У нашай краіне праект рэалізуецца Беларускай чыгункай і ААТ «Расійскія чыгункі» ў рамках Года народнага адзінства, ён прымеркаваны да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Праект ажыццяўляецца пры падтрымцы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і актыўным садзейнічанні Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра. Унікальны перасоўны музей «Цягнік Перамогі» будзе курсіраваць па Беларускай чыгунцы з 11 па 28 чэрвеня, паведамляе прэс-цэнтр магістралі.
З 11 па 13 чэрвеня экспазіцыя будзе знаходзіцца ў Мінску, 14-15 чэрвеня яе змогуць наведаць жыхары Оршы, 16-17 чэрвеня — Віцебска. 18 чэрвеня цягнік зробіць прыпынак у Полацку, 19-20 чэрвеня экспазіцыя будзе даступная для прагляду жыхарам Гродна. У Брэсце «Цягнік Перамогі» будзе знаходзіцца з 21 па 24 чэрвеня, жыхары Гомеля змогуць пабываць у музеі 25-26 чэрвеня, а завершыцца паказ экспазіцыі ў Магілёве 27-28 чэрвеня — у Дзень вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
«Цягнік Перамогі» — маштабны гісторыка-асветніцкі праект, створаны ў Расійскай Федэрацыі камандай творчай майстэрні «Неўскі баталіст» сумесна з медыягрупай «Чырвоны квадрат», пры падтрымцы Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Расійскай Федэрацыі, ААТ «Расійскія чыгункі» і грамадскай арганізацыі «Валанцёры Перамогі» ў рамках святкавання 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў і правядзення Года памяці і славы ў Расіі.
У першы рэйс цягнік адправіўся з Беларускага вакзала Масквы ў кастрычніку 2020 года. За час працы музей наведалі ўжо каля 92,5 тысячы чалавек з 38 гарадоў Расійскай Федэрацыі.
Дадзены праект уяўляе сабой унікальную інтэрактыўную экспазіцыю, заснаваную на «эфекце прысутнасці», якая прысвечана подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і створана на базе вагонаў перасоўнага выставачна-лекцыйнага комплексу.
Састаў «Цягнік Перамогі» ўключае 12 вагонаў, 9 з якіх — экспазіцыйныя. Экспазіцыя аднаго з іх прысвечана подзвігу абаронцаў Брэсцкай крэпасці — удзельнікам гераічнай абароны, салдатам і камандзірам Чырвонай Арміі, а таксама жанчынам і дзецям — членам сем’яў ваеннаслужачых, якія прынялі першы ўдар нямецкіх войскаў на сябе.
Сімвалічна, што «Цягнік Перамогі» з вагонам, які распавядае аб подзвігу абаронцаў Брэсцкай крэпасці 22 чэрвеня, у дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны, будзе знаходзіцца ў Брэсце.
У аснове экспазіцыі — трохмерныя панарамы: маляўнічыя палотны, макеты ў натуральную велічыню і шмат прадметнага плана на адлегласці выцягнутай рукі. Маршрут па «Цягніку Перамогі» — гэта пераход ад аднаго эпізоду да іншага. Перадваенныя гады — Вялікая
Айчынная — Перамога. На сённяшні дзень у музеях свету няма такой колькасці шматфігурных кампазіцый у скульптуры.
Экспазіцыя ўнікальная і сваім мультымедыйным суправаджэннем. Акрамя таго, у ёй выкарыстоўваецца аб’ёмны гук, тэатральнае асвятленне, механічныя спецэфекты, датчыкі прысутнасці, галаграмы, панарамы баёў у віртуальнай рэальнасці (VR), кіназдымка гістарычных рэканструкцый, трохмерная камп’ютэрная графіка з мадэлямі ваеннай тэхнікі. Для кожнай зоны экспазіцыі спецыяльна напісаная свая музыка.
Сплаў класічнага і сучаснага падыходаў дапаўняецца ўнікальным расповедам галоўнага героя — машыніста Лідзіі, ад якой вядзецца апавяданне. Лідзія — не проста аўдыягід— гэта зборны вобраз пакалення, юная савецкая дзяўчына. Яе лёс — гэта лёс краіны. Лідзія дзеліцца ўспамінамі, сямейнай гісторыяй, вопытам пераадолення, вопытам Перамогі. У 1941-м ёй дзевятнаццаць: яна пайшла па слядах бацькі і стала машыністам паравоза. Разам з Лідзіяй наведвальнікі праходзяць шлях ад Гомеля да Масквы, ад Сталінграда да Берліна.
Правобразам галоўнага героя стала Алена Чухнюк — машыніст лакаматыўнага дэпо Гомель, якая вадзіла ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны воінскія эшалоны са зброяй і боепрыпасамі да лініі фронту, а голасам Лідзіі стала заслужаная артыстка Расійскай Федэрацыі Кацярына Гусева.
Усе рашэнні, якія выкарыстоўваюцца ў экспазіцыі, дазваляюць паказаць маштаб падзей, прадставіць подзвіг савецкага народа. Лёсы гістарычных асоб і простых людзей, партрэты легендарных асоб і вобразы малавядомых творцаў Перамогі — ваенных, вучоных, чыгуначнікаў, медыкаў — паўстаюць у экспазіцыі цягніка-музея.
Праект «Цягнік Перамогі» з’яўляецца сацыяльным як у Расійскай Федэрацыі, так і ў Рэспубліцы Беларусь. Час работы экспазіцыі з 10.00 да 20.00. Перапынак з 14.00 да 15.00. Экспазіцыя рэкамендавана да наведвання дарослымі і дзецьмі з 12 гадоў.
У адным вагоне «Цягніка Перамогі» адначасова могуць знаходзіцца не больш за дзесяць наведвальнікаў, час праслухоўвання аўдыягіда складае пяць хвілін, агульны час экскурсіі — 45 хвілін.
У сувязі абмежаванай прапускной здольнасцю цягніка і эпідэміялагічнай сітуацыяй наведванне экспазіцыі будзе ажыццяўляцца толькі арганізаванымі групамі жыхароў рэгіёнаў па запрашальных білетах, распаўсюджваюцца сярод арганізацый і навучальных устаноў краіны мясцовымі органамі выканаўчай улады.
Работа экспазіцыі «Цягнік Перамогі» будзе арганізавана з улікам рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя па прафілактыцы і папярэджанні распаўсюджвання вірусных інфекцый. Наведвальнікі абавязаны выконваць масачны рэжым.
Падчас агляду экспазіцыі дазволена фота- і відэаздымка.
Акрамя таго, на сайце праекта поездпобеды.рф усе ахвотнывя могуць здзейсніць віртуальны тур па экспазіцыі музея.
Плануецца, што экспазіцыю «Цягнік Перамогі» ў Беларусі наведаюць больш за 16 тысяч чалавек.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rasolka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/cyagnik-peramogi
[4] https://zviazda.by/be/tags/vyalikaya-aychynnaya-vayna
[5] https://zviazda.by/be/tags/muzey
[6] https://zviazda.by/be/tags/belaruskay-chygunka