Усе малыя растуць на мультфільмах, спрэчкі аб карысці ці шкодзе якіх не сціхаюць, здаецца, ніколі. А некаторыя дзеці растуць на мультыспорце, карысць якога аднагалосна прымаецца спецыялістамі і пацвярджаецца вопытам. Пра гэта бясконца можа расказваць Настасся Лісоўская — адна з першапраходцаў канцэпцыі мультыспорту ў Беларусі. У мінулым гарналыжніца, удзельніца першых юнацкіх Алімпійскіх гульняў 2012 года ў Інсбруку, яна сама прайшла школу мультыспорту. Затым пазнаёмілася з замежнымі калегамі падчас юнацкіх алімпійскіх гульняў 2016 і 2018 гадоў, дзе прадстаўляла Беларусь у якасці маладога пасла. Практычныя веды Настасся ўмацавала тэарэтычнымі падчас вучобы ў Расійскім міжнародным алімпійскім універсітэце ў Сочы. І зараз багаты мультыспартыўны вопыт перадае вучням свайго спартыўнага клуба Leskі.
Чаму дзяцей трэба захапляць не мультфільмамі, а мультыспортам, Настасся Лісоўская расказала «Сямейнай газеце».
— Настасся, ці ёсць канкрэтнае азначэнне мультыспорту? Колькі відаў павінна быць аб'яднана, каб казаць пра яго?
— Канкрэтнага акадэмічнага азначэння няма. Калі я вучылася ў Сочы і сур'ёзна цікавілася тэмай, вывучаючы замежную практыку, заўважыла, што гэта не так шмат дзе развіта. Новая Зеландыя, Аўстралія, Канада — лідары. Там працуе мноства клубаў з вялікай колькасцю дзяцей самага маленькага ўзросту, якія займаюцца і баскетболам, і тэнісам, і валейболам, і яшчэ шмат чым. І вось гэта такі класічны мультыспорт. Чаму ў нас я займела нахабства казаць пра мультыспорт? Таму што галоўнае — не колькасць відаў спорту, а сістэмнасць заняткаў. Не так, што сёння адно, заўтра іншае. Усё павінна быць узаемазвязана. Гэтай зімой нашы дзеці займаліся ролікамі, і некаторыя па жаданні хадзілі на заняткі па горных лыжах. Падрыхтоўка па гэтых відах спорту пераплятаецца. Дзякуючы ролікам, яны ўмеюць трымаць баланс, раўнавагу, умеюць адштурхоўвацца і пераносяць гэта на лыжы.
— А хто першы пачаў выкарыстоўваць такую канцэпцыю ў рабоце з дзецьмі?
— Хто першы ў свеце, я не ведаю, імя першаадкрывальніка нідзе не згадваецца. Мне здаецца, гэта прыйшло з агульнай практыкі трэнераў. Шматлікія спецыялісты лічаць, што ранняя спецыялізацыя для дзяцей не проста не пажадана — яна нават шкодная для мышачнага і касцявога апарату, пры сур'ёзных занятках адным відам спорту пачынаюцца экстрэмальныя, сур'ёзныя практыкаванні... Прывіццё дзецям любові да актыўнай дзейнасці, а не да спорту, дзе абавязкова трэба перамагаць, першапачаткова гэта гульня — вось што добра. Прачытала недзе добры выраз пра тое, «як шмат дзяцей мы страцілі, калі перасталі з імі гуляць». І гэта асноўнае.
— А як ты пачала працаваць у гэтым кірунку?
— Практыка пайшла з уласнай практыкі. Калісьці я займалася горнымі лыжамі. Паколькі гэта складанакардынацыйны від спорту, зімой, акрамя саміх лыж і летніх збораў у Аўстрыі, было міжсезонне, і яго трэба было нечым займаць: ролікі, водныя лыжы, дадаткова мой тата вадзіў нас з братам на бадмінтон і тэніс. Усё гэта не паглыбляючыся, а каб атрымаць розныя навыкі. Дзякуючы тату мы крыху займаліся конным спортам, акрабатыкай.Падчас вучобы ў БДУФК з'явілася ўнутранае пытанне: што рабіць далей. І тата параіў аб'яднаць усё, што я ўмею і магу, дзеля агульнага аздараўлення і ўмацавання дзяцей.
