Спецыяльная камісія па падрыхтоўцы праекта закона «Аб змяненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь» створана ў Палаце прадстаўнікоў. Такое рашэнне прынялі на пасяджэнні Савета Палаты прадстаўнікоў.
Змены прадугледжваюць магчымасць правядзення выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў 29-га склікання адначасова з правядзеннем выбараў у Палату прадстаўнікоў восьмага склікання. Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка на пасяджэнні падкрэсліў, што кіраўнік дзяржавы гэтую прапанову падтрымаў:
— Адпаведны законапраект аб змяненні Канстытуцыі быў унесены Прэзідэнтам у Палату прадстаўнікоў. Рэгламент Палаты прадстаўнікоў прадугледжвае, што для работы над законапраектам нам неабходна стварыць спецыяльную камісію, — адзначыў спікер.
Уладзімір Андрэйчанка адзначыў, што папярэднія сесійныя месяцы былі напоўнены шэрагам значных мерапрыемстваў. Ключавым з іх з'яўляецца сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з парламентарыямі, членамі Канстытуцыйнай камісіі, прадстаўнікамі СМІ і шэрагу дзяржаўных органаў, якая прайшла 26 мая.
— Адбылася адкрытая і вельмі змястоўная размова па самых вострых пытаннях бягучай сітуацыі. І зараз дэпутатам неабходна забяспечыць выкананне тых задач, якія паставіў перад намі кіраўнік дзяржавы на мерапрыемстве. Вядома, перш за ўсё гэта пастаянная работа з нашымі грамадзянамі па месцы жыхарства, — адзначыў Уладзімір Андрэйчанка.
Па словах намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Віктара Свілы, законапраект павінен быць гатовы да 4 чэрвеня, а прыняты ў першым чытанні ўжо на гэтай сесіі, у другім — не раней чым праз тры месяцы. Нагадаем, што наступная сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу павінна адкрыцца ў пачатку кастрычніка.
Дэпутат адзначыў, што ў склад спецыяльнай камісіі ўвайшлі людзі з вялікім вопытам. Узначаліў яе старшыня Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Валянцін Семяняка.
Алена КРАВЕЦ
Прэв’ю: БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/tags/kanstytucyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/kamisiya
[5] https://zviazda.by/be/tags/zakonapraekt-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/savet-palaty-pradstaunikou