Літаратурна-краязнаўчы маршрут вандроўкі да мясцін, звязаных з лёсамі пісьменнікаў, паспрабуем выбудаваць непадалёку ад Мінска. У ваколіцах гарпасёлка Рудзенск, куды найлепей дабірацца на электрацягніку.
І вось першы адрас. Вёска Шалягі ўваходзіць ва Узлянскі сельсавет. Паводле перапісу 1897 года вёска — у Цітвянскай воласці, 146 жыхароў. Працаваў там хлебазапасны магазін. З Шалягоў родам паэт Рыгор Папараць, да біяграфіі якога не часта звяртаюцца гісторыкі літаратуры, няма пра яго ні радка і ў шасцітомным біябібліяграфічным слоўніку «Беларускія пісьменнікі». Таму ў Шалягах — агледзімся. Згадаем, што ў перадваенныя гады Рыгор Папараць даволі актыўна друкаваўся ў газетах «Савецкая Беларусь», «Беларуская вёска», «Чырвоная змена», часопісах «Узвышша», «Полымя рэвалюцыі», «Беларусь калгасная». Малады паэт уваходзіў у літаб’яднанне «Маладняк», затым — у Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў. Асобнай кніжкай свае творы пры жыцці так і не выдаў. Гэтыя ды іншыя акалічнасці біяграфіі паэта Рыгора Папараці сталі вядомыя з сціплай кніжкі вершаў «Даруйце мне», якая ўбачыла свет у Мар’інай Горцы, у серыі «Паэты Пухавіччыны». Сродкі на выданне выдаткаваў Пухавіцкі райвыканкам. Укладальнік выдання і аўтар прадмовы — дырэктар Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея Аляксандр Прановіч.
Сярод іншых твораў кнігі ўражвае, асабліва кранае сэрца верш «Даруйце мне»: «Даруйце мне.../ Выгнанніку даруйце,/ Мае пахілыя бярозы і стагі./ Па мне ў самоце, сцежкі,/ Не сумуйце./ Мяне паклікалі чужыя берагі». І вось як рухаецца думка творцы ў апошняй страфе: «Даруйце мне.../ Выгнанніку даруйце!../ Я падаю сапраўднасцю ля ног./ Я вас прашу:/ Мяне вясной закуйце/ Ў блакіт — бярозавы перапалох!» Напісаны радкі ў Ленінградзе ў 1927-м. Рыгор Папараць (сапраўднае прозвішча — Сапун) у 1921 годзе стаў слухачом рабфака пры Белдзяржуніверсітэце, пасля паступіў на яго ж медфакультэт. З часам юнак паехаў вучыцца ў Ленінградскі ўніверсітэт. (Чаму паехаў? Пэўна, не дарма ў вершы паэт называе сябе выгнаннікам... — Рэд.)
Таццяна Кекелева ў артыкуле «У справе жыццё людзі бачаць» піша: «У 1925 г. Рыгор Сапун паступіў на першы курс факультэта мовы і матэрыяльнай культуры Ленінградскага дзяржуніверсітэта. У 1930 г. факультэт рэарганізаваны ў Інстытут гісторыі, філасофіі ды лінгвістыкі (ЛИФЛИ). Разам з ім, але на розных курсах займаліся беларусы — паэт Язэп Пушча і будучы літаратуразнаўца Янка Шарахоўскі. На ленінградскі перыяд жыцця прыпаў росквіт літаратурнай творчасці Рыгора Папараці. У 1926 г. ён стварыў Ленінградскую філію „Маладняка“ з сямі чалавек і даслаў пра гэта ліст у ЦБ „Маладняка“ ў Мінск (машынапіс захоўваецца ў БДАМЛІМ у фондзе літаб’яднання „Маладняк“). Пазней стаў членам Беларускай секцыі Ленінградскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў, у працы якой браў актыўны ўдзел: уклаў і выдаў альманах „Цагліна ў падмурак“ (сярод іншых твораў там надрукаваны апавяданне Р. Папараці „Грымасы“ і вершы), як дэлегат удзельнічаў у ІІІ абласной канферэнцыі Ленінградскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў (15-21 мая 1930 г.) і г.д.» (Роднае слова, 2002, № 11).
