Сербскую перакладчыцу і паэтэсу Даяну ЛАЗАРЭВІЧ зараз добра ведаюць і ў Беларусі. Зусім маладая літаратарка (толькі-толькі скончыла вучобу ва ўніверсітэце, магістратуры), у апошнія гады яна зарэкамендавала сябе актыўным перакладчыкам беларускай літаратуры на сербскую мову. У Белградзе выйшла некалькі кніг у яе перакладах. Даяна, дарэчы, і сама піша вершы на беларускай мове. Яе творы неаднойчы друкаваліся ў мінскіх перыядычных выданнях. Пісьменніца ўдзельнічае ў розных ініцыятывах па прэзентацыі не толькі беларускай, але і іншых постсавецкіх літаратур у Сербіі. З маладой перакладчыцай і сустрэўся наш карэспандэнт.
– Даяна, першае і, відаць, зразумелае для пачатку пытанне – з чаго вырасла ваша зацікаўленасць беларускай літаратурай? Творы каго з беларускіх паэтаў вы пераклалі першымі?
– Яшчэ на факультэце, калі я пачала вывучаць беларускую мову, у мяне з’явілася зацікаўленасць да беларускай літаратуры. Мне на філалагічным факультэце ў Белградзе выкладаў беларускую мову кандыдат філалагічных навук з Мінска – малады сербіст Мікіта Супрунчук (зараз ён выкладае рускую мову ў Беларускім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, на кафедры рускай мовы для замежных студэнтаў). Прафесар на практычных занятках, лекцыях чытаў нам беларускую паэзію і якраз тады я зрабіла першы пераклад з беларускай. Які гэта быў верш... хутчэй за ўсё – Уладзіміра Караткевіча. Так, дакладна. Уладзіміра Караткевіча. Пасля, на адной прэзентацыі кнігі ў 2013 годзе ў Асацыяцыі літаратараў Сербіі, я ўпершыню пачула выступленне беларускага прафесара, доктара філалагічных навук Івана Чарота. Ён гаварыў пра свой пераклад паэзіі Радэ Драінца на беларускую мову. Можа быць, тады я вырашыла, чым буду займацца далей. Пра прафесара Чарота чула і раней як пра аўтарытэтнага перакладчыка, даследчыка беларуска-сербскіх сувязяў.
Так што, першыя паэты, якіх я перакладала з беларускай, былі: Уладзімір Караткевіч, Пятрусь Броўка і Максім Танк. Пасля іх вершы я надрукавала ў студэнцкай газеце «Вясна».
– А Максім Багдановіч... Ці складана было перакладаць яго «Вянок»? Хто-небудзь кансультаваў вас у час гэтай перакладчыцкай працы?
– Калі пачала перакладаць, дакладней – калі прыняла рашэнне перакладаць, то, несумненна, я ўжо ўяўляла, якога масштабу гэты паэт, якой велічыні гэты класік беларускай нацыянальнай літаратуры. Прапанова перакласці «Вянок» ішла ад прафесара Івана Аляксеевіча Чароты. Ён вылучыў такую прапанову, калі пачуў пра мае сур’ёзныя намеры працаваць у галіне мастацкага перакладу, працаваць менавіта па перастварэнню беларускай літаратуры на сербскую мову. Цэлы год я перакладала і пісала прафесару Івану Чароту, калі мне нешта было незразумела. І я вельмі ўдзячна Івану Аляксеевічу. За прапанову, дапамогу, давер. Так, праца над перакладам «Вянка» была надзвычай складанай. Але яшчэ і таму, што ў мяне ставала вопыту. Шмат розных пытанняў узнікала ў галаве. Часам, з вышыні сённяшняга часу, бачу, што бальшыня з іх наіўныя. Але тады набываўся вопыт, я рабіла першыя крокі. Дарэчы, не ведаю, ці хапіла б у мяне зараз такой юначай адвагі, каб цяпер узяцца за пераклад Багдановіча... Ды яшчэ амбіцыйна замахнуцца на пераклад усяго «Вянка»... І ўсё ж моцнае жаданне перамагло. Я, прызнаюся, ганаруся, што адолела такую працу. Максім Багдановіч быў і застаецца для мяне ідэалам у паэзіі, жыцці, яго творчасць – сама дасканаласць. І хто ведае, можа быць, я яшчэ ізноўку судакрануся з перакладам яго паэзіі. Паспрабую тым самым, вяртаючыся да ранейшых перакладаў, прыўзняцца над сабою, зрабіць, здейсніць новы творчы крок.
