Відавочна, што вакцына ад каранавіруса не выратавала сусветную эканоміку ад дысбалансаў, выкліканых паўсюднымі лакдаўнамі. Аднаўленне ад крызісу адбываецца нераўнамерна, што прымушае кампаніі па ўсім свеце панікаваць і істэрычна папаўняць запасы, заўважыла lenta.ru. Рэзкі рост попыту і адпаведнае імклівае пашырэнне дэфіцыту падымаюць цэны да пікавых значэнняў літаральна на ўсё: ад прадуктаў харчавання да паўправаднікоў і металаў. Як пандэмія расхістала сусветную эканоміку і калі рэальна выправіць сітуацыю?
Крызіс стагоддзя
З-за глабальнага крызісу, справакаванага пандэміяй каранавіруса, сусветная эканоміка страціла звыш 3,5 трыльёна долараў — удвая больш, чым ад маштабнага фінансавага калапсу 2008-га. Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш назваў цяперашнія праблемы найгоршымі за апошняе стагоддзе.
Праз год пасля пачатку эпідэміі і з'яўлення вакцын сітуацыя стала паступова аднаўляцца, аднак гэта адбываецца нераўнамерна. Зараз галоўнай рызыкай для рынкаў стала бескантрольная інфляцыя. На фоне дэфіцыту заўважна выраслі цэны.
Краіны пачалі адмяняць лакдаўны, а вытворчасць — аднаўляцца. Рэзка ўзрослы попыт на аўтамабілі, бытавыя тавары і шэраг прадуктаў ужо прывёў да іх падаражання. Каб апярэдзіць яшчэ большы рост цэн, вытворцы актыўна папаўняюць запасы. Медзь, жалезная руда і сталь, кукуруза, кава, пшаніца і соя, піламатэрыялы, паўправаднікі, пластык і кардон для пакавання — гэтыя пазіцыі сутыкнуліся з катастрафічным дэфіцытам, папоўніць які не ўдасца яшчэ доўгі час.
Прычым ніхто пакуль не бярэцца сказаць, калі скончыцца рост цэн. Эксперты Bloomberg палічылі, што гэта працягнецца яшчэ як мінімум год, адзначыла lenta.ru.
Упэўненасці ў заўтрашнім дні не дадаюць і нядаўнія падзеі, якія ўзрушылі сыравінныя рынкі: затор у Суэцкім канале, масавая ўспышка COVІD-19 у Індыі і кібератакі на амерыканскі трубаправод Colonіal Pіpelіne, што справакавала паліўны крызіс у ЗША. Па свеце стала даражэй вазіць грузы: перавозка кантэйнераў паміж Амерыкай і Азіяй праз Ціхі акіян падаражэла за час пандэміі ў тры разы, а на трансатлантычных маршрутах цэны выраслі амаль удвая. І гэта не мяжа, паколькі Еўропа адстае ад Азіі і Амерыкі ў справе вяртання да ранейшых тэмпаў вытворчасці і спажывання. Справа ў тым, што з-за выкліканага пандэміяй крызісу сусветнага гандлю многія кантэйнеры апынуліся не там, дзе трэба, а судны прастойвалі ў партах на працягу некалькіх месяцаў і разгружаліся не так хутка, як у звычайны час.
Акрамя таго, дэфіцыт кантэйнераў пагаршаецца наступствамі аварыі ў Суэцкім канале, які амаль на тыдзень апынуўся заблакіраваным кантэйнеравозам Ever Gіven. Тысячы яго кантэйнераў не былі дастаўлены своечасова адрасатам, а сотні іншых грузавых суднаў апынуліся ў пробках па абодва бакі гэтага канала — найважнейшай воднай артэрыі сусветнага гандлю. На долю Суэцкага канала прыходзіцца 10—12 працэнтаў сусветнага марскога грузаабароту.
То засухі, то замаразкі
Прычынай росту цэн на тавары сталі адразу некалькі фактараў, у тым ліку надвор'е. Даўжэй за ўсё — ужо амаль год — павялічваюцца цэны на прадукты харчавання. Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН (FAO) падлічыла, што яны дасягнулі максімуму з 2014 года. Эксперты патлумачылі гэта рэзкім павышэннем цэн на цукар, алей, мяса, малочныя прадукты і крупы.
На фоне скарачэння паставак і стабільна высокага попыту цэны на кукурузу выраслі на 66,7 працэнта ў гадавым вымярэнні, дасягнуўшы піку 2013 года. Сусветныя цэны на пшаніцу павялічыліся больш чым на 17 працэнтаў вышэй красавіцкіх значэнняў 2020-га. Услед за збожжам сёмы месяц запар даражэе мяса — на 1,7 працэнта за красавік і 5,1 працэнта ў гадавым выражэнні.
