Касцюковіцкі жаночы святочны строй унікальны па сваёй прыгажосці і колеравай гаме. Падобны строй спрадвеку шылі і насілі жанчыны і ў суседніх раёнах — Краснапольскім, Клімавіцкім і Хоцімскім, але ў Касцюковіцкім да чырвонага колеру дадавалі і чорны. Апраналі строй у святы і на ўрачыстасці, у храм і на бяседы-вяселлі. Ансамбль адзення чырвона-бела-чорнай колеравай гамы надзіва добра гарманіруе з зялёным убраннем прыроды, асабліва ў час маладой лістоты і першых кветак.
А на гэтым фота не проста мадэль — майстар-метадыст па ручным ткацтве Касцюковіцкага Дома рамёстваў Валянціна ВОЛКАВА, якая яшчэ ў 2008 годзе разам з іншымі майстрамі ўстановы даследавала і на аснове сабраных узораў рэканструявала сакральнае адзенне жанчыны мінулых стагоддзяў. У сваім строі Валянціна Іванаўна пазіравала каля крыніцы вёскі Прусіна. Трэба сказаць, што Касцюкоўшчына багата крыніцамі, некаторыя з іх карыстаюцца славай, іншыя — забытыя. Напрыклад, за гэтай вёскай збудаваны сапраўдны прыкрынічны комплекс у гонар святога Панцеляймона, там на святы збіраецца шмат людзей. Але гэты здымак руплівіцы Беларускага саюза майстроў Валянціны Волкавай зроблены менавіта на фоне простай вясковай крыніцы, бо тут ціхі і цяністы куток, вада з Прусінскага вытоку вельмі смачная і, кажуць, гаючая, з яго бяруць ваду і вяскоўцы, і прыезджыя, ён жывіць маляўнічую рачулку Крупня.
Анатоль Кляшчук, фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/gistoryya-i-etnagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/fota-dnya