— У якім узросце дзеці могуць пачынаць займацца мультыспортам?
— Аптымальны ўзрост — 3—3,5 года. Здавалася б, паўгода розніцы, але насамрэч яна адчувальная. У нас ёсць малы, які пачаў займацца ў тры гады і два месяцы, і ўжо відаць вынікі. І бацькі кажуць, што яму падабаецца хадзіць толькі на трэніроўкі, а не ў сад ці яшчэ кудысьці. Тут пытанне ў тым, што да трох гадоў дзецям патрэбна мама, яны жывуць у фармаце мама — малы.
— Колькі відаў спорту дзіця можа сумяшчаць адначасова і па якім прынцыпе яны аб'ядноўваюцца?
— Тут трэба шукаць залатую сярэдзіну і пастаянна эксперыментаваць. Практыка паказала, што дзеці за тры месяцы могуць засвоіць базавыя навыкі па кожным відзе спорту. Калі з нуля пачынаюцца, напрыклад, ролікі, то праз тры месяцы малыя ўжо не проста стаяць і тупаюць, а катаюцца. Вынікі ў гімнастыцы ці акрабатыцы складаней адсачыць, але відаць, што дзіця можа зрабіць кола, кулёк. А можа проста слухаць каманды трэнера і выконваць заданні, гэта нябачны вынік, але вельмі важны. У такім узросце важная і ментальная трэніроўка дзяцей, яны павінны разумець, што ёсць трэнер, мы яго слухаем і робім тое, што ён казаў. Няма прынцыповай важнасці, што за чым ідзе. Таму што наша мэта — развіццё, аздараўленне і жаданне дзяцей ісці на заняткі.
— А фізіялагічныя патрабаванні да сумяшчэння відаў спорту ёсць?
— Ёсць, канешне, але гэта не закон. Лепш за ўсё пачынаць з гімнастыкі. Яна дапамагае пасля лета, пасля канікул прывесці дзяцей у тонус, дысцыплінуе. Як я ўжо казала, добра, калі ролікі сумяшчаюцца з лыжамі. Абавязкова трэба ўключаць агульную фізічную падрыхтоўку. У кожным відзе спорту акцэнт робіцца на пэўную частку цела, а агульная падрыхтоўка задзейнічае ўсе групы мышц. Гэта базавыя веды, якія патрэбны ўсюды.
— Чаму такое папулярнае меркаванне, што дзеці павінны займацца плаваннем, што гэта бадай ці не галоўны від спорту для малых?
— Для дзяцей плаванне вельмі важнае. Нездарма ў нас так шмат школ па плаванні. Плаванне — гэта ўмацаванне мышачнага карсета, пазваночніка. Улічваючы, што ў нас нават дзеці вядуць малаактыўны лад жыцця, сядзяць у тэлефоне, плаванне расслабляе мышцы, эмацыйна разгружае. Мы ўсе з вады прыйшлі і з яе складаемся. Гэта вельмі добрая асяроддзе для дзяцей. Але вельмі важна трапіць у прафесійныя рукі трэнераў. Яны — «сланы», на якіх усё трымаецца.
— Настасся, у якім узросце ўжо можна думаць пра сур'ёзную спартыўную будучыню?
— Гэта вельмі надзённае пытанне. З дзецьмі ад 3 да 8 гадоў фармат мультыспорт і агульнае развіццё — выдатна. А прыкладна з васьмі гадоў у бацькоў узнікае патрэба вызначыцца, многім хочацца паглыблена займацца адным відам. І тут патрэбна працаваць і з бацькамі. Яны павінны разумець, што сур'ёзны спорт — гэта новае жыццё і для дзіцяці, і для бацькоў, гэта дысцыпліна, новы ўклад і іншы свет. Калі казаць пра ўзрост, то па некаторых відаць і ў чатыры, і ў пяць гадоў, ці чакае спартыўная будучыня.