4 лютага 1931 года самагубствам скончыў жыццё прэзідэнт Акадэміі навук Беларусі Усевалад Ігнатоўскі. Пад уражаннем страты малады паэт напісаў верш, даў прачытаць і перапісаць сябрам. Праз некаторы час Рыгора выключылі з універсітэта за «крамольные стишки, порочащие партию и советское правительство». А ўвесну 1937-га паэта арыштавалі, ён прабыў у турме 6 месяцаў. Выпусцілі з фармуліроўкай: «Выслаць з Ленінграда і забараніць займацца літаратурнай дзейнасцю». Вярнуўся на радзіму. Настаўнічаў. Памерла першая жонка — балерына Элеанора. У 1940 годзе ажаніўся з Любоўю Арловай. У ліпені 1940-га перавёўся на працу ў Дудзіцкую сярэднюю школу Пухавіцкага раёна. На самым пачатку вайны ў сям’і паэта нарадзілася дачка Кансуэла. Прыйшлі ліхія часіны акупацыі...У час вайны партызаніў, змагаўся з ворагам у складзе партызанскай брыгады «Беларусь». Пасля быў на фронце. Пад Кёнігсбергам цяжка паранены. Вярнуўся дахаты. З 1945 па 1948 год быў дырэктарам і настаўнікам рускай мовы і літаратуры Дудзіцкай школы. У красавіку 1948-га паэта не стала. Такая вось кароткая біяграфія ў апантанага, улюбёнага ў літаратуру чалавека. Архіў паэта, перададзены жонкай Любоўю Арловай, зберагаецца ў Пухавіцкім раённым краязнаўчым музеі.
Як мне падаецца, у асобе Рыгора Папараці айчынная літаратура страціла тонкага лірыка, чые вершы, несумненна, былі б упрыгожаннем беларускага пісьменства. Некаторыя з іх пададзены ў згаданым вышэй нумары часопіса «Роднае слова».
Шалягі — радзіма крытыка, літаратуразнаўца Алеся Макарэвіча (нарадзіўся 30 жніўня 1918 года). У 1939-м закончыў літаратурна-лінгвістычны факультэт Мінскага педінстытута. Настаўнічаў у Хойніцкай сярэдняй школе на Гомельшчыне, і ў той жа год у лістападзе прызваны ў Чырвоную Армію. У час вайны у баі пад Ельняй быў цяжка паранены, трапіў у канцлагер. Вызвалены ў сакавіку 1945-га, да снежня знаходзіўся ў дзеючай арміі. З 1946-га настаўнічаў на Пухавіччыне, у Талькаўскай СШ. У 1947-49 гадах — а
спірант кафедры беларускай літаратуры Мінскага педінстытута імя М. Горкага. Наступныя гады жыцця Алеся Антонавіча звязаны з Магілё
вам, дзе ў педінстытуце ён быў дацэнтам, загадваў кафедрай, займаў пасаду дэкана філфака. Кандыдат філалагічных навук. У 1960-м прыняты ў Саюз пісьменнікаў. На творчым рахунку Алеся Макарэвіча — кнігі «Сатыра Кандрата Крапівы» (1962), «Кароткі літаратуразнаўчы слоўнік» (1963, 2-е выданне: 1969), «Ад песень і дум народных» (1965), «Фальклорныя матывы ў драматургіі Янкі Купалы» (1969). Памёр 30 снежня 1967 года.
