З тых людзей, якія запісаліся ўчора на асабісты прыём грамадзян да старшыні Магілёўскага аблвыканкама Леаніда Зайца, была жыхарка Крычаўскага раёна. Яна прыехала не паскардзіцца, а падзякаваць за вырашэнне жыццёва важнага для яе пытання. Раней жанчына ўжо звярталася на прыём і яе праблема была разгледжана. Цікава, што адразу некалькі заяўнікаў яшчэ да прыёму ў губернатара атрымалі станоўчыя адказы, і неабходнасць у сустрэчы адпала.
— Адна заяўніца, напрыклад, скардзілася на высокую арэндную плату за аўтастаянку, але ў апошні момант паведаміла, што пытанне вырашаецца, — адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Магілёўскага аблвыканкама Генадзь Алейнікаў. — Запісваўся таксама прадстаўнік бізнесу, у якога ўзніклі цяжкасці з выплатамі падаткаў і вытворчымі справамі. Заяўнік патэлефанаваў, каб паведаміць, што атрымалася знайсці кансэнсус.
— На прыём да губернатара звычайна трапляюць грамадзяне, пытанні якіх сапраўды цяжка вырашыць на месцах, — падкрэслівае суразмоўнік. — Або тыя, якія незадаволеныя рашэннем уладаў на раённым ці гарадскім узроўнях. Ім хочацца, каб яно было прынята на іх карысць. Але ж трэба ўлічваць закон. Ёсць нават заяўнік з 30-гадовым стажам. Наша заканадаўства вельмі цярпімае да такіх скаржнікаў.
У гэты ж дзень у Бабруйскім раёне правёў прыём грамадзян памочнік Прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк. Ён выслухаў і ўзяў на кантроль праблемы чацвярых грамадзян.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/leanid-zayac
[4] https://zviazda.by/be/tags/asabisty-pryyom-gramadzyan