– Вы некалькі разоў былі ў Беларусі. Гэта нейкім чынам паўплывала на Вашы перакладчыцкія зацікаўлненні?
– Шмат хто ў Мінску, калі даведаліся, што перакладала Багдановіча, гаварылі пры сустрэчы: «Дзякуй табе, што пераклала «Вянок»...» А шмат хто і пытаўся: «А што будзеш перакладаць пасля Багдановіча?». У Беларусі я даведалася, каго з паэтаў болей любіць народ, якія творцы даспадобы чытачам. Творцы розных пакаленняў. На філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага універсітэта я пазнаёмілася з сучаснымі маладымі пісьменнікамі. Шмат каго з іх пазней і пачала перакладаць на сербскую мову. Што да астатніх планаў – час пакажа... Мне шкада, што не маю магчымасцяў вучыцца на філалагічным факультэце Белдзяржуніверсітэта. Не маю магчымасцяў жыць у Беларусі. А я вельмі хацела б гэтага. Хачу часцей бываць у Беларусі, болей часу праводзіць у непасрэдным знаёмстве з краінай і яе літаратурай.
– І ўсё ж вы неверагодна шмат робіце для прасоўвання не толькі беларускай, але і рускай літаратуры ў Сербіі... Ці складана сумяшчацбь гэтыя дзве плыні?
–Не, вы крыху памыляецеся. Прыярытэты – за беларускай літартурай. З рускіх тэкстаў я пераклала толькі народныя казкі. Хоць я ўважліва сачу за развіццём рускай літаратуры. Стараюся быць у курсе навінак рускай паэзіі, рускай прозы. Два гады я была на практыцы па бібліятэказнаўству ў Рускім доме ў Белградзе і ўдзельнічала ў мерапрыемствах, якія там праводзіліся ў звязку з рускай літаратурай, расійскай кнігай. Такія мерапрыемствы, такія імпрэзы праводзіліся і праводзяцца таксама ва ўніверсітэтце ў Белградзе, на філалагічным факультэце. Пасля, калі завяршыла вучобу, я пачала працаваць у Дзіцячым культурным Цэнтры Белграда. І там з дапамаогай Рускага дома заснавала «Рускі гурток» (так назывыаецца бібліятэка кніг на рускай мове). Так што, як бачыце, не так і шмат мною зроблена для развіцця руска-сербскіх адносін... У Сербіі людзі часта гавораць, што рускія і сербы – браты. Тое самае мы гаворым і пра дружбу беларусаў і сербаў. Я, наколькі б гэта патэтычна не гучала, вырашала сваім суайчыннікам паказаць усё хараство беларускай літаратуры і беларускай культуры, паказаць нешта новае, дагэтуль не так шырока і вядомае. Русістаў у нас хапае. А вось беларусістаў, беларусазнаўцаў – мала. Дык я спадзяюся, што разам са сваімі калегамі будзем працаваць над пашырэннем іх шэрагаў.
– А як увогуле сербскія чытачы адносяцца да перакладаў з іншых літаратур? Заўважаюць на сербскай мове беларускую паэзію?
– Самыя папулярныя пераклады зараз – гэта пераклады з англійскай мовы (літаратуры Амерыкі, Англіі, Аўстраліі), італьянскай, французскай, нямецкай моў... Гэта калі гаварыць увогуле пра ўспрыняцце сербскіх чытачоў, іх уяўленні пра замежныя літаратуры.