Цэны на цукар узраслі на 60 працэнтаў за год: такі рост патлумачылі высокім попытам на фоне магчымага скарачэння прапановы ў новым сезоне. У Бразіліі, якая з'яўляецца асноўным экспарцёрам гэтага тавару, марудна ідзе ўборка ўраджаю. Акрамя таго, ёсць страты ад замаразкаў у Францыі. Рост цэн на кукурузу, бабы і іншыя культуры адбыўся яшчэ і на фоне буму расліннага паліва. З развіццём праграм па барацьбе са зменай клімату энергетычныя кампаніі нарошчваюць аб'ёмы біяпаліва. А попыт на аднаўляльную энергетыку з году ў год па ўсім свеце толькі ўзрастае, так што прадукты могуць стаць яшчэ даражэйшымі, лічаць эксперты FAO.
Дадатковы фактар росту цэн — дэфіцыт працоўнай сілы. З-за гэтага цэны на пальмавы алей за год падскочылі на 120 працэнтаў і дасягнулі рэкордных значэнняў: цяпер тона каштуе больш за 1090 долараў. Асноўныя пастаўшчыкі гэтай таварнай пазіцыі — Малайзія і Інданезія: на іх прыпадае прыкладна 84 працэнты сусветнага рынку. Пандэмія каранавіруса выклікала дэфіцыт рабочых у гэтых краінах і прывяла да скарачэння вытворчасці. Пры гэтым галоўныя імпарцёры — ЗША і Кітай — наадварот, нарошчваюць спажыванне. Падаражанне сыравіны непазбежна адаб'ецца на цэнах усіх прадуктаў, дзе яна выкарыстоўваецца: ад шакаладу да губной памады.
Акрамя таго, на фоне ўспышкі COVІD-19 у Індыі падаражэе і чай. Улады краіны адкрылі пункты вакцынацыі спецыяльна для работнікаў чайных плантацый, але прэпарату на ўсіх не хапіла. Да таго ж новы ўраджай сур'ёзна пацярпеў ад засухі, якая ахапіла асноўныя чайныя рэгіёны — штат Асам і суседнюю з ім Заходнюю Бенгалію. У выніку да пачатку сезона было выраблена ўсяго 47 мільёнаў кілаграмаў чаю — на 13 млн кг менш, чым у пачатку мінулых сезонаў. Дакладна вызначыць, наколькі падаражэе чорны чай, эксперты пакуль не могуць. Самы вялікі аб'ём вытворчасці пачынаецца ў чэрвені — жніўні, калі і асноўныя закупкі ажыццяўляюцца ўсімі ўдзельнікамі рынку. Таму цэннікі могуць змяніцца ўжо ў наступным месяцы.
«Надрукавалі» 10 трыльёнаў долараў
Нераўнамернае аднаўленне эканомікі прывяло да бескантрольнага росту інфляцыі па ўсім свеце. З пачатку 1990-х сусветная эканоміка толькі тройчы перажывала супастаўны скачок цэн на прадукты харчавання. Апошні раз такое адбывалася ў 2010—2011 гадах і суправаджалася серыяй паўстанняў і пратэстаў на Блізкім Усходзе, якія атрымалі назву «арабская вясна». Імклівы разгон інфляцыі на рынках прадуктаў харчавання абяцае свету хвалю сацыяльных узрушэнняў, папярэдзіў Deutsche Bank.
Як адзначаюць эксперты, інфляцыйную хвалю на сусветных рынках паднялі цэнтральныя банкі, якія запампавалі ў сістэму 10 трыльёнаў долараў грашовай эмісіі. За апошні год сукупны баланс шасці ключавых сусветных цэнтрабанкаў, уключаючы ФРС ЗША, ЕЦБ і Банк Японіі, павялічыўся з $15 трлн да $25 трлн і працягвае расці, абнаўляючы гістарычныя рэкорды.
Галоўная прычына паскарэння інфляцыі — гэта бум напампаванай стымуламі амерыканскай эканомікі, кажа эканаміст ІNG Джэймс Найтлі. Пасля трыльённага пакета дапамогі ад адміністрацыі Дональда Трампа ўлады ЗША залілі ў сістэму яшчэ $1,9 трлн пасля прыходу Джо Байдэна, які ў дадатак рыхтуе план інфраструктурных інвестыцый на $2,25 трлн.
