Значнае месца ў экспазіцыі Мядзельскага музея народнай славы адведзена народнаму паэту Беларусі, Герою Сацыялістычнай Працы, грамадскаму і дзяржаўнаму дзеячу Максіму Танку, які нарадзіўся ў вёсцы Пількаўшчына. Тут прадстаўлены шэраг матэрыялаў, дакументаў, кніг з яго аўтографамі, зборнікі вершаў, рукапісы, чарнавікі з накідамі вершаў, асабістыя рэчы, пасведчанні, даведкі часоў Вялікай Айчыннай вайны, паколькі Максім Танк быў на фронце ваенным карэспандэнтам. Шмат таксама фотаздымкаў. Напрыклад, з бацькамі.
У Мядзельскім раёне ў Максіма Танка было лецішча, якое захавалася да сённяшняга дня. Сюды любілі прыязджаць знакамітыя госці. На адным са здымкаў паэт з Максімам Лужаніным, Якубам Коласам. Гэта фота датавана 1956 годам, годам смерці беларускага песняра. Цікавасць выклікае рукапіс верша, які Якуб Колас прысвяціў Максіму Танку экспромтам у 1948-м. У экспазіцыі таксама ваенныя фота. На адным Максім Танк стаіць побач з Аркадзем Куляшовым. На адной з карцін прадстаўлены дом, дзе нарадзіўся паэт у 1912 годзе ў вёсцы Пількаўшчына. Аўтар твора — жыхар аграгарадка Златкі, дырэктар мясцовай школы Барыс Пестун.
У невялікай вітрыне сабраны матэрыялы аб народнай артыстцы Беларусі Марыі Захарэвіч, якая нарадзілася ў вёсцы Навасёлкі. Вёска ўвайшла ў межы Мядзела. На здымках актрыса адлюстравана ў сцэнічных ролях. Марыя Захарэвіч жыве ў Мінску, але часта прыязджае на малую радзіму.
Невялікая экспазіцыя прысвечана Паўліне Мядзёлцы. На здымку 1972 года Мядзёлка з Алай Долгай і Раісай Кашэльнікавай, пазнейшымі выканаўцамі ролі Паўлінкі ў аднайменнай п'есе Янкі Купалы. На іншай фатаграфіі Паўліна Мядзёлка каля помніка Янку Купалу ў Мінску.
Значнае месца ў экспазіцыі музея адведзена жыццю і творчасці народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча, мядзельскім паэтам Іосіфу Скурко, Мар'яну Дуксу, Мікалаю Шабовічу, Адольфу Варановічу. У 1990 годзе ў школе № 1 Мядзела адкрыты музей гісторыі школы імя Уладзіміра Дубоўкі, які дзейнічае як філіял Мядзельскага музея.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-lazouskaya
[2] https://zviazda.by/be/tags/yaugen-pyasecki
[3] https://zviazda.by/be/kultura
[4] https://zviazda.by/be/tags/myadzelshchyna
[5] https://zviazda.by/be/tags/myadzel