— Вось што канкрэтна відаць?
— Напрыклад, ідзе трэніроўка па гімнастыцы, усе стаяць, робяць практыкаванні, а адзін не можа проста выстаяць на месцы, пастаянна яму нешта трэба рабіць. Ён пераходзіць на ролікі, дзе ўсе ганяюць, дзе ў іх свабода — і там ён у сваёй стыхіі. А тыя, хто сталі, зрабілі, добра пацягнулі насочкі, — гэта не іх, яны могуць развівацца ў той жа гімнастыцы. І вось такія якасці характару можна накіроўваць далей. Па адных адразу відаць, па іншых складана сказаць: там ужо трэба глядзець, куды дзіця ідзе з лепшым настроем. Каля шасці гадоў дзеці ўжо падужэлыя, у іх ёсць каардынацыйная база, добра развіты вестыбулярны апарат, яны ментальна больш гатовыя, ведаюць, як сябе паводзіць на трэніроўках. І, гледзячы на дзіця, можна выбраць аптымальны для яго від спорту.
— Ці ёсць нейкія звесткі, як склаліся спартыўныя кар'еры людзей, якія пачыналі менавіта з мультыспорту?
— Не, яны яшчэ не паспелі вырасці. Калі ўзяць прафесійных спартсменаў у любым відзе спорту, то тыя ж футбалісты займаюцца лёгкай атлетыкай, гімнастыкай, акрабатыкай. Яны вучацца цягнуць «насочак», трэніруюць выносліваcць, гнуткасць і іншае. У прафесійным спорце ўсе разумеюць, што трэба развіваць розныя навыкі.
— На твой погляд, якой павінна быць роля бацькоў у трэніровачным працэсе дзяцей?
— Я разумею мам, якім хочацца паглядзець, як усё праходзіць, як сябе паводзіць дзіця, як працуе трэнер. Для гэтага ёсць адкрытыя заняткі. Але практыка паказала, што добра, калі бацькі і дзеці не бачаць адзін аднаго. Зразумела, што дзеці паводзяць сябе інакш без нагляду бацькоў.
Напрыклад, бацькі прыводзяць да мяне дзіця на індывідуальны занятак па горных лыжах і кажуць, што яно сёння лянуецца, бурчыць. Я даю бацькам магчымасць прагляду заняткаў на адлегласці, без каментавання трэніровачнага працэсу. І бачу зусім іншае дзіця. А яны потым самі дзівяцца. Дзеці трансфармуюцца пад таго, хто з імі ўзаемадзейнічае і як. Асабіста я за тое, каб бацькі былі на адлегласці, каб яны маглі бачыць дзяцей, а дзеці іх — не. Гэта таксама і пытанне даверу да трэнера. Я за ўдзел бацькоў, але не за ўмешванне іх у працэс трэніроўкі — так падрываецца аўтарытэт трэнера. Бацькам я жадаю быць побач, падтрымліваць і ганарыцца сваім дзіцем, незалежна ад вынікаў.
— Як ты ставішся да таго, што некаторыя бацькі аддаюць дзяцей у спорт, жадаючы задаволіць свае амбіцыі?
— Сапраўды, ёсць такая праблема. Я бачыла шмат такіх сітуацый яшчэ падчас сваёй спартыўнай кар'еры. Добра, калі дзіцяці падабаецца тое, чым яно займаецца. У супрацьлеглым выпадку растуць псіхалагічна траўміраваныя дзеці. Я бачыла сітуацыі, калі трэнер-бацька прымушаў сваё дзіця праз сілу займацца спортам. І ў дзіцяці заўсёды былі апушчаны вочы. Іншы момант, што цяпер дзеці вельмі свабодалюбівымі становяцца, выказваюць бацькам, што ім падабаецца, што — не. Амбіцыі бацькоў — цяжкая вялікая тэма, і ў гэтым няма нічога добрага. Трэба ж разумець, што дзіця — іншы чалавек, пакуль маленькі фізічна, але ж чалавек! І трэба даваць ямусвабоду выбару і магчымасць выбраць сваё, і гэта ўсё павінна быць з задавальненнем.