...Давайце завітаем і ў Цітву, якая раней была цэнтрам воласці Ігуменскага павета. У Цітвянскую школу хадзіў і Міхась Чарот — Міхась Кудзелька. З Цітвы родам паэт Уладзімір Хадыка (нарадзіўся 3 студзеня 1905 года). З маленства быў парабкам. У 1923-м закончыў агульнаадукацыйныя курсы ў Мінску. Працаваў настаўнікам пачатковых класаў у вёсцы Асака, потым — сакратаром Дудзіцкага сельсавета.
Сяргей Грахоўскі, адзін, калі так можна сказаць, з доўгажыхароў беларускай літаратуры, пакінуў цікавыя ўспаміны пра Уладзіміра Хадыку — «Другому сэрцу перадам»: «Сапраўдны паэт у пэўнай ступені — прарок, закліканы „глаголом жечь сердца людей“, ісці хоць на адзін крок наперадзе падзей. Не рэгістраваць, а прадбачыць важнае ў жыцці, быць разведчыкам і вешчуном наступнага, а часам і ўласнага лёсу. Праз напластаванне гадоў такім паэтам бачыцца мне Уладзімір Хадыка. Шкада, што яго амаль не даследаваная творчасць не стала здабыткам масавага чытача, не дайшла да аматараў паэтычнага слова. Можа, замінае тое, што з пэўнага часу ўсталявалася ўяўленне, нібыта ўся маладнякоўская і белаппаўская паэзія — „бурапенная“ самадзейнасць, далёкая ад дасканаласці, глыбіні думкі і пачуццяў. Ёсць у тым нейкая доля праўды, але толькі не ў дачыненні да вершаў Хадыкі.» (Грахоўскі С. Так і было. Мн., 1986. — С. 141).
Сяргей Іванавіч, з якім мне давялося ліставацца, а пасля, як я вярнуўся ў Беларусь у 1990 годзе, не аднойчы і сустракацца, заўсёды ва ўспамінах і вусных размовах вызначаўся ўвагай да дэталяў. Імкнуўся ўспаміны пра некага зрабіць насычанымі тым, што памятаў менавіта ён. Таму і гэты нарыс чытаецца наўздзіў цікава. «І асоба яго супадала з ягонай паэзіяй. Ёсць тыпы людзей нечым падобныя адзін да аднаго. Падобных на Хадыку за ўсе гады я не сустракаў. Ён быў асаблівы, прыкметны ў любым натоўпе, запамінальны на ўсё жыццё. Вышэй сярэдняга росту, мяккі ў хадзе (ішоў і крышачку спружыніў ці нават накульгаваў), з густымі, як той „снапок аўса“, спелымі валасамі, бледна-ружовы твар, глыбокія сінія-сінія вочы і сакавітыя, па-дзявочы чырвоныя вусны. Як і многія тады, ён хадзіў з кіёчкам, у шчыгульным, часцей чорным, касцюме, у мяккім шэрым капелюшы, у белай кашулі з крухмальным каўнерыкам. Ніколі яго не бачыў неахайным, расхлістаным, непаголеным. Ягоны пагляд прамяніўся вясёлымі іскаркамі, а як ён звонка смяяўся ад дасціпнага жарту, ад смешнай гісторыі! І сам быў майстрам расказаць нешта вясёлае. А калі хваляваўся і гаварыў з запалам, вусны дрыжалі, і нервова перарываліся словы, да заікання. Амаль заўсёды ён хадзіў з вялікім партфелем на два замкі, бо ў ім пэўны час мясцілася ўся рэдакцыя „Полымя“, а Хадыка быў яе адзіным штатным работнікам.
У той неўсталяваны час, калі яшчэ не ўсе пазбавіліся ад раппаўскіх крытэрыяў ацэнак, увішныя кан’юнктуршчыкі ўмелі засланіць і закрэсліць многія глыбокія па думцы і дасканалыя па форме творы. Ад іх нападак Хадыку абараніў славуты Мікалай Асееў. Апошні раз мы развіталіся з Хадыкам у снежні 1937 года і не сустракаліся больш ніколі...» (Там жа, с. 143-144).
