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Аляксандр Рахманаў, міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі, кіраўнікі спецыяльных падраздзяленняў, ветэраны атрада і іншыя ганаровыя госці.
Аляксандр Вальфовіч агучыў віншаванне Кіраўніка дзяржавы і адзначыў асабісты склад дзяржаўнымі ўзнагародамі.
— У страі стаяць найлепшыя прадстаўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, — сказаў ён. — Назва атрада кажа аб прызначэнні і задачах, якія перад ім стаяць. Атрад, які ў найкарацейшыя тэрміны гатовы выканаць задачы перш за ўсё па выратаванні жыцця людзей на любой тэрыторыі. Структура атрада дазваляе выканаць шырокі спектр задач і кажа пра тое, што тут знаходзяцца спецыялісты высокага класа.
Начальнік Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння МНС палкоўнік унутранай службы Ігар Зарэмба нагадаў, што атрад быў створаны ў 1991 годзе для эфектыўнага рэагавання на найбольш складаныя надзвычайныя сітуацыі прыроднага і тэхнагеннага характару: уцечкі небяспечных хімічных рэчываў, абвальванне будынкаў, радыяцыйныя аварыі і іншыя. Зараз у камандзе прафесіяналаў — альпіністы, хімікі, выбухатэхнікі, вадалазы, кінолагі, атэставаныя па стандартах ААН для правядзення аварыйна-ратавальных работ і за мяжой.
— Наш атрад — адзінае ратавальнае падраздзяленне ў краіне, якое ў 2013 годзе прайшло атэстацыю па міжнародных стандартах ААН, у 2018 годзе паспяхова яе пацвердзілі, і сёння наш атрад рэкамендаваны да прыцягнення для ліквідацыі надзвычайных сітуацый па ўсім свеце. Работнікі атрада прымалі ўдзел у ліквідацыі наступстваў паводкі ў Сербіі ў 2014 годзе. Выбуховатэхнічная служба атрада праводзіць унікальную па сваёй складанасці значную аперацыю па дэмантажы аварыйных будынкаў і збудаванняў. За гісторыю службы праведзена больш чым 200 такіх работ, — расказаў Ігар Зарэмба.
Падчас урачыстасці прайшоў рытуал уручэння Сцяга кіраўніку атрада.
— Дзякую асабовы склад за добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў, адзначаю ўклад ветэранаў у станаўленне элітнага падраздзялення міністэрства па ліквідацыі надзвычайных сітуацый рознай ступені складанасці, — сказаў міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі. — Абсалютна невыпадковая міжнародная акрэдытацыя нашага падраздзялення. Будзьце заўсёды сумленныя перад сабой, любіце працу, беражліва стаўцеся да калектыву. Ваша прафесія вельмі ганаровая. Ратаванне людзей — не толькі мужнасць, адвага і доблесць, але яшчэ і вялікі дар кожнага, хто выконвае задачы па прызначэнні.
Ганаровыя госці высадзілі памятную алею — 30 піхт у гонар юбілею атрада. А затым прысутныя азнаёміліся з аварыйна-ратавальнай і спецыяльнай тэхнікай, здольнай выконваць практычна любыя задачы па ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару.
Дар'я ШЛАПАКОВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/darya-shlapakova
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/vadzim-sinyauski
[4] https://zviazda.by/be/tags/mns
[5] https://zviazda.by/be/tags/igar-zaremba
[6] https://zviazda.by/be/tags/yubiley