Паднябесная — неаспрэчны сусветны лідар «эры лічбы». Пра гэта, дарэчы, сведчаць даныя, апублікаваныя Кітайскай акадэміяй даследаванняў кіберпрасторы. Як адзначаюць эксперты, аб'ём лічбавай эканомікі КНР ужо ў 2019-м перасягнуў гістарычную мяжу ў 5 трыльёнаў долараў. На долю «лічбы» прыпадала 35,8 трыльёна юаняў ($5,45 трлн) — 36,2 працэнта ВУП краіны. Роўна год таму — напрыканцы мая 2020-га — валаконна-аптычная сетка Кітая ахапіла ўсе гарадскія і вясковыя раёны, прычым колькасць абанентаў гэтага сегмента склала 93,1 працэнта ад агульнай колькасці карыстальнікаў фіксаванай шырокапалоснай сувязі ў краіне, што з'яўляецца самым высокім паказчыкам у свеце. Пандэмія каранавіруса стала адным з фактараў, які стымуляваў імклівае развіццё «лічбы». Зразумела, адпаведная трансфармацыя закранула і інфармацыйную прастору. У гэтай найважнейшай сферы Паднябесная стала заканадаўцай шэрагу сусветных медыятрэндаў. Куды ж рушыць інфапрастора найбуйнейшай краіны свету?
Амаль мільярд карыстальнікаў
Аўдыторыя Паднябеснай — найвялікшая ў свеце. Як вядома, паводле даных апошняга перапісу, колькасць насельніцтва кантынентальнай часткі Кітая дасягнула 1 мільярда 411,78 мільёна чалавек. Аб гэтым паведамілі ў Дзяржаўным статыстычным упраўленні (ДСУ) КНР са спасылкай на звесткі сёмага агульнанацыянальнага перапісу насельніцтва. Прыведзеныя лічбы на 5,38 працэнта больш, чым у 2010-м. Такім чынам, апошняе дзесяцігоддзе насельніцтва Кітая павялічваецца ў сярэднім больш чым на 0,53 працэнта штогод. Агульная лічба не ўключае жыхароў Сянгана, Аамэня і Тайваня, а таксама замежнікаў, якія пражываюць у 31 правінцыі, аўтаномных раёнах і гарадах цэнтральнага падпарадкавання кантынентальнай часткі краіны.
На ІV саміце «Лічбавы Кітай», які арганізаваны Дзяржаўнай канцылярыяй інтэрнэт-інфармацыі, быў прадстаўлены «Даклад аб развіцці лічбавага Кітая (2020)». Згодна з дакументам, у апошнія пяць гадоў КНР быў лідарам па маштабах будаўніцтва інфармацыйнай інфраструктуры. Паднябесная стварыла самую вялікую ў свеце оптавалаконную сетку і сетку 4G. Да канца мінулага года колькасць інтэрнэт-карыстальнікаў павялічылася да 989 мільёнаў, а каэфіцыент распаўсюджвання інтэрнэту дасягнуў 70,4 працэнта. Такія даныя па выніках спецыяльнага даследавання газеты «Жэньмінь жыбаа» згадаў рэдактар цэнтра новых медыя партала «Жэнімінь жыбаа» анлайн» Ні Таа. Тэндэнцыі былі акрэслены падчас маштабнага міжнароднага сеткавага семінара, які праводзіць Кітайскі камітэт ШАС па добрасуседстве, сяброўстве і супрацоўніцтве сумесна з парталам «Хуаньцюван» пры газеце «Жэньмінь жыбаа». У мерапрыемстве ўдзельнічае і «Звязда».
«Зумеры» і пенсіянеры
Галоўным чынам падключэнне да «сусветнага павуціння» ў Кітаі адбываецца праз смартфоны — 99,7 працэнта карыстальнікаў выходзяць у глабальную сетку менавіта так. Кітайцы ў сярэднім цяпер праводзяць у інтэрнэце амаль чатыры гадзіны штодня. Гэта менш, чым год таму. Такая тэндэнцыя тлумачыцца тым, што летась у людзей было больш вольнага часу з-за пандэміі. Самая вялікая колькасць карыстальнікаў — 20,5 працэнта — людзі ва ўзросце 30—39 гадоў. Аўдыторыя 40—49-гадовых — 18, 8 працэнта, 20—29-гадовых — 17,8 працэнта. У Кітаі вельмі ўважліва вывучаюць запыты розных катэгорый карыстальнікаў. Цікава, што апроч сусветнай стаўкі на «зумераў», вялікая ўвага ўдзяляецца пенсіянерам. І гэта апраўдана: як вядома, колькасць насельніцтва ў Паднябеснай ва ўзросце 60 гадоў і старэй перавышае чвэрць мільярда чалавек.
