Мабыць, надышоў ужо час выказвацца беларускім мастакам пра сённяшнюю «кавідную» ізаляцыю, якая парушыла для многіх звыклыя жыццёвыя стэрэатыпы. Але падступіцца да гэтай тэмы вельмі складана. Як рэфлексаваць пра надзённае? З якой інтанацыяй і з якім пасылам?
Выстава «з кладоўкі» — так назваў вядомы віцебскі скульптар Сяргей Сотнікаў персанальную экспазіцыю для праекта «Імунітэт», што адкрылася ў крэатыўнай прасторы Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва на Талстога, 7. Тут яго гіпсавая студэнцкая пластыка, мадэлі да помнікаў, скульптурныя работы, зробленыя сумесна са студэнтамі Віцебскага мастацка-графічнага факультэта, — зрэшты, усё тое, што звычайна застаецца схаваным ад гледачоў у сценах майстэрні.
Гіпсавыя злепкі — недаацэнены матэрыял, які звыкла лічыцца прамежкавым у скульптуры, — у Сяргея Сотнікава нечакана выразна «агучылі» ідэю ізаляцыі і імунітэту ад яе. Медыцынская маска на гламурнай белізне гіпсавых твараў — аўтарскі крэатыў і выразны адсыл да сённяшняй абязлічанасці. Скульптурныя бюсты з надзетымі на іх маскамі зліваюцца ва ўяўленні прысутных у адзіны візуальны шэраг, у якім адсутнічае галоўнае — чалавечая індывідуальнасць. І невялікі перформанс, калі мастак сам адкрывае твары сваіх гіпсавых герояў, вяртае да рэальнасці і натуральнасці чалавечых пачуццяў.
Работы з выставы Сяргея Сотнікава асабіста я ўбачыла анлайн. Як і многія іншыя. І гэта не засмучае. Сёння шмат што анлайн: падзеі, сустрэчы, нават пачуцці... Жыццё па-за межамі рэальнасці. Эмоцыі схаваны за медыцынскімі маскамі. «Кавідныя» нюансы ва ўзаемаадносінах са светам...
Сённяшняе мастацтва ўвогуле існуе ў новай парадыгме — інфармацыйнай усёахопнасці інтэрнэт-сетак. За час каранціну ў сусвеце з'явілася нямала прыкладаў «уцёкаў» ад сітуацыі праз мастацтва, а разам з тым — і спроб справіцца з дапамогай творчасці. Шматлікія фэйсбук-чэленджы для мастакоў і ілюстратараў, запускі ў анлайн-фармаце выстаў, галерэй і нават аўкцыёнаў — культурны і крэатыўны сектары прыцягнулі ўвесь арсенал мастацкіх інструментаў і «выціснулі» з пандэміі многа арыгінальных формаў і прадуктаў.
Дарэчы, на розных этапах гісторыі чалавецтва здараліся маштабныя эпідэміі, на многія з якіх жыва рэагавала выяўленчае мастацтва. Змрочнымі сюжэтамі чумы, як у Пітэра Брэйгеля ў «Плясках смерці». Рэлігійнымі карцінамі, як у Тыцыяна, які, даглядаючы за хворым на чуму сынам (дарэчы, мастак заразіўся ад яго і хутка памёр у майстэрні), напісаў сваю апошнюю карціну «П'ета». Жывапісным экспрэсіянізмам Эдварда Мунка, як водгулле жаху перад іспанкай. Канцэптуальнымі кампазіцыямі амерыканца Хіта Харынга, хворага на СНІД. Войны і эпідэміі, подзвіг і боль — тэмы надзвычаных чалавечых эмоцый заўжды хвалявалі мастакоў, а сродкі выяўлення былі адпаведнымі часу.
Сёння каранавірус таксама канцэптуальна змяняе пасыл мастацкай творчасці. Два гады таму арт-крытыкі паглыбляліся ў сэнс праекта Маўрыцыа Катэлана «Камедыянт» (банан, прылеплены скотчам да сцяны, быў прадстаўлены на Арт-Базелі ў 2019 годзе і прададзены за 120 тысяч долараў). Сёння праект Пушкінскага музея выяўленчых мастацтваў «Медыякарантын» прапаноўвае слухаць цішыню ўнутры сябе, распавядаць пра іншы бок сну, рэфлексаваць пра знешнюю і ўнутраную свабоду. Альбо заняцца перфарматыўнымі практыкамі, няхай сабе і ў віртуальнай прасторы, як іранскі мастак Хамід Эбрахімніа, які акружае Пізанскую вежу гіганцкімі апаратамі ШВЛ і закрывае Эйфелеву вежу тканінай.
Выставачны праект Сяргея Сотнікава ў пэўнай ступені прарывае ў беларускім мастацтве заслону творчага маўчання і абазначае гатоўнасць нашых мастакоў да аўтарскага выказвання на тэму пандэміі і нашых гледачоў да яе ўспрымання ў такім кантэксце. Ну, а праект «Ізаляцыя» ў Віцебску будзе працягвацца. І вельмі цікава, як гэтую тэму будуць агучваць іншыя ўдзельнікі праекта.
Наталля ШАРАНГОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/vyyaulenchae-mastactva
[3] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[4] https://zviazda.by/be/tags/mastactva
[5] https://zviazda.by/be/tags/karanavirus
[6] https://zviazda.by/be/tags/mastaki