Вядома, пасля нараджэння дзіцяці жыццё яго маці і таты ўжо ніколі не будзе ранейшым — яны штохвілінна нясуць адказнасць. А яшчэ бацькі могуць стаць для сваіх дзяцей як найлепшым, так і найгоршым прыкладам для пераймання. Дзеці «люстэраць» наша стаўленне да самога жыцця. Летнія канікулы — час павышанай насцярогі з боку дарослых. А яшчэ — час цвяроза ацаніць, ці робім мы ўсё магчымае для бяспекі нашых дзяцей. Па вопыце мінулых гадоў, адзначаюць спецыялісты, даволі часта пагроза для жыцця і здароўя непаўналетняга абумоўлена няправільнымі, неабачлівымі паводзінамі саміх дарослых з ліку родных, якія наглядаюць за дзецьмі.
Хацеў пасмажыць шашлыкі
Як гэта — аказацца па той бок навіны ў выпуску надзвычаных здарэнняў, цяпер будзе горка ўспамінаць 24-гадовы мазыранін. Мужчыну і яго аднагадовую дачку 5 чэрвеня шпіталізавалі з апёкамі. Дзіця трапіла ў рэанімацыю.
— Было ўстаноўлена, што сямейная пара з дзіцем адпачывала на тэрыторыі гаражнага спажывецкага кааператыва «Мужчынская тэрыторыя», — каменціруе выпадак афіцыйны прадстаўнік Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Ксенія Шынгірэй. — Бацька, 1997 года нараджэння, распаліў мангал для смажання шашлыкоў. Потым узяў на рукі сваю дачку 2020 года нараджэння і вырашыў дадаць вадкасць для распальвання ў мангал. У гэты момант пластыкавая бутэлька трэснула, вадкасць трапіла на мужчыну і дзіця, адбылося ўзгаранне. Пры дапамозе падручных сродкаў мужчына збіў полымя з сябе і дачкі. Пасля чаго на асабістым аўтамабілі разам з жонкай самастойна прывезлі дзіця ва ўстанову аховы здароўя «Мазырская цэнтральная гарадская бальніца». З дыягназам «тэрмічныя апёкі 12 % цела» мазыранін быў шпіталізаваны ў траўматалагічнае аддзяленне, яго дачка з дыягназам «тэрмічныя апёкі 13 % цела» была шпіталізавана ў рэанімацыйнае аддзяленне.
Трагедыя ў Мінскай вобласці
Увечары 6 чэрвеня ратавальнікам паступіла паведамленне аб тым, што ў вадаём паблізу аграгарадка Хацюхова Крупскага раёна ўпала 14-гадовая дзяўчынка.
Пазней было ўстаноўлена, што разам з сястрой і сяброўкай яна ішла ўздоўж возера, паслізнулася і ўпала ў ваду. На дапамогу кінуўся мужчына, які стаў сведкам здарэння. Ён выцягнуў дзяўчынку з вадаёма, але ўжо без прыкмет жыцця. Нягледзячы на намаганні ўрачоў, якія спрабавалі рэанімаваць дзіця, дзяўчынка памерла па дарозе ў бальніцу. Па даным факце следчыя Крупскага раённага аддзела Следчага камітэта праводзяць праверку, прызначана судова-медыцынская экспертыза, высвятляюцца ўсе абставіны трагедыі.
Між тым у гэтыя выхадныя следчыя не адзін раз выязджалі на агляды месцаў здарэнняў, дзе патанулі дзеці. За пару дзён загінулі школьнікі ў Віцебску, Брэсцкай і Мінскай абласцях.
Аб уважлівасці і асцярожнасці падчас знаходжання непаўналетніх на вадаёмах чарговы раз нагадваюць супрацоўнікі дзяржаўных службаў і ведамстваў, якія нясуць адказнасць за прафілактыку гібелі дзяцей ад знешніх прычын. Што робяць яны, каб восенню, пасля канікул, дзеці вярнуліся за школьныя парты жывыя, цэлыя і здаровыя? У прыватнасці, на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх Гомельскага аблвыканкама на пачатку летніх канікулаў разгледзелі ўсе хвалюючыя пытанні. Аб планах прафілактычнай работы расказалі кіраўнікі абласных упраўленняў МНС, ДАІ, Таварыства ратавання на водах.
— Акрамя таго, зацверджаны планы па забеспячэнні бяспекі жыццядзейнасці дзяцей і падлеткаў на перыяд школьных канікул у кожным раёне вобласці, — расказаў намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Гомельскага аблвыканкама Яўген Міткевіч, — мы працуем над тым, каб не дапусціць знаходжання непаўналетніх на тэрыторыі збудаванняў у закінутым альбо ў недабудаваным выглядах. Супрацоўнікамі МНС будуць ажыццяўляцца адпаведныя рэйды па такіх аб'ектах. Акрамя гэтага, кіраўніцтва прадпрыемстваў, на балансе якіх ёсць падобныя аб'екты, таксама нясе адказнасць за тое, каб не дапусціць на тэрыторыі дзяцей.
Што датычыцца бяспекі на вадзе, адзначыў Яўген Міткевіч, то складзены графікі выездаў міжведамасных брыгад па справах непаўналетніх. Таксама педагогі школ, якія размешчаны каля вадаёмаў, будуць весці дзяжурствы. На кантролі бацькоўскіх і настаўніцкіх патрулёў — знаходжанне падлеткаў у грамадскіх месцах, папулярных у моладзі. Акрамя гэтага, у рэгіёне суб'екты прафілактыкі правялі агляд усіх дзіцячых пляцовак, каб ацаніць бяспеку ў гульнявых зонах. Гэтая практыка працягнецца і далей.
Аварыі з удзелам дзяцей
Страшная бяда адбылася ў нядзелю на Магілёўшчыне. Сям'я мінчан з малым дзіцем трапіла ў аварыю — загінулі ўсе, хто быў у машыне: маці, бацька, малое і бабуля.
«6 чэрвеня каля 13.28 у Магілёўскім раёне 36-гадовая жыхарка горада Мінска, калі кіравала аўтамабілем Cіtroёn Xantіa па аўтадарозе Магілёў — Чэрыкаў — Касцюковічы (паблізу вёскі Шчэжар 1) і рухалася ў бок горада Магілёва, падчас здзяйснення абгону выехала на паласу сустрэчнага руху і здзейсніла сутыкненне з грузавым аўтамабілем MAN, які рухаўся насустрач. У выніку дарожна-транспартнага здарэння кіроўца Cіtroёn і пасажыры, якія ехалі з ёй (жанчына 65 гадоў, мужчына 40 гадоў і дзяўчынка 2 гадоў), загінулі. Усе яны мінчане», — расказала журналісту «Звязды» інспектар аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама Вольга Вяршубская.
Інспектар заўважыла, што пакуль дакладна невядома, дзе менавіта выехала на паласу сустрэчнага руху кіроўца легкавога аўтамабіля, бо ў гэтым месцы ёсць і перарывістая, і суцэльная, і двайная суцэльная лініі гарызантальнай дарожнай разметкі.
«На дадзены момант (7 чэрвеня. — «Зв.») на 100 працэнтаў вядома толькі, што яна выехала на паласу сустрэчнага руху, дзе адбылося сутыкненне, — сказала Вольга Вяршубская. — Экспертыза яшчэ не завершана. На гэтым участку дарога мае дзве паласы руху — па адной у кожным кірунку, акрамя таго — «кішэню» для аўтобуснага прыпынку і пашырэнне перад перакрыжаваннем».
Прадстаўніца дарожнай аўтаінспекцыі дадала, што Cіtroёn быў абсталяваны дзіцячым крэслам, але гэта не выратавала дзіця.
«Мы звяртаемся да кіроўцаў: калі кіруеце транспартным сродкам, праяўляйце максімальную ўвагу і асцярожнасць, не здзяйсняйце рызыкоўных манеўраў, асабліва калі ў аўтамабілі знаходзяцца малыя! Падчас канікулаў колькасць дзяцей на дарогах павялічваецца і сярод пасажыраў, і сярод пешаходаў. Адмоўцеся ад любой рызыкі на дарозе! Не спяшайцеся, не адцягвайце ўвагу ад сітуацыі на праезнай частцы! Любая спешка можа стаць трагедыяй», — сказала яна.
Таксама ў мінулыя выхадныя ў Лельчыцкім раёне Гомельшчыны 28-гадовы кіроўца аўтамабіля на адной з вуліц райцэнтра збіў 9-гадовую дзяўчынку на веласіпедзе. Паводле папярэдняй інфармацыі, яна раптоўна выехала на праезную частку, каб пераехаць на другі бок вуліцы. З траўмамі дзяўчынка была дастаўлена ў бальніцу.
Праблема дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму знаходзіцца на асаблівым кантролі ў супрацоўнікаў ДАІ на працягу ўсяго навучальнага года і асабліва ў летні перыяд, звяртае ўвагу інспектар аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама Дар'я Ткачова. Традыцыйна перад пачаткам канікул ДАІ праводзіцца маштабная прафілактычная работа па бяспецы дарожнага руху і недапушчэнні гібелі дзяцей на дарогах — акцыі, мерапрыемствы, прафілактычныя гутаркі ў працоўных калектывах. Супрацоўнікі ДАІ рэгулярна нясуць дзяжурства паблізу ажыўленых пешаходных пераходаў і на праблемных участках, дзе часцей за ўсё фіксуюцца ДТЗ. І ўсё ж... За пяць месяцаў бягучага года на тэрыторыі Гомельскай вобласці адбылося 12 ДТЗ з удзелам непаўналетніх, у якіх 11 дзяцей атрымалі траўмы. Адзін выпадак скончыўся трагічна — загінула 6-гадовая дзяўчынка-пешаход. Колькасць ДТЗ з удзелам непаўналетніх узрасла ў Гомелі, Ельскім, Мазырскім і Светлагорскім раёнах вобласці.
— Расказвайце дзецям асноўныя правілы знаходжання на вуліцы і станьце для іх прыкладам безумоўнага выканання правілаў дарожнага руху, — падкрэслівае інспектар Дар'я Ткачова. — Пераходзьце дарогу толькі ў прызначаных месцах, калі выходзіце на праезную частку, спыніце размовы (асабліва па тэлефоне), каб дзіця засвоіла, што пры пераходзе дарогі трэба засяродзіцца і абавязкова паглядзець па баках; ні ў якім разе не прыспешваеце дзіця пры пераходзе дарогі.
Сярод асноўных прычын аварый з удзелам непаўналетніх супрацоўнікі ДАІ вылучаюць таксама нечаканы выхад на праезную частку перад транспартам, выбяганне на дарогу з-за перашкод — кустоў, прыпаркаваных машын.
Заняць справай і аздаравіць
Дарэчы, гэтым летам на Гомельшчыне плануецца аздаравіць у дзіцячых лагерах амаль 41 тысячу дзяцей. У лагерах з кругласутачным знаходжаннем адпачнуць дзевяць тысяч дзяцей, за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту (ЧАЭС) — 2,5 тысячы дзяцей. У лагерах з дзённым знаходжаннем з карысцю правядуць час звыш 29 тысяч дзяцей. У Гомелі падчас летніх канікул плануецца работа 178 прышкольных аздараўленчых лагераў. Напярэдадні праведзена работа па арганізацыі карыснай і канструктыўнай занятасці дзяцей і падлеткаў падчас канікулаў. Непаўналетнія змогуць наведаць установы культуры і спорту.
Будуць працаваць і кругласутачныя аздараўленчыя лагеры па профілях на базе ўстаноў адукацыі і спорту Гомельскай вобласці, у тым ліку восем лагераў працы і адпачынку, а таксама 860 лагераў з дзённым знаходжаннем.
З абласнога бюджэту вылучана больш за 102 тысячы рублёў на патанненне кошту пуцёвак у лагеры з кругласутачным знаходжаннем для дзяцей супрацоўнікаў бюджэтных арганізацый і на даплату да поўнага кошту пуцёвак для дзяцей са шматдзетных, малазабяспечаных сем'яў і пакінутых без апекі бацькоў, якія выхоўваюцца ў апякунскіх і прыёмных сем'ях.
Наталля КАПРЫЛЕНКА,
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva
[2] https://zviazda.by/be/author/natallya-kaprylenka
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/zdarenni
[5] https://zviazda.by/be/tags/nadzvychaynae-zdarenne
[6] https://zviazda.by/be/tags/mns
[7] https://zviazda.by/be/tags/darya-tkachova
[8] https://zviazda.by/be/tags/volga-vyarshubskaya
[9] https://zviazda.by/be/tags/yaugen-mitkevich
[10] https://zviazda.by/be/tags/kseniya-shyngirey