У Тальяці ў гонар дня Перамогі прайшоў урачысты марш — з удзелам і юных сяброў суполкі «Нёман».
Святочныя мерапрыемствы ў горадзе адкрыліся ўрачыстым маршам у Цэнтральным раёне. Перад тымі, хто сабраўся на плошчы Свабоды, а сярод іх і ветэраны, прайшлі воінскія падраздзяленні Тальяцінскага гарнізона, пажарнай аховы, кіналагічных падраздзяленняў УУС па горадзе Тальяці, парадныя разлікі Ваеннага вучэбнага цэнтра Тальяцінскага дзяржуніверсітэта. Паўдзельнічалі ў маршы й курсанты Дзіцячага марскога цэнтра імя Героя Савецкага Саюза Яўгена Ніканава ды ўдзельнікі Усерасійскага дзіцяча-юнацкага ваенна-патрыятычнага грамадскага руху ЮНАРМИЯ.
Асабліва хвалюючым быў святочны дзень для кіраўніцы беларускай суполкі «Нёман» Людмілы Дзёмінай, якая актыўна далучае да беларускіх спраў і сына Сяргея, і ўнукаў, і нават нявестку. Памяць пра вайну для Людмілы Іванаўны — свяшчэнная. Дзед яе, Іван Салановіч, быў прызваны ў рады Чырвонай арміі з Бабруйска на другі дзень вайны — і адтуль не вярнуўся. А бабуля Каця перажыла навалу ў Беларусі, акупаванай нацыстамі. Рада Людміла Іванаўна, што ва ўрачыстым маршы паўдзельнічалі сёлета абодва яе ўнукі. Віталь Шылкін раней спяваў у ансамблі «Купалінка», цяпер ён — курсант 3 курса Ваеннага вучэбнага цэнтра Тальяцінскага дзяржуніверсітэта. І вядучая праграм «Купалінкі» Марыя Шылкіна была «на маршы»: як кадзет Навігацкай школы, якую з ахвотай наведвае. «Марыя ад Віталя імкнецца не адставаць, — напісала ў рэдакцыю Людміла Дзёміна. — Калі курсанты праходзілі маршам, было так прыгожа, кранальна! Слёзы ў мяне самі ліліся з вачэй».
У Дзень Перамогі ў Тальяці на розных творчых пляцоўках прайшлі канцэртныя выступленні калектываў КЦ «Автогорад» і горада ва ўсіх трох раёнах. Жыхары, госці горада цёпла прымалі й выступленні народнага ансамбля беларускай песні «Купалінка», якім кіруе Людміла Дзёміна.
Іван ІВАНАЎ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/sites/default/files/gr-05-2021_small_1.pdf
[2] https://zviazda.by/be/tags/golas-radzimy
[3] https://zviazda.by/be/tags/tradycyi
[4] https://zviazda.by/be/tags/nyoman
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzen-peramogi-1