У Кітаі праводзіцца трохгадовая кампанія, накіраваная на аказанне дапамогі пажылым грамадзянам у пераадоленні лічбавага бар'еру, каб яны маглі цалкам карыстацца выгодамі інтэлектуальных тэхналогій і інфармацыйных паслуг, якія пастаянна развіваюцца. Кампанія робіць акцэнт на паляпшэнні работы, накіраванай на ліквідацыю бар'ераў на шляху да сучаснага інфармацыйнага грамадства і павышэнні яго даступнасці для людзей сталага ўзросту. Прасоўваюцца неабходныя змены і мадэрнізацыя адпаведных аб'ектаў для задавальнення патрэб дадзенай групы, вынікае з цыркуляра Канцылярыі Усекітайскага камітэта па рабоце з людзьмі сталага ўзросту. Праз стварэнне адпаведнага механізму, аказанне валанцёрскіх паслуг, навучанне і правядзенне інфармацыйна-асветніцкіх мерапрыемстваў да канца 2022 года павінна быць забяспечана больш якасная адаптацыя гэтых людзей да інфармацыйнага грамадства.
Ад ПК да штучнага інтэлекту
Як заўважыў Ні Таа, развіццё інтэрнэту ў Кітаі можна ўмоўна падзяліць на тры «дзесяцігодкі». 1996—2006 гады: эпоха персанальных камп'ютараў, выхад праз браўзеры на ПК. 2006—2016 гады: мабільны інтэрнэт, шырокае распаўсюджванне дадаткаў. 2016—2026 гады: штучны інтэлект, дапоўненая рэальнасць, так званы акулярны інтэрнэт.
Адпаведна змянялася і інфармацыйная прастора. Як адзначыла прафесар Кітайскага ўніверсітэта камунікацый Чжан Яньцю, адбываецца імклівая трансфармацыя традыцыйных медыя. Адзін з адметных прыкладаў такіх змяненняў — вопыт развіцця партала «Хуаньцюван». Ён адзін з самых наведвальных у Паднябеснай: штодзённая аўдыторыя дасягае больш чым 100 мільёнаў чалавек. Пачынаўся гэты маштабны праект з адпаведнага аддзела ўплывовай кітайскай газеты «Хуаньцю шыбаа» (падраздзяленне «Жэньмінь жыбаа»), якая галоўным чанам распрацоўвае міжнародную тэматыку.
Адпаведнае тэматычнае поле і ў huanqіu.com. Як заўважыў галоўны рэдактар «Хуаньцюван» Шы Дзін, «мы з'яўляемся адным з галоўных пастаўшчыкоў міжнародных навін». Гэтае сеткавае выданне сярод найбольш аўтарытэтных у Паднябеснай. «Хуаньцюван» аператыўна рэагуе на выклікі часу, у прыватнасці ў плане візуалізацыі кантэнту, актыўнай работы на розных платформах, сацыяльных сетках. Як адзначае галоўны рэдактар партала, цяпер узрастае канкурэнцыя не толькі сярод медыя — актыўна падключаюцца і блогеры. Цяпер гэта не толькі знакамітасці, але і простыя людзі, якія «злавілі хвалю». Блогерамі паспяхова могуць выступаць нават хатнія жывёлы.
Вельмі важны кірунак — персаніфікацыя медыя. Паводле слоў Шы Дзіна, «Хуаньцюван» стаў адным з першых сайтаў у Кітаі, які пайшоў на такі крок. Падачу інфармацыі ў значнай ступені вызначаюць самі карыстальнікі. «Важна не толькі выбраць удалую навіну, якая прывабіць чытачоў, але і адсачыць водгук аўдыторыі, каб развівацца ў правільным кірунку», — перакананы Шы Дзін.
Партал актыўна перафарматаваўся на прыярытэтную падачу відэанавін, прымяняе дроны, тэхніку віртуальнай рэальнасці. Адметна, што важнае месца ў навінавай стужцы «Хуаньцюван», як паведаміў карэспандэнту «Звязды» галоўны рэдактар партала, займаюць паведамленні з Беларусі. «Мы аператыўна рэагуем на важныя падзеі ў вашай краіне», — заўважыў Шы Дзін.
Зоркі з глыбінкі
У Кітаі актыўна развіваюцца камерцыйныя платформы, мабільныя дадаткі, сацыяльныя сеткі. Праўда, са сваімі асаблівасцямі. Ва ўсіх на слыху шматфункцыянальныя платформы Weіbo, WeChat, насамрэч рэвалюцыйны сэрвіс TіkTok (у Кітаі вядомы як Douyіn, між іншым, працуе на асобным серверы). Але гэтым інфаплынь Паднябеснай зусім не абмяжоўваецца. Напрыклад, папулярная кітайская анлайн-платформа Bіlіbіlі для абмену і прагляду відэа зарэгістравала значнае павелічэнне даходаў сёлета ў першым квартале дзякуючы імкліваму росту колькасці карыстальнікаў. У сваёй фінансавай справаздачы кампанія паказала, што чысты прыбытак за перыяд студзень—сакавік склаў каля 600 мільёнаў долараў, што на 68 працэнтаў больш, чым у такі ж час летась.
