Ці ведалі вы, што, аказваецца, мужчыны з пузам самыя прывабныя для жанчын у бягучым годзе? («— Ты такая шчырая са мной. — З чаго ты ўзяў? — Ну дык ты ж жывот не ўцягваеш».) Прынамсі, гэта вынікае з апытання на адным з сайтаў знаёмстваў. У даследаванні ўзялі ўдзел дзве тысячы вольных жанчын, 75 працэнтаў з якіх хацелі б пачаць адносіны з мужчынам, чыя фігура ў сеціве атрымала назву Dad Bod («Татава цела»). Для такога целаскладу характэрныя адсутнасць рэльефу цягліц і наяўнасць лішняй вагі ў раёне жывата. («Вяду здаровы спосаб жыцця, а ён за мной ісці не хоча».) «Адзінокія людзі пачынаюць знаходзіць прывабнымі ўсё больш разнастайныя тыпы фігур, бо ведаюць, як цяжка трымаць сябе ў форме падчас пандэміі», — распавяла віцэ-прэзідэнт сайта знаёмстваў Марыя Саліван. («У краму «Заўтра зраблю» завезлі твой плоскі жывот і ўмацаваную «пятую кропку».)
А вось погляд з іншага боку. Поўная дзяўчына, журналістка Касандра Брэба, сустрэлася з худымі і падзялілася высновамі. Па яе словах, вопыт гэты быў пераважна няўдалы, аднак у выніку ёй удалося зразумець, якіх адносін да свайго цела яна чакае ад партнёраў. («— Любы, зрабі мне, калі ласка, бутэрбродзік. Толькі маленькі! — Зраблю, які атрымаецца. Сама абгрызеш да патрэбных памераў».)
Брэба паскардзілася, што мужчыны рэдка звярталі ўвагу на свае «худыя прывілеі». («Жонка — мужу: — Скажы, я тоўстая? — Не, вядома. Але я правільна разумею: скандал усё роўна будзе?») Для ілюстрацыі яна прывяла сітуацыю, якая адбылася ў метро: яе стройны партнёр змог праціснуцца праз натоўп і не падумаў, што ў яго поўнай сяброўкі гэта не атрымаецца. («Калі яна ўбачыла цану на сродак для пахудзення, бровы падняліся так, што складкі на жываце падцягнуліся самі па сабе».) З-за мноства падобных інцыдэнтаў Касандра расчаравалася ў худых людзях і нават пачала ігнараваць іх профілі ў дадатках для анлайн-знаёмстваў, аднак пазней змагла пераадолець крызіс і падзялілася некалькімі рэкамендацыямі. («Сёння скакала на вагах, пакуль стрэлка не ўтрамбавалася каля адзнакі ў 56 кілаграмаў».)
Дзяўчына параіла худым людзям, якія знаходзяцца ў адносінах з поўнымі, звяртаць больш увагі на іх патрэбы. Гэта дапаможа партнёрам адчуваць сябе ў бяспецы, сутыкнуўшыся з крытыкай іншых людзей. Аматарка анлайн-знаёмстваў адзначыла, што для яе важна ведаць, што партнёр на яе баку. («Найлепшая з дыет — гэта замужжа. Выйшла замуж — можна есці пасля шасці».) Касандра таксама парэкамендавала стройным людзям звярнуць увагу на свае перавагі і заняцца самаадукацыяй.
На думку Брэба, апошняе дапаможа ім зразумець, што кожны дзень перажываюць іх поўныя партнёры і які вопыт гэта фарміруе. («Яна сказала: «Ты быў пустой тратай маёй касметыкі».) Журналістка ўпэўненая, што сябры поўных людзей павінны заўсёды спыняць крытычныя выказванні ў іх адрас, нават калі іх партнёраў няма побач. Акрамя таго, на думку журналісткі, людзі з лішняй вагой маюць асаблівую патрэбу ў дотыках, таму што грамадства пастаянна крытыкуе іх цела і дае ім зразумець, што яны не выглядаюць жаданымі. («— Для жанчыны секс — найлепшае лякарства. — А калі не дапамагае? — Павялічце дозу».)
