Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка сустрэўся з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Ісламскай Рэспублікі Пакістан у Беларусі Саджадам Хайдэрам Ханам. Яны абмеркавалі адносіны дзвюх краін, у тым ліку па лініі заканадаўчых органаў, умацавання гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, узаемнай падтрымкі ў міжнародных справах. Уладзімір Андрэйчанка назваў адносіны паміж краінамі шчырымі і даверлівымі і адзначыў, што фундаментам развіцця супрацоўніцтва павінна стаць нарошчванне тавараабароту.
Кіраўнік Палаты прадстаўнікоў наведваў Пакістан на чале парламенцкай дэлегацыі ў 2017 годзе. Падчас візіту адбыліся сустрэчы з прэзідэнтам краіны, кіраўнікамі абедзвюх палат парламента, прэм’ер-міністрам, шэрагам міністраў. Былі выпрацаваны канкрэтныя праекты і праграмы дзеянняў, падпісаны шэраг пагадненняў аб міжпарламенцкім супрацоўніцтве і створаны адпаведныя рабочыя групы.
— Па шэрагу тых дамоўленасцяў мы прасунуліся наперад: у вашай краіне працуюць нашы БелАЗы, пачаліся пастаўкі з Беларусі сухога малака і дзіцячага харчавання. Нас радуе, што сёння разглядаецца бізнес-праект па арганізацыі зборачнай вытворчасці беларускіх трактароў у правінцыі Пенджаб. Вырашаны і шэраг іншых пытанняў. Адметна, што тавараабарот за 2020 год склаў 52 мільёны долараў, — падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка.
Аднак з аб’ектыўных прычын не ўсе праекты ўдалося рэалізаваць. У прыватнасці, арганізаваць прадпрыемства па перапрацоўцы беларускай птушкі і па вытворчасці дзіцячага харчавання з беларускай сыравіны. Спікер Палаты прадстаўнікоў выказаў меркаванне, што да гэтых праектаў можна было б вярнуцца.
— Адным з прыярытэтаў у развіцці Пакістана з’яўляецца аказанне садзейнічання ў рабоце мясцовых фермераў, і ў цэлым развіццё сельскай гаспадаркі. Паводле дамоўленасці паміж міністэрствамі сельскай гаспадаркі Беларусі і Пакістана, у гэтым годзе ці ў пачатку наступнага ў нас павінен прайсці бізнес-форум. І мы лічым, што яго варта прымеркаваць да візіту спікера Нацыянальнай асамблеі Ісламскай Рэспублікі Пакістан у Беларусь.
Уладзімір Андрэйчанка адзначыў, што паміж краінамі створана салідная дагаворна-прававая база, якая ўключае каля 80 міждзяржаўных, міжурадавых, міжведамасных дакументаў. Створаны камісіі па гандлёва-эканамічным і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве.
— У нас ёсць усе падставы, каб працаваць больш актыўна, у тым ліку і парламентарыям, і самае галоўнае — аказваць садзейнічанне нашым дзелавым колам, каб паміж нашымі краінамі павялічваўся тавараабарот. Мяркую, што фундаментам нашага развіцця павінна стаць нарошчванне тавараабароту, — рэзюмаваў Уладзімір Андрэйчанка.
Саджад Хайдэр Хан адзначыў, што ганарыцца добрымі адносінамі ва ўсіх сферах, якія склаліся паміж дзвюма краінамі.
— Кіраўнікі нашых краін знаходзяцца ў добрых адносінах, паміж Беларуссю і Пакістанам няма ніякіх непаразуменняў, і гэта садзейнічае развіццю добрых адносін у будучым. Усе 80 пагадненняў, якія былі падпісаны за апошнія 5-6 гадоў, з’яўляюцца добрым падмуркам для развіцця далейшых яшчэ больш прыхільных адносін. За апошнія 6-7 месяцаў, якія я знаходжуся ў Беларусі, я прыклаў усе намаганні, каб прасоўваць наперад гэтыя пагадненні, — адзначыў пасол Пакістана.
Алена КРАВЕЦ
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/parlament
[4] https://zviazda.by/be/tags/belaruska-pakistanskae-supracounictva
[5] https://zviazda.by/be/tags/supracounictva-belarusi-i-pakistana