Выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» — флагман па выпуску энцыклапедычнай, даведачнай і навукова-папулярнай літаратуры ў нашай краіне. Акрамя выдання ўніверсальных, галіновых энцыклапедый, падрыхтаваны і выдадзены грунтоўныя персанальныя, сярод якіх — «Максім Багдановіч», «Янка Купала», «Уладзімір Караткевіч».
Многія з кніг былі ўзнагароджаны дыпломамі міжнародных конкурсаў, атрымалі Гран-пры. Сёння ідзе работа па падрыхтоўцы шматтомнага выдання «Якуб Колас». Да ўдзелу былі запрошаны родныя класіка, супрацоўнікі музея Якуба Коласа, навукоўцы вядучых ВНУ нашай краіны, краязнаўцы. У папярэдне складзеным у рэдакцыі літаратуры, мастацтва і культуралогіі словаспісе ўжо больш за тры тысячы артыкулаў, кожны з якіх патрабуе свайго аўтара. Гэта артыкулы, што тычацца родных і блізкіх пісьменніка, яго сяброў і калег, багатай творчай спадчыны Песняра, мясцін, дзе ён рос і бываў, персаналій, творчасць якіх натхніла Якуба Коласа на стварэнне асабістых твораў, і інш.
На жаль, не ўсе з запрошаных да ўдзелу ў падрыхтоўцы энцыклапедыі пакуль адгукнуліся. Самым актыўным стаў Гомельскі ўніверсітэт імя Францыска Скарыны і яго навукоўцы А. Мельнікава, І. Штэйнер, А. Брадзіхіна, Т. Фіцнер, прадстаўнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта С. Запрудскі, І. Шматкова, Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта А. Ненадавец, В. Губская, літаратуразнаўца А. Карлюкевіч, журналіст і краязнаўца С. Галоўка.
Зыходзячы з вопыту падрыхтоўкі папярэдніх персанальных энцыклапедый, хочацца, каб беларускія навукоўцы, прадстаўнікі ВНУ і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі далучаліся да такіх агульнанацыянальных праектаў больш актыўна. Чакаем, што адгукнуцца і літаратуразнаўцы, якія здолеюць зрабіць грунтоўны аналіз кожнага твора багатай творчай спадчыны Якуба Коласа.
Дзякуючы агульным намаганням, назапашаным ведам персанальная энцыклапедыя «Якуб Колас» павінна стаць бясцэнным скарбам для будучых пакаленняў беларусаў і сапраўднай, доказнай данінай павагі класіку беларускай літаратуры. Калі з прычыны розных абставін афіцыйны ліст з прапановай аб супрацоўніцтве з выдавецтвам недзе згубіўся, усю дадатковую інфармацыю можна атрымаць у загадчыцы рэдакцыі літаратуры, мастацтва і культуралогіі Вольгі Давідовіч па тэлефоне +375 17 3736359.
Вольга САВАШ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/litaratura-i-mastactva-2
[2] https://zviazda.by/be/tags/naviny
[3] https://zviazda.by/be/tags/vydavectva-belaruskaya-encyklapedyya-imya-petrusya-brouki