Мемарыяльная дошка ў гонар ураджэнца вёскі Тонеж (Лельчыцкі раён Гомельшчыны) адкрыта ў крымскай Еўпаторыі.
Сонечна і ўрачыста было красавіцкім днём у курортнай частцы горада, калі там адкрывалі мемарыяльную дошку ў гонар Мікалая Дрынеўскага (25.04.1938 — 27.04.2018): прафесара, доктара медыцынскіх навук, першага кіраўніка НДІ дзіцячай курорталогіі ды фізіятэрапіі (з 1978 па 2003 год), ганаровага грамадзяніна Еўпаторыі. Усталявалі дошку на будынку згаданай установы (цяпер — НДІ дзіцячай курорталогіі, фізіялогіі ды медыцынскай рэабілітацыі), дзе ён доўгія гады працаваў, не выпадкова менавіта ў 20-х чыслах. Сёлета — 83 гады ад часу яго нараджэння (25 красавіка) і 3 гады, як не стала нашага супляменніка (27 красавіка). Вяла ж імпрэзу вучаніца Мікалая Дрынеўскага: доктар медыцынскіх навук, прафесар, дырэктар інстытута Таццяна Галубова. Цёпла, са шчыраю ўдзячнасцю згадвала яна патрыярха курорта. Менавіта з яго дабраславення Таццяна Фёдараўна стала дырэктарам НДІ, сама цяпер зберагае традыцыі, жывую повязь пакаленняў.
Добры след у душы кожнага з нас пакінуў Мікалай Паўлавіч. Розныя людзі ў часе ўрачыстасці дзяліліся ўспамінамі пра яго. Казалі: па складзе характару, талентах, асабістых якасцях быў ён адметным. Удумліва, з душою падыходзіў да спраў і навуковых, і сямейных, і клопатаў дэпутацкіх — у складзе гарсавета. Дарэчы, ажно праз 10 скліканняў (1973–1992) выбіраўся дэпутатам Еўпатарыйскага гарсавета, у 2016-м стаў Ганаровым грамадзянінам горада Еўпаторыі. Жыў адкрыта, залучаючы ў арбіту свайго насычнага жыцця аднадумцаў. Непасрэдна ўдзельнічаў 24 гады таму ў стварэнні беларускай суполкі «Сябры»: яна працавала больш за 20 гадоў. А пасля яе перарэгістрацыі, з 2018-га, жыва ўдзельнічаў у жыцці Мясцовай беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Крым — Беларусь» у Еўпаторыі.
Была ў пяці братоў Дрынеўскіх традыцыя: ездзіць на Вялікдзень і Радаўніцу на Палессе, у Тонеж, родную вёску. Пасля паездак падсілкоўваўся наш сябар духам Бацькаўшчыны, вяртаўся да актыўнай дзейнасці, а працаваў шмат і ўпарта. Дзяліўся з беларусамі горада сваімі думкамі-ўражаннямі. Шмат разважалі мы аб простых рэчах, з якіх і складаецца жыццё, стасункі між людзьмі. Ён быў для нас узорам чалавека рэдкай душэўнай прыгажосці, які моцна, шчыра любіў Радзіму-Беларусь.
І калі знялі белую тканіну з мемарыяльнай дошкі, то прыціхлі ўсе, і было адчуванне: ён з намі, ён усё бачыць і чуе. Казалі добрыя словы ў памяць пра Мікалая Паўлавіча калегі, сябры, прадстаўнікі гарадміністрацыі, грамадскасці, сваякі. Я нагадала, што і Беларусь, якая ўзгадавала яго, выхавала, была спалучана з ім сотнямі непарыўных ніцяў, памятае свайго сына. Казала пра тэкст «Паляшук на Еўпатарыйскім курорце», змешчаны ў газеце «Голас Радзімы» (04.05.2020). Прачытала верш нашага Песняра Янкі Купалы «Спадчына» — любімы твор Мікалая Паўлавіча.
Сябры суполак «Крым — Беларусь» і «Беларускі Крыма» імя Еўфрасінні Полацкай 27 красавіка замовілі паніхіду ў мясцовым храме ў імя Свяціцеля Лукі Крымскага. Вёў набажэнства настаяцель храма протаіерэй Уладзімір Бадах, які, як і святы (у свеце Валянцін Война-Ясянецкі), мае беларускія родавыя карані.
Дзіна Шаўчэнка, кіраўніца суполак «Крым — Беларусь» і «Беларускі Крыма» імя Еўфрасінні Полацкай.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/sites/default/files/gr-05-2021_small_1.pdf
[2] https://zviazda.by/be/tags/golas-radzimy
[3] https://zviazda.by/be/tags/pamyac-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/mikalay-dryneuski