Сёння пад добрапрыстойнымі праваабарончымі падставамі мы назіраем спробу пазбаўлення Беларусі заваяванага ёю за чвэрць стагоддзя суверэнітэту, мэтанакіраваную атаку на нашу незалежнасць з боку заходніх краін. Пра гэта заявіў кіраўнік МЗС Уладзімір Макей, выступаючы ў Авальнай зале Дома ўрада, перадае карэспандэнт БелТА. [3]
"Нармальныя з пункту гледжання разумнага сэнсу інтарэсы самога Захаду, яго грамадзян, роўна, як і нашых суайчыннікаў, вокамгненна і без ваганняў прыносяцца ў ахвяру дзеля дасягнення зададзенай мэты", - лічыць міністр.
Ён працытаваў словы дарадца па нацыянальнай бяспецы былога прэзідэнта ЗША Джона Болтана, сказаныя літаральна два тыдні таму: "Украіну і Беларусь трэба прыняць у НАТА для таго, каб ліквідаваць шэрую зону, якая ўзнікла паміж Расіяй і краінамі Паўночнаатлантычнага альянсу. Беларусь - гэта самая складаная задача з ўсіх. Членства ў альянсе даволі доўгі час было неверагодным. Аднак, як бы цяжка гэта ні было, ЗША не могуць пакінуць яе Маскве без пярэчанняў". Гэта словы адстаўнога чыноўніка, які, дарэчы, наведваў Беларусь і з'яўляецца рупарам рэальных настрояў, якія існуюць у Вашынгтоне і на Захадзе ў цэлым.
"І заўважце, гаворка тут не ідзе пра праваабарончыя каштоўнасці, а пра канкрэтныя інтарэсы. Такая сёння дыпламатычная рэальнасць для нашай краіны", - працягнуў Уладзімір Макей.
Паводле яго слоў, як бы ні хацелася беглым ворагам незалежнай Беларусі, краіна падтрымлівае канструктыўныя адносіны з пераважнай большасцю партнёраў на розных кантынентах. "Наша адкрытасць і настроенасць на канструктыўнае рашэнне пытанняў даведзена да знешніх партнёраў на розных узроўнях. Аднак, на жаль, нашы аргументы хочуць чуць не ўсе", - заявіў Уладзімір Макей
Міністр падкрэсліў, што канкрэтныя дзеянні Захаду паказваюць:
"З правалам ўзяць з наскоку Беларусь яны ўзяліся за іншыя метады".
"Агульнае шальмаванне беларускага народа і дзяржавы стала звычайнай з'явай на Захадзе", - сказаў міністр. Паводле яго слоў, тое, што сёння адбываецца на заходнім флангу Беларусі, абсалютна не ўкладваецца ў нармальную карціну міжнародных і міждзяржаўных адносін. "Бессэнсоўна спрабаваць растлумачыць гэта класічнымі парадыгмамі, завязанымі на прагматычнасць, інтарэсы людзей, захаванне міру і стабільнасці ў рэгіёнах. Усё гэта спрэс адкідаецца нашымі так званымі партнёрамі", - канстатаваў Уладзімір Макей.
Міністр распавёў пра санкцыі з боку Захаду, фінансавымй падсілкоўванні і ўтрыманні збеглых марыянетак.
"Розныя сцэнары па дэстабілізацыі сітуацыі радыкальнымі і сілавымі метадамі рэалізуюцца з адной мэтай - ператварыць Беларусь у краіну-ізгоя. Прыкладаў маса", - падкрэсліў Уладзімір Макей.
Ён упэўнены ў тым, што далейшая эскалацыя ні да чаго добрага не прывядзе, і заклікаў заходніх партнёраў адумацца. "Праблемы павінны вырашацца за сталом перагавороў - гэта наша прынцыповая пазіцыя", - падкрэсліў кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства.
Міністр заявіў, што на абсалютна ўсе санкцыі і абмежавальныя метады Беларусь адкажа адэкватным чынам.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/parlament
[3] https://www.belta.by/politics/view/makej-u-belorusov-net-doverija-k-tem-partneram-kotorye-posledovatelno-vedut-dvojnuju-litsemernuju-igru-443053-2021/
[4] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-makey
[5] https://zviazda.by/be/tags/mzs
[6] https://zviazda.by/be/tags/sustrecha-z-parlamentaryyami
[7] https://zviazda.by/be/tags/avalnaya-zala-doma-urada