У рамках Беларускага аграпрамысловага тыдня адбудуцца міжнародныя спецыялізаваныя выставы «БЕЛАГРА-2021», «БЕЛФЕРМА», «БЕЛПРАДУКТ», намечаныя на перыяд з 1 да 5 чэрвеня. Мерапрыемства пройдзе ў выставачным цэнтры Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі Камень».
На аграрным форуме традыцыйна можна будзе азнаёміцца з перадавымі напрамкамі ў развіцці раслінаводства, жывёлагадоўлі і птушкагадоўлі, сучаснымі тэхналогіямі перапрацоўкі, упакоўкі і захоўвання прадукцыі, а таксама разнастайнасцю сельгастэхнікі.
Усе, хто як-небудзь звязаны з сельскай гаспадаркай, змогуць даведацца пра навінкі на рынку і інавацыі інжынераў-машынабудаўнікоў.
У выставачным павільёне будзе прадстаўлена сучаснае абсталяванне і матэрыялы для перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі. Тут размесцяцца экспазіцыі выстаў «ПРАДМАШ» — абсталяванне для прадпрыемстваў харчовай прамысловасці; «БЕЛАГРА-2021» — абсталяванне для перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі і «БЕЛПРАДУКТ» — прадукты харчавання.
Найбуйнейшыя беларускія вытворцы прадставяць шырокі спектр прадуктаў харчавання: каўбасныя вырабы, мясныя паўфабрыкаты, птушку, малочную прадукцыю, кансерваваныя прадукты, бакалеі, дзіцячае і дыетычнае харчаванне, хлебабулачныя вырабы і многае іншае. Прадпрыемствы харчпрама пацешаць наведвальнікаў выставы дэгустацыямі сваёй прадукцыі.
Шырока будзе прадстаўлена тэхніка для ўнясення ўгнаенняў і абароны раслін, для ўборкі збожжавых і нарыхтоўкі кармоў, машыны для меліярацыйных работ, вырошчвання і ўборкі бульбы, цукровых буракоў і іншай гародніны. Сельскагаспадарчая прадукцыя, машыны, абсталяванне будуць дэманстравацца ў тэхналагічным ланцужку з сучаснымі энергазберагальнымі тэхналогіямі ўсіх галін, звязанымі як з вытворчасцю прадукцыі, так і з яе перапрацоўкай, транспарціроўкай, захоўваннем і рэалізацыяй.
Прадставяць свае дасягненні ў сферы не толькі беларускія аграрыі і работнікі харчовай і перапрацоўчай прамысловасцяў, але і іх замежныя калегі і партнёры. Акрамя таго, на выставу павінны будуць прыбыць афіцыйныя дэлегацыі і бізнес-місіі з розных краін.
Мяркуецца, што сёлета на форуме паўдзельнічаюць больш за 300 кампаній, якія прадставяць сельскагаспадарчую прадукцыю, абсталяванне і тэхніку з 16 краін.
Сярод іх Расія, Вялікабрытанія, Германія, Нідэрланды, Літва, Кітай, Польшча, Францыя, Швейцарыя, Швецыя, Бельгія, Італія, Аўстрыя, Сербія, Іарданія. Асобнымі экспазіцыйнымі блокамі будуць прадстаўлены прадпрыемствы Германіі і абласцей Расіі.
Справа ў тым, што кожны год «БЕЛАГРА-2021» становіцца адной з галоўных пляцовак для дзелавых перамоў. Шырокае кола пытанняў па забеспячэнні канкурэнтаздольнасці сельгаспрадукцыі, выкарыстанні зямельных рэсурсаў з пункта погляду экалагічнай і эканамічнай эфектыўнасці, перспектывы супрацоўніцтва Беларусі з краінамі блізкага і далёкага замежжа ў сферы вытворчасці інавацыйных тэхналогій у галіне сельскай гаспадаркі, а таксама іншыя актуальныя пытанні можна будзе абмеркаваць падчас тэматычных канферэнцый і семінараў.
Праграма выставы напоўнена сустрэчамі, практычнымі дэманстрацыямі, прэзентацыямі, майстар-класамі і конкурсамі.
Падрабязна азнаёміцца з праграмай і зарэгістравацца для ўдзелу можна на сайце выставы http://belagro.minskexpo.com.
Нагадаем, што сама выстава «БЕЛАГРА-2021» пройдзе ў выставачным цэнтры Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі Камень», размешчаным у 25 кіламетрах ад Мінска і за 6 кіламетраў ад Нацыянальнага аэрапорта (Смалявіцкі раён, пр. Пекінскі, 29).
Час працы выставы для наведвальнікаў: 1 чэрвеня — з 11.00. да 18.00; 2–4 чэрвеня — з 10.00. да 18.00; 5 чэрвеня — з 10.00. да 14.00.
Уваход на выставу вольны.
Аліса СКІБА
Прэв’ю: БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alisa-skiba
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/belagra-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/belferma
[5] https://zviazda.by/be/tags/belpradukt
[6] https://zviazda.by/be/tags/vystauki
[7] https://zviazda.by/be/tags/vyaliki-kamen-0