Сэрвіс Kuaіshou, які дазваляе звычайным людзям публікаваць кароткія відэа, выйшаў на ІPO ў Ганконгу і прыцягнуў 41,3 млрд ганконгскіх долараў ($ 5,4 млрд). Гэта найбуйнейшае тэхналагічнае ІPO з моманту выхаду Uber на біржу. Kuaіshou можа паўтарыць поспех свайго канкурэнта — TіkTok, лічаць эксперты.
Kuaіshou заснавалі былы супрацоўнік Google Су Хуа і праграміст Чэн Ісяа. Су Хуа нарадзіўся ў правінцыі Хунань, у горнай мясцовасці на поўдні Кітая. У яго роднай вёсцы да 1998 года не было электрычнасці. Ён атрымаў ступень бакалаўра мастацтваў і навук ва Універсітэце Цінхуа, адной з найлепшых навучальных устаноў КНР. Пасля працаваў праграмістам у пекінскім офісе Google. Ісяа таксама праграміст: ён спачатку вучыўся ў Паўночна-ўсходнім універсітэце ў правінцыі Ляанін, а потым працаваў у амерыканскай Hewlett-Packard і кітайскай сацсетцы Renren.
Як заўважыў віцэ-прэзідэнт Kuaіshou Лю Чжэнь, на платформе звычайныя людзі распавядаюць пра сваё жыццё і пры гэтым становяцца папулярнымі. Гэта дазваляе павышаць свой дабрабыт. Напрыклад, Юань Гуйхуа з невялічкай горнай вёскі ў правінцыі Гуйчжоў прыцягнула тры мільёны падпісчыкаў, распавядаючы аб лоўлі рыбы, падрыхтоўцы мясцовай ежы і сельскай гаспадарцы. Гэтая сацсетка прывабная для рэкламадаўцаў, паколькі патэнцыйныя пакупнікі давяраюць відэаролікам такіх жа людзей, як яны, і больш ахвотна купляюць тавары, якія ў іх рэкламуюцца. Як паведаміў Лю Чжэнь карэспандэнту «Звязды», у Kuaіshou ёсць карыстальнікі з Беларусі.
Адным шляхам
Шматаблічнасць інфармацыйных прадуктаў Паднябеснай задавальняе не толькі ўнутраныя патрэбы 1,4-мільярднай аўдыторыі, але і мае вялікі попыт у замежных карыстальнікаў. Паводле меркавання Чжан Яньцю, у Кітаі імкнуцца развіваць і ўсяляк падтрымліваць канструктыўную журналістыку, якая вельмі запатрабавана ў час fake news. КНР актыўна развівае інфармацыйнае супрацоўніцтва з шэрагам краін, у там ліку і з Беларуссю. Як заўважыла карэспандэнту «Звязды» прафесар Чжан Яньцю, у гэтым плане аб'яднальнай пляцоўкай для медыя можа выступіць транснацыянальны праект «Пояс і Шлях», які развівае Кітай па ініцыятыве старшыні КНР Сі Цзіньпіня.
Кітай з'яўляецца стратэгічным партнёрам Беларусі. Супрацоўніцтва развіваецца па многіх напрамках, рэалізоўваецца шэраг важных праектаў. Беларусь, па прызнанні экспертаў, стала адным з важных удзельнікаў глабальнага «Пояса і Шляху». Пры гэтым развіццё індустрыяльнага парка «Вялікі камень» у Паднябеснай згадваюць як узорны праект плённага двухбаковага супрацоўніцтва. 31 жніўня 2015 года была падпісана ключавая Дырэктыва Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 5 «Аб развіцці двухбаковых адносін Рэспублікі Беларусь з Кітайскай Народнай Рэспублікай».
Зразумела, мы не маглі застацца ўбаку. У верасні 2015-га ў рамках Форуму медыясупрацоўніцтва «Адзін пояс і адзін шлях», у якім бралі ўдзел 170 прадстаўнікоў СМІ з 60 краін усіх кантынентаў, «Звязда» падпісала Мемарандум аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве з адным з вядучых у сусветнай медыяпрасторы і самым уплывовым выданнем у Кітаі — газетай «Жэньмінь жыбаа». На партале zvіazda.by ў кастрычніку 2015 года быў запушчаны глабальны праект «Весткі з Кітая», кантэнт якога пераважна фарміруецца матэрыяламі ўплывовых кітайскіх выданняў і інфармагенцтваў, у першую чаргу — «Жэньмінь жыбаа». У сваю чаргу публікацыі «Звязды» актыўна выкарыстоўваліся пры фарміраванні навінавай стужкі на інтэрнэт-партале «Жэньмінь жыбаа» анлайн», што дазволіла прэзентаваць сацыяльна-эканамічны і грамадска-культурны патэнцыял Беларусі на шматмільённую аўдыторыю штодзённага наведвання партала people.com.cn. У сваю чаргу, у верасні 2016 года на сайце russіan.people.com.cn з'явіўся тэматычны банер «Весці з Беларусі. Звязда». Цікава, што ў музеі «Жэньмінь жыбаа» «звяздоўскаму» праекту адведзена пачэснае месца. Мы за канструктыўную журналістыку.
Мікалай ЛІТВІНАЎ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/mikalay-litvinau
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya-0
[4] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya