З Кішынёва прыйшла тужлівая вестка: не стала Уладзіміра Вайцэховіча — ветэрана вайны, аднаго з актывістаў беларускай дыяспары ў Малдове.
Напісаў нам у рэдакцыю, што памёр ветэран, ягоны паплечнік па грамадскай рабоце ў беларускай суполцы мастак Вячаслаў Ігнаценка: «Наш зямляк, якім усе беларусы Малдовы ганарыліся, адышоў у вечнасць 28 сакавіка».
Вячаслаў згадвае: падрабязна пісаў пра старэйшага сябра ў тэксце «Музей пад вінаграднымі лозамі» (20.05.2010). Уладзімір Вайцэховіч нарадзіўся 10 мая 1924 года ў вёсцы Скобраўка, што на Пухавіччыне. Абараняў Маскву, камандаваў узводам мінамётнай роты пад Сталінградам, дзе атрымаў і першы ордэн, Чырвонай зоркі, і першую кантузію. У складзе 144 палка пад камандаваннем Васіля Маргелава прайшоў з жорсткімі баямі да Вены. І ў пасляваенны час ветэран доўга заставаўся ў страі: стаў доктарам тэхнічных навук, працаваў у Аграрным універсітэце, быў Ганаровым грамадзянінам Рэспублікі Малдова. Пры дапамозе моладзі, студэнтаў у памяць пра гвардзейцаў, ветэранаў 49-й Херсонскай Чырванасцяжнай ордэна Суворава дывізіі стварыў музей — пра тое і быў аповед у публікацыі.
Аднак, паведамляе Вячаслаў Ігнаценка, і музея таго ўжо няма: тэрыторыю двара, дзе ён быў, гарадскія ўлады, кажуць, прадалі пад новае будаўніцтва: «Актывісты дыяспары раней выходзілі на гарадскія улады, але ж нам не далі музей прыватызаваць, каб стаў уласнасцю Вайцэховіча, а потым і дыяспары. Вось і аказаўся музей — нічый».
Рыгор ГАРЭШКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/sites/default/files/gr-05-2021_small_1.pdf
[2] https://zviazda.by/be/tags/golas-radzimy
[3] https://zviazda.by/be/tags/veteran
[4] https://zviazda.by/be/tags/sumnaya-vestka
[5] https://zviazda.by/be/tags/kishynyou