Тут, відаць, ёсць нейкая блытаніна: бо арыштаваны ж быў Уладзімір Хадыка ў 1936 годзе. Пра гэта сведчаць і энцыклапедычныя дадзеныя, і ўспаміны Станіслава Шушкевіча — пра тое далей. Відавочна, Грахоўскі меў на ўвазе снежань 1936-га. Яшчэ ўрывак з успамінаў С. Грахоўскага: «Сапраўды, кожны радок ягонай лірыкі пісаўся крывёю сэрца. Паэт на пачатку творчай дарогі разумеў сваю місію і спадзяваўся дагаварыць тое, што да яго не мог дагаварыць «народ нямотны». На жаль, не давялося! Як запавет, поўны веры ў будучыню беларускай савецкай паэзіі, сёння чытаюцца Хадыкавы радкі: «Зляту на сухазем’е лістам —/ Ўладар начэй і дзён ўладар./ Вятры па горле галасістым/ Прагоняць вір крыві і хмар./ Тады сваіх здабыткаў кайстру,/ Што не дабраў, што стойваў сам,/ Я перадам другому майстру,/ Другому сэрцу перадам.» (Там жа, с. 145-146).
Відаць, самую падрабязную біяграфію, цэлую кнігу ў кнізе, пакінуў пра Уладзіміра Хадыку вядомы дзіцячы паэт, мемуарыст Станіслаў Пятровіч Шушкевіч (1908 — 1991). У кнізе «Вяртанне ў маладосць» (Мінск, 1968) ёсць раздзел «Уладзімір Хадыка». Пісьменнік падрабязна расказвае пра тое, як пазнаёміліся бацькі паэта — швачка Зося (родам з мястэчка Зембін) і Марцін-кавалерыст (слугаваў аднаму з мінскіх паноў, таму ж, што і швачка Зося). Пажаніўшыся, маладыя людзі перабраліся ў Цітву, родную вёску Марціна. Там і нарадзіўся Уладзімір. Сабраўшы багатую фактуру, Станіслаў Шушкевіч узнаўляе многія дэталі з маленства, юначых гадоў паэта. Падае шмат цікавага, пра што ў гісторыі літаратуры ў дачыненні да нашага земляка не згадваецца. Сям’я Марціна і Зосі была шматдзетная. Браты і сёстры Уладзіміра — Вера, Алеська, Люба, Оля, Ніна, Міколка. У суседніх Дудзічах жыў брат Марціна. У час белапольскай акупацыі Уладзімір быў знаёмы з рудзенскім настаўнікам Міхасём Кудзелькам (паэт Міхась Чарот). І, відавочна, разам са старэйшым таварышам удзельнічаў у падпольнай рабоце супраць акупантаў. Пасля, у 1920-я, служыў паэт у Чырвонай Арміі, затым працаваў на гаспадарцы ў роднай вёсцы, сакратарстваў у Дудзіцкім сельсавеце. Падзеяй для паэта сталася вылучэнне яго дэлегатам з’езда Усебеларускага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў «Маладняк». Перабраўшыся ў Мінск, Хадыка знайшоў сабе месца ў эпіцэнтры літаратурнага жыцця. Вельмі прыязна паставіўся да вершаў маладога і таленавітага мастака слова Янка Купала. Уладзімір Хадыка быў частым госцем у хаце народнага песняра Беларусі. Калі крытыкі-аглабельшчыкі накінуліся на Хадыку за шэраг вершаў, змешчаных у яго першым зборніку «Суніцы», Купала настойліва бараніў маладога творцу. Вядомае і выказванне класіка прыгожага пісьменства пра тое, што такіх лірыкаў, як Хадыка, «у нас не так ужо і многа».