Надрукаваць беларускую паэзію ці прозу – складаная парца. Шмат хто з рэдактараў літаратурных газет і часопісаў не жадаюць друкаваць класікаў, таму што яны «старыя» і «іх даўно ўжо няма». І, маўляў, сербскі чытач «нічога не ведае пра іх»... Знаходзяцца і іншыя прычыны, каб адмовіць у публікацыі. Калі сутыкаюся з гэтым, настойваю на публіцыю, шукаю тлумачэнні свайго выбару. Часта чытаю беларускую паэзію на прэзентацыях. Імкнуся давесці, даказаць, што сучасны чытач разумее кожнага з сучасных паэтаў Беларусі. Поспех відавочны, вынікі – ёсць. І я працягваю перакладаць і друкаваць у газетах пераклады з беларускай мовы.
–Ці шмат сёння ў Сербіі літаратурных перыядычных выданняў, якія ўважлівыя да мастацкага перакладу?
– Калі глядзець на шматлікія конкурсы, то амаль усе літаратурныя часопісы і газеты шукаюць пераклады. Але, паўтаруся, амаль усе жадаюць бачыць у сябе літаратуру «з сучаснымі тэндэнцыямі». Калі гаворым пра газеты, з якімі я дастаткова паспяхова супрацоўнічаю і якія друкуюць амаль у кожным нумары пераклады беларускай літаратуры, трэба мець на ўвазе наступныя выданні: «Літаратурны агляд» («Књижевни преглед»), «Сутнасць паэтыкі» («Суштина поетике»), "Вясна" («Весна»), "Праваслаўны місіянер» («Православни мисионар»), "Зоркавая дарога» (Звездани колодвор), "Литературные вертикали" (Књижевне вертикале), "Мосты" (Мостови).
– Ці ёсць сёння ў Сербіі, акрамя вас, перакладчыкі беларускай паэзіі, прозы?
– Не хвалюся ні ў якім разе, але кажу, як ёсць на самай справе. Наколькі я ведаю, сур’ёзна, сістэмна перакладаю і друкую беларусаў толькі я адна. Чалавек, які шмат зрабіў для беларускай літаратуры ў мінулым, – доктар Міодраг Сібінавіч. Ён перакладаў з беларускай мовы вельмі актыўна. Ёсць некалькі перакладчыкаў, якія перакладалі беларускую літаратуру з рускай мовы. Але і іх вельмі мала. Дарэчы, не трэба забывацца і на тое, што прафесар Белдзяржуніверсітэта з Мінска Іван Чарота перакладае яшчэ і з беларускай на сербскую, а не толькі знаёміць беларускага чытача з сербскімі паэзіяй і прозай.
– І ўсё ж пра канкрэтныя планы? Што збіраецеся перакласці ў бліжэйшы час?
– Планы досыць простыя... Перакладаць і друкаваць штомесяц новыя, дагэтуль не адкрытыя себскім чытачом творы з беларускай літаратуры. Буду і надалей прадстаўляць беларускую літаратуру ў нашых газетах і часопісах. А самае важнае на дадзены момант – завяршыць работу над анталогіяй беларускай дзіцячай літаратуры, якую ўклаў Іван Чарота.
– Вы яшчэ і працуеце як паэт на беларускай і рускай мовах... Ці хутка пабачыць чытач кнігу вашых арыгінальных вершаў на беларускай ці рускай мовах?
– Здарылася так, што я напісала некалькі вершаў на беларускай і рускай мовах, а пра сваю асобную кнігу на гэтых мовах зусім не думаю…
– Я рэдка пішу вершы і на сербскай мове. Лепей сказаць – усё радзей і радзей пішу. Калі я пачала перакладаць – амаль перастала пісаць сваё, таму што на перакладзенае пачала глядзець як на сваё.
Ува мне жыве жаданне яшчэ шмат што перакласці з беларускай мовы і прадставіць сербскім чытачам многіх пісьменнікаў Беларусі. Ёсць у мяне жаданне ізноў наведаць Беларусь. Людзі думаюць, што я жартую, але я сур’ёзна кажу: зараз у мяне дзве Айчыны – Сербія і Беларусь. І я іх аднолькава люблю.
Гутарыў Кастусь ЛАДУЦЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/kastus-laducka
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/dayana-lazarevich-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[6] https://zviazda.by/be/tags/serbiya
[7] https://zviazda.by/be/tags/vyanok
[8] https://zviazda.by/be/tags/maksim-bagdanovich
[9] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-karatkevich