Паводле інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, кожны трэці аўтамабіль у нашай краіне водзіць жанчына. Прычым, колькасць іх працягвае расці. Усё больш дзяўчат працуе сярод інструктараў па ваджэнню, павялічваецца колькасць жанчын-кіроўцаў у службах таксі і дастаўкі. Таксама расце колькасць прадстаўніц слабага полу, якія кіруюць электрамабілямі. Сетка электразаправачных станцый Malanka падзялілася сваёй статыстыкай, згодна з якой 20 % акаўнтаў у дадатку Malanka належаць жанчынам. Аднак, на самай справе, колькасць аўталэдзі за рулём электрамабіляў значна больш.
У Malanka тлумачаць гэта тым, што часцей за ўсё электрамабіль становіцца другім аўтамабілем у сям’і. Да свайго акаўнта ў дадатку яго прывязваюць мужчыны, якія адважыліся на куплю «электраканя» ў якасці эксперыменту, і якія адсочваюць працэс зарадкі. Але водзяць электрамабіль часцей іх жонкі. Яго купляюць, як аўтамабіль для паездак на кароткія адлегласці. Справа ў эканамічнасці электрамабіля. Адной зарадкі на суму 5 рублёў дастаткова, каб у дзень праязджаць каля 70 кіламетраў. Электракары выбіраюць мамы, якім трэба на працягу дня перамяшчацца па горадзе не толькі па сваіх справах, але і па справах сваіх дзяцей. Электрамашыны ўсё часцей купляюць маладыя дзяўчыны-кіроўцы, якія толькі атрымалі правы. Яны аддаюць перавагу электракарам за іх лёгкасць у кіраванні і моладзевы дызайн.
Для таго каб паказаць, што Malanka ўхваляе такую тэндэнцыю, і ў будучыні хоча, каб колькасць жанчын за рулём электракараў толькі павялічвалася, у кампаніі вырашылі зрабіць камплімент вадзіцельніцам электракараў. Адна з заправачных станцый сталіцы нечакана змянілася.
Электразарадны комплекс на вуліцы Камуністычнай, 8 ператварыўся ў па-жаночаму далікатную, прыгожую і ўтульную лакацыю, якую ўпрыгожылі кветкамі і люстэркамі, каб дамы, якія прыедуць на ЭЗС, маглі паглядзець на сябе, а ў выпадку неабходнасці паправіць макіяж або прычоску.
У дзень адкрыцця «жаночай» ЭЗС усім лэдзі, якія прыязджалі на ЭЗС, арганізатары ўручалі сертыфікат на поўную мыйку свайго аўтамабіля. На адкрыццё новай сталічнай лакацыі сабраліся як вопытныя ўладальніцы электракараў, так і тыя, хто толькі збіраецца папоўніць шэрагі электрамабілістаў. Блогер і інструктар па ваджэнні Маша Вашкевіч распавяла пра асаблівасці кіравання электрамабілем, як хутчэй прывыкнуць да яго, калі да гэтага вы вадзілі толькі аўто з рухавіком унутранага згарання. А для таго каб тыя, хто яшчэ не адважыўся на куплю экалагічнага электракара, змаглі пераканацца ў яго перавагах, вопытныя аўталэдзі на спецыяльным стэндзе пакінулі асабістыя паведамленні-матыватары, і нават правялі майстар-клас не толькі па ваджэнні, але і па зарадцы электрамабіля.
Дзяўчаты-кіроўцы электракараў прызнаваліся, што электрамабіль для многіх з іх стаў нечаканым адкрыццём. Акрамя манеўранасці, лёгкасці ў кіраванні, падкрэслівалі яго эканамічнасць: адной зарадкі дастаткова, каб прывезці і забраць дзяцей са школы, адвезці іх на трэніроўкі, заехаць у гандлёвы цэнтр, вырашыць свае пытанні ў розных канцах горада.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/transpart
[4] https://zviazda.by/be/tags/transpart
[5] https://zviazda.by/be/tags/ezs
[6] https://zviazda.by/be/tags/malanka-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/autamabil