Ёсць і іншае стаўленне да вагі. Поўная гумарыстка з Аўстраліі Селеста Барбер спецыялізуецца на пародыях фатаграфій «зорак» і знакамітых манекеншчыц. («У мяне атрымалася не толькі захаваць сваю дзявоцкую фігуру, але і ўдвоіць яе».) З-за таго, што фігура ў жанчыны-коміка далёка не мадэльная, атрымліваецца смешна. («Прыгожая зграбная брунетка пазнаёміцца з сімпатычным маладым чалавекам. Мне 19 гадоў і 134 месяцы».) Апошняй «ахвярай» аўстралійкі стала брытанка Эфі Кэтнер. На арыгінальнай фатаграфіі тая пазіруе побач з аўтамабілем з адкрытым багажнікам. Дзяўчына ў мудрагелістым бікіні і панчохах элегантна закінула правую нагу на аўто. Селесце пра такую грацыю застаецца толькі марыць. (Аб'ява: «180 — 120 — 180. Шукаю работу па ўкладцы шпал. Інтым не прапаноўваць».)
Але, нягледзячы на ўсе адрозненні ад арыгінала, кадр гумарысткі выклікае нашмат больш эмоцый. («Здрада з клоўнам — і смех, і грэх».) Стоячы ў гольфах на адной назе, жанчына ледзь захоўвае раўнавагу, але працягвае трымаць сур'ёзны твар. Дызайн бікіні таксама паўтораны «ідэальна». У версіі Барбер ён стаў белы, а чорныя стужкі замяніў скотч. За паўдня пост ацаніла больш за 300 тысяч чалавек. Зрэшты, нядаўні фотаздымак Селесты ў вобразе Бэлы Хадыд набраў больш за паўмільёна лайкаў. («У загсе прызначаюць дату вяселля на месяц наперад, каб нявеста магла пахудзець».)
Як і заўсёды, фанаты ў захапленні ад самаіроніі жанчыны. («Добры апетыт прыходзіць падчас ежы, а выдатны — падчас дыеты».) Іншыя заўважылі, што Барбер так налаўчылася ў сваіх работах, што са скотча цяпер можа «зляпіць» любое адзенне. Не трэба спыняцца на бікіні — лепш адразу рабіць цэлую калекцыю. («Мужчыны ўвесь час бегаюць або за «харошанькімі», або ад «страшненькіх».)
Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/kastus-hacelau-zmagelau
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/sex-balyasy
[4] https://zviazda.by/be/tags/muzhchyna-z-puzam
[5] https://zviazda.by/be/tags/sayt-znayomstvau
[6] https://zviazda.by/be/tags/dad-bod
[7] https://zviazda.by/be/tags/tatava-cela
[8] https://zviazda.by/be/tags/relef-cyaglic
[9] https://zviazda.by/be/tags/lishnyaya-vaga
[10] https://zviazda.by/be/tags/typy-figur
[11] https://zviazda.by/be/tags/ploski-zhyvot
[12] https://zviazda.by/be/tags/pyataya-kropka-1
[13] https://zviazda.by/be/tags/pounaya-dzyauchyna
[14] https://zviazda.by/be/tags/kasandra-breba
[15] https://zviazda.by/be/tags/stroyny-partnyor
[16] https://zviazda.by/be/tags/hudyya-lyudzi
[17] https://zviazda.by/be/tags/anlayn-znayomstvy
[18] https://zviazda.by/be/tags/lepshaya-z-dyet
[19] https://zviazda.by/be/tags/pounaya-gumarystka
[20] https://zviazda.by/be/tags/australiya
[21] https://zviazda.by/be/tags/selesta-barber
[22] https://zviazda.by/be/tags/fatagrafii-zorak
[23] https://zviazda.by/be/tags/znakamityya-manekenshchycy
[24] https://zviazda.by/be/tags/dzyavockaya-figura
[25] https://zviazda.by/be/tags/zgrabnaya-brunetka
[26] https://zviazda.by/be/tags/efi
[27] https://zviazda.by/be/tags/ketner
[28] https://zviazda.by/be/tags/aryginalnaya-fatagrafiya
[29] https://zviazda.by/be/tags/adkryty-bagazhnik
[30] https://zviazda.by/be/tags/vychvarnae-bikini
[31] https://zviazda.by/be/tags/panchohi
[32] https://zviazda.by/be/tags/golfy
[33] https://zviazda.by/be/tags/zahouvac-raunavagu
[34] https://zviazda.by/be/tags/suryozny-tvar
[35] https://zviazda.by/be/tags/skotch
[36] https://zviazda.by/be/tags/bela-hadyda
[37] https://zviazda.by/be/tags/samaironiya-zhanchyny
[38] https://zviazda.by/be/tags/data-vyasellya
[39] https://zviazda.by/be/tags/dobry-apetyt