Гэта так званы helіcopter money, або «верталётныя грошы». Назва пайшла ад эксперымента лаўрэата Нобелеўскай прэміі па эканоміцы Мілтана Фрыдмана, які прапанаваў прадставіць чароўны верталёт, які будзе лётаць над людзьмі і раскідваць грошы. Здавалася б, вось яно шчасце. Але менавіта тут
грамадства і трапляе ў пастку: грошы сыплюцца з неба, але тавару больш не становіцца. Радасны спажывец бяжыць расходаваць, але такім жа чынам паступаюць усе — цэны непазбежна пачынаюць расці. Гэтым эксперыментам з уяўным верталётам Фрыдман даказваў, што «бясплатныя» грошы прымушаюць расці не эканоміку, а інфляцыю.
«Банкет» аплачвае «друкавальны станок». ФРС ЗША павялічыла баланс на 3,16 трлн долараў у мінулым годзе і яшчэ $417 млрд — за студзень — красавік. Для параўнання: ЕўраЦБ «надрукаваў» $3,3 трлн, Банк Японіі — $1,5 трлн, цэнтральныя банкі Англіі і Канады — сумесна больш чым $0,8 трлн.
У той час як чэкі ад амерыканскага ўрада падтрымліваюць спажывецкі попыт, цунамі доларавай ліквіднасці разганяе сыравінныя рынкі з хуткасцю, якой біржы не бачылі некалькі дзесяцігоддзяў. У найбліжэйшыя месяцы інфляцыя ў ЗША працягне паўзці ўверх: грамадзяне, якія «ўзброены» выплатамі з бюджэту, у той час на баку прапановы захоўваюцца праблемы з-за разарваных ланцужкоў паставак, заўважыў Найтлі.
Пакуль сусветная эканоміка не гатова вярнуцца на звыклыя рэйкі — турбулентнасць захоўваецца. Інфляцыя будзе асноўным галаўным болем цэнтральных банкаў па ўсім свеце. Рэгулятарам прыйдзецца лавіраваць паміж эканамічным стымуляваннем і ростам цэн, аднак як доўга гэты баланс прыйдзецца падтрымліваць, пакуль спрагназаваць немагчыма — «джына» выпусцілі на волю.
«Сёння шмат кажуць пра інфляцыю, а таксама пра тое, ці змогуць ФРС, ЕЦБ і іншыя цэнтрабанкі дасягнуць сваіх мэт. Аднак у нашым свеце фіятных валют інфляцыя шмат у чым палітычны выбар, — заўважыў стратэг Deutsche Bank Джым Рыд. — Пры жаданні вы заўсёды можаце стварыць інфляцыю».
«Беларуская эканоміка набрала нядрэнны тэмп»
Насуперак прагназістам з заходніх агенцтваў беларуская эканоміка набрала нядрэнны тэмп. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Раман ГАЛОЎЧАНКА, выступаючы ў Авальнай зале Дома ўрада.
«Тэмп росту валавога ўнутранага прадукту склаў 102,5 працэнта да ўзроўню мінулага года, забяспечаны высокі рост аб'ёмаў прамысловай вытворчасці — 111 працэнтаў — пры мінімальным узроўні складскіх запасаў. Захавана ўстойлівасць у знешнім сектары, высокімі тэмпамі расце экспарт, забяспечана дадатнае сальда знешняга гандлю — больш за $800 млн. Гэта рэкордны паказчык за апошнія 10 гадоў. Значна палепшыліся фінансавыя вынікі работы прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі. Чысты прыбытак перасягнуў Br3,3 млрд супраць чыстых страт у першым квартале мінулага года», — адзначыў прэм'ер.
Выконваюцца ўсе сацыяльныя задачы дзяржавы. «За мінулы перыяд даходы насельніцтва ў рэальным выражэнні выраслі амаль на 3 працэнты, заработная плата — на 6 працэнтаў, пенсіі — на 2,7 працэнта. У бюджэтнай сферы выкананы асноўны крытэрый — гэта суадносіны зарплаты бюджэтнікаў і сярэдняй па краіне амаль 82 працэнты. Не дапушчана росту беспрацоўя. На фоне ажыўлення эканомікі расце занятасць. Амаль 13 тысяч чалавек працаўладкаваны на новыя рабочыя месцы», — падкрэсліў Раман Галоўчанка.
Захар БУРАК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/zahar-burak
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/kantynenty
[4] https://zviazda.by/be/tags/karanavirus
[5] https://zviazda.by/be/tags/ekanomika
[6] https://zviazda.by/be/tags/statystyka
[7] https://zviazda.by/be/tags/merkavanne