— Настасся, які твой галоўны прынцып як дзіцячага трэнера?
— Самае галоўнае для мяне — бяспека. А бяспека раўняецца дысцыпліна. Падчас заняткаў дзеці павінны працаваць, ім патрэбна магчымасць пасваволіць, але гэта абавязкова павінна быць бяспечна для іх. А дысцыпліна, бяспека — гэта ўжо адказнасць і паказчык прафесіяналізму трэнера. Галоўнае — захоўваць гульню, гуляць з дзецьмі. І я, працуючы непасрэдна з дзецьмі, кожны раз лунаю з імі ў казках. Сёння ён матылёк, заўтра тыгр, паслязаўтра супермен, потым снегавік і яшчэ нешта. На трэніроўцы ў кожнага ёсць ролі, усё, што робім, звязана ў нейкі казачны ігравы сюжэт. У нас ёсць чароўная лыжа, мы павінны яе пацерціаб сняжок. Малы проста слізгае на лыжах і прывыкае да іх, трымае баланс. Я спецыяльна скончыла курсы па методыцы работы з дзецьмі на горных лыжах. Гэтая методыка каласальна адрозніваецца ад дарослай. З дзецьмі вы не проста коціцеся на адной ножцы, вы праязджаеце ўмоўны вадаём, таму трэба падняць нагу. У дзіцяці павінны быць візуальныя вобразы, а не проста «злева-справа», «уверх-уніз». У мяне гэта ўсё ідзе проста з галавы, бо канкрэтна пад кожнае дзіця патрэбен свой сцэнарый: яны ж усе розныя. Вядома, для трэнера гэта больш энергазатратна. З дарослымі можа працаваць практычна кожны трэнер, а з дзецьмі — іншая справа. Дзяцей не падманеш. Яны адчуваюць, як да іх ставіцца дарослы чалавек, і ад гэтага залежыць вынік.
— Пакуль ты вучыш дзяцей катацца на горных лыжах, чаму навучылася сама?
— Яны настолькі шчырыя ў сваіх праявах, што скакаць з імі, гуляць — такое задавальненне, такая любоў, і дзеці гэта адчуваюць. Мяне яны навучылі быць заўсёды сумленнай, шчырай. Самае галоўнае — быць справядлівай. Справядлівасць, сумленнасць — гэта ўсё пра дзяцей. Ты можаш быць строгім, але справядлівым, і яны будуць цябе любіць. А можаш недзе схітрыць, і яны гэта адразу адчуюць. Гэта такі антыстрэс: я з імі пра ўсё забываю — пра турботы, клопаты. Гэта чысты ліст, на які глядзіш і разумееш: яны да цябе прыйшлі — значыць, давяраюць, нечага чакаюць, і ты павінен гэтаму адпавядаць.
— На твой погляд, чэмпіёнамі нараджаюцца ці становяцца?
— Я думаю, што ўсё ж такі становяцца. А можа быць, і нараджаюцца... Але гэта можна сказаць не толькі пра спорт. Ёсць чэмпіёны ў мастацтве, навуцы. Але ўсё роўна галоўнае — знайсці зерне, якое можа прарасці. Усё вакол павінна сысціся ў адной кропцы, пачынаючы ад здольнасцяў дзіцяці. Яно можа быць тысячу разоў таленавітым, але не старанным. На адным таленце далёка не выедзеш. Працавітасць і самадысцыпліна таксама вельмі важныя.
Валерыя СЦЯЦКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/multysport
[4] https://zviazda.by/be/tags/sport
[5] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta