Акцёр тэатра і кіно Аляксандр Кашпераў 11 чэрвеня будзе святкаваць свой 75-ы дзень нараджэння. І з нагоды прыгожай даты ў эфіры «Беларусь 3» для прыхільнікаў творчасці майстра падрыхтавалі падарункі. Тут чакаецца паказ фільма «Кветкі правінцыі» і спецыяльны выпуск праекта «Майстры і куміры» з удзелам заслужанага артыста Беларусі.
У творчай біяграфіі Аляксандра Барысавіча сёння — дзясяткі роляў на тэатральнай сцэне і ў кіно. Напрыклад, у Рэспубліканскім тэатры юнага гледача акцёр дэманстраваў свой талент у такіх спектаклях, як «Чаму ж мне не пець», «З каханымі не разлучайцеся», «Зялёная птушка», а ў Тэатры-студыі кінаакцёра яго ведаюць па пастаноўках «Гамлет», «Шчаўкунок», «Таленты і прыхільнікі», «Пігмаліён» і многіх іншых.
Кінааматары могуць згадаць яго шматлікія ролі, сярод якіх удзел у карцінах «Вянок санетаў», «Сустрэча ў канцы зімы», «Наш чалавек у Сан-Рэма», «Дняпроўскі рубеж» і г. д. Яго лічаць тым акцёрам, які здольны ўвасобіць самыя розныя вобразы і праўдзіва перадаваць характары сваіх герояў.
Фільм «Кветкі правінцыі», у акцёрскім саставе якога задзейнічаны і Аляксандр Кашпераў, быў зняты рэжысёрам Дзмітрыем Зайцавым на кінастудыі «Беларусьфільм».
Стужка ўбачыла свет у 1994 годзе і была адзначана рознымі ўзнагародамі. Асновай карціны стаў аўтабіяграфічны раман беларускага пісьменніка Георгія Марчука, у якім закранаюцца вострыя экалагічныя праблемы вёскі, паказваецца прыклад сталення чалавека і пошук ім свайго месца ў дарослым жыцці і ў вялікім свеце.
Здымкі праходзілі на радзіме аўтара — у Давыд-Гарадку і ў Пінску.
Жыццёвая і месцамі драматычная гісторыя расказвае пра маладога паэта, які спрабуе знайсці адказы на важныя для яго пытанні, у прыватнасці, чаму загінула маці? Развязку кінагісторыі зможам убачыць на «Беларусь 3» ужо ў наступную пятніцу.
Алена ДРАПКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/teletydzen
[5] https://zviazda.by/be/tags/akcyor
[6] https://zviazda.by/be/tags/yubiley
[7] https://zviazda.by/be/tags/belarus-3-2
[8] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-kashperau