Жыў у Мінску Уладзімір Хадыка па завулку Даўгабродскім, там і быў арыштаваны. 3 кастрычніка 1937-га прайшло пасяджэнне спецкалегіі Вярхоўнага Суда БССР пад старшынством Васіля Карпіка. Уладзіміра Хадыку на дзесяць гадоў пазбавілі волі, яшчэ на пяць гадоў паражэння грамадзянскіх правоў пасля адбыцця пакарання ў папраўча-працоўных лагерах. «Я нёс знясіленага таварыша ў час снежнага бурану сібірскім стэпам, я плакаў над маленькім лісточкам, з якога даведаўся, што каменная глыба раздушыла майго таварыша ў вапняным кар’еры 1 ліпеня 1940 года, — піша Станіслаў Шушкевіч, які сустракаўся з У. Хадыкам у часе зняволення. — Я ведаю, што спрадвечную батрачку Зосю, маці паэта, выгналі з кватэры сына і на старасці год яна пайшла па людзях шукаць прытулку.
Я ведаю, што засталася бяздомнай жонка паэта Фаіна з невялічкім сынам Уладзікам на руках.
О, якая трагедыя! Гэтую ж няшчасную жанчыну выдаў былы царскі падпалкоўнік Галакціён Венядзіктавіч нямецкім фашыстам, і яе расстралялі як жонку савецкага паэта. Той Галакціён, у якога бацька паэта Марцін быў фурманам, вартаўніком, парабкам.
Сярод попелу тысяч невіноўных людзей каля вёскі Трасцянец ляжыць попел сямігадовага Уладзіміра Уладзіміравіча Хадыкі, сына паэта...» (Шушкевіч С. Вяртанне ў маладосць. Мн., 1968. — С. 85-86).
Непадалёку ад Рудзенска — і Варонічы, радзіма паэта Генадзя Кляўко. Там 1 мая 1932 года ў сялянскай сям’і нарадзіўся гэты яркі творца. Пасля заканчэння Рудзенскай сярэдняй школы (1950) паступіў на філфак Беларускага дзяржуніверсітэта імя У. І. Леніна. З 1954-га, заканчваючы вучобу, адначасова стаў працаваць у рэдакцыі газеты «Калгасная праўда» (цяпер «Белорусская нива»). У 1961-73 гадах — літсупрацоўнік, адказны сакратар часопіса «Вожык». У 1973-78-м — намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Полымя». Член СП СССР з 1964 года. Узнагароджаны медалём. Памёр 21 жніўня 1978 года. Упершыню з вершамі ў рэспубліканскім друку выступіў у 1950 годзе. Аўтар зборнікаў вершаў «Абветраныя далягляды» (1962), «Сто крокаў» (1967), зборнікаў вершаў і паэм «Прыстань» (1974), «Плуг» (1978), «Вязьмо» (1984), зборнікаў гумарыстычных вершаў і мініяцюр «Лайдак і кнопкі» (1964), «Каб не сурочыць» (1971), «Што праўда, то не грэх...» (1971), «Падкова над парогам» (выбранае, 1979). Для дзяцей выдаў кніжку вершаў «Першы салют» (1964). Перакладаў на беларускую мову творы пісьменнікаў народаў СССР. У 1975-м у яго перакладах выйшаў зборнік паўднёва-асецінскай паэзіі «Трубіць алень».
Шалягі, Цітва, Варонічы... Простыя, шараговыя вясковыя паселішчы, а колькі розных літаратурна-мастацкіх артэфактаў звязана з іх гісторыяй. І так — не толькі на Рудзеншчыне, Пухавіччыне, але і па ўсёй Беларусі!.. Не забыліся б нашы нашчадкі пра гэтыя ўнікальныя адрасы літаратурнай памяці.
Алесь КАРЛЮКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/ales-karlyukevich
[2] https://zviazda.by/sites/default/files/gr-05-2021_small_1.pdf
[3] https://zviazda.by/be/tags/golas-radzimy
[4] https://zviazda.by/